Нашчадкі палякаў паміраюць за Украіну. Іх сем'і просяць амбасаду Польшчы пра дапамогу


«Мы просім Польшчу пра дапамогу ў выратаванні памяці пра нашых сыноў і пакаранні расейскіх злачынцаў, якія іх забілі», – звярнуліся на сустрэчы да пасла Польшчы ва Украіне Яна Пеклы сем’і 20 украінскіх жаўнераў польскага паходжання, якія загінулі ў Данбасе.

Госці суботняй сустрэчы прынеслі з сабой у амбасаду здымкі загінулых мужоў і сыноў, а таксама польскія памятныя сямейныя рэчы. Яны ахвотна паказвалі польскім дыпламатам пасведчанні пра нараджэнне сваіх бабуль і дзядуляў, ваенныя білеты, старыя пашпарты, дзе зазначанае польскае грамадзянства, пасведчанні пра першую Святую Камунію, а таксама лісты і тэлеграмы пачатку XX стагоддзя.

Арганізатары падкрэсліваюць, што ключом да выбару ўдзельнікаў не былі такія крытэрыі, як, напрыклад, карта паляка, а, хутчэй, памяць пра польскіх продкаў.

– Трэба разумець, што сярод тых грамадзянаў Украіны, якія змагаюцца на фронце, ёсць і асобы польскага паходжання. Шмат хто з іх загінуў. Ніхто ніколі не вёў статыстыку, мы не можам вызначыць, пра колькі асобаў ідзе гаворка, – сказала ў размове з Польскім агенцтвам друку дарадчыца Пасольства Йоана Юрэвіч.

Юрэвіч таксама звяртае ўвагу на той факт, што шмат хто з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, распавядаў, што ўдома яны адзначаюць як каталіцкія, так і праваслаўныя святы.

– Афіцыйныя дадзеныя пра палякаў ва Украіне не адлюстроўваюць фактычнай колькасці змешаных сем’яў, якія трымаюцца польскіх традыцыяў, што перадалі іхныя дзяды, – дадала яна.

Перапіс 2001 году паказвае, што ўва ўсёй Украіне жывуць каля 150 000 асобаў польскага паходжання. Аднак, на думку шмат якіх польскіх актывістаў і Рымска-каталіцкай царквы ва Украіне, гэтыя лічбы моцна заніжаныя.

Малітву за тых, хто загінуў, прачытаў ксёндз парафіі Святога Мікалая ў Кіеве Анджэй Рак:

– Аддаць сваё жыццё за іншага чалавека – гэта праява найвялікшай любові. Такой смерцю гінуць жаўнеры, якія паміраюць, абараняючы сваю краіну. Марыя сама была маці, якая ведала пра ахвяру свайго сына, Ісуса Хрыста. Памолімся ёй. Яна вельмі добра разумее ўсіх маці, якія страцілі сваіх дзяцей.

Сярод сем’яў, запрошаных на сустрэчу, была сярод іншых Ніна, маці Ігара Бранавіцкага, абаронцы Данецкага аэрапорту, якога расстралялі ў палоне, Ядвіга Лазінская, чый сын загінуў падчас бітвы пад Ілавайскам, Ірына Камінская, маці Аміны Акуевай, жаўнеркі з польска-чачэнскай сямʼі, якая змагалася з Расеяй, а таксама Вольга і Васіль Ісык.

«На майго сына напалі сепаратысты. Ягоныя дакументы адправілі ў Міжнародны Трыбунал у Гаазе. Можа польскія дэпутаты Еўрапарламенту маглі бы нам дапамагчы ў барацьбе за прызнанне сепаратыстаў ваеннымі злачынцамі?» – запытаў Васіль Ісык.

– Амбасада Польшчы – гэта першае прадстаўніцтва іншай краіны, якое дазволіла нам распавесці пра нашу трагедыю. Для мяне гэта асабліва важна, таму што бацькі маёй жонкі былі палякамі. Бацька ўсё жыццё пражыў у польскім Санаку, а мама зноў выйшла замуж і выехала ў Драгобыч, на тэрыторыі цяперашняй Украіны. Пасляваенныя змены межаў прывялі да таго, што іх дачкі былі прызнаныя савецкай уладай украінкамі, – распавёў ён у інтэрв’ю Польскаму агенцтву друку, паказваючы даваенныя дакументы цесця з цешчай.

Сын Васіля, 30-гадовы Іван Ісык з Драгобычу быў жаўнерам Узброеных сілаў Украіны. 5 верасня 2014 гаду ён апынуўся ў палоне сепаратыстаў, калі яго атрад трапіў у засаду ў ваколіцах вёскі Вясёлая Гара ў Луганскай вобласці.

Ўкраінскіх жаўнераў, якія перажылі бой, здымалі на відэа сепаратысты, а таксама прарасейскі брытанскі журналіст Грэм Філіпс.

На гэтых відэа выразна відаць, што Іван, патрапіўшы ў палон, хадзіў самастойна і адчуваў сябе добра. Але праз пяць дзён, калі Філіпс зрабіў з Іванам інтэрвʼю, які знаходзіўся ў луганскім шпіталі, мужчына, як паказала пазней ускрыццё, меў апёкі, якія пакрывалі больш за 70% цела. На думку бацькоў і ўкраінскіх следчых, апёкі зʼявіліся ў выніку катаванняў. Аднак у акце ўскрыцця, што прадставіла так званая ЛНР, мужчына памёр у шпіталі праз язву страўніка.

Калі праз месяц астанкі жаўнера перавезлі на тэрыторыю, кантраляваную Украінай, аказалася, што ягоныя ўнутраныя органы былі выразаныя, а пасля зашытыя назад у цела.

– Я нават не магу ўявіць, што перажыло маё дзіця перад смерцю. Адзінае, што зʼяўляецца для мяне важным, гэта каб вінаватыя панеслі пакаранне. А ў журналістаў, якія рабілі з ім інтэрвʼю, усведамляючы, што яго катавалі, трэба забраць журналісцкія пасведчанні. Я веру, што Польшча дапаможа нам распавесці паўсюль гісторыю сына, – адзначыў Васіль Ісык.

Канфлікт у Данбасе пачаўся вясной 2014 году, калі сепаратысты з падтрыманнем Крамлю абвесцілі пра ўтварэнне дзвюх так званых рэспублік, Данецкай і Луганскай. З таго часу там загінула больш за 10 тысячаў асобаў.

Новости
Спустя четыре года после наиболее трагической битвы в Донбассе украинские политики спорят об ответственности за поражение
2018.08.30 19:11

Моніка Андрушэўска з Кіеву, belsat.eu

Стужка навінаў