Нашчадкі антыбальшавіцкага «паўстання зялёных» і незнятае кіно


На Браслаўшчыне і Дзісеншчыне «Белсат» сабраў гісторыі былых паўстанцаў, якія вядомыя адзінкам, і даведаўся, чаму яно адбылося 101 год таму не 14-га чэрвеня, а 19-га.

Перадумовы паўстання

З 1917 па 1920 год у гэтых мясцінах дзесяць разоў мянялася ўлада. Адсутнічала дзяржаўнае кіраванне, не дзейнічала заканадаўства. Пастаянная змена ўлады прывяла да таго, што ўзнік крызіс грашовай сістэмы. Цвёрдаю валютай на той час стаў пуд збожжа, якім і карысталіся пры разліках.

Пасля развалу ў выніку рэвалюцыі расейска-германскага фронту шмат вайскоўцаў прадавалі зброю сялянам і пакідалі фронт. У той час амаль кожны вясковы гаспадар меў вінтоўку, а ў некаторых вёсках былі нават кулямёты.

«Часам жыхары суседніх вёсак са зброяй у руках біліся паміж сабой за спрэчныя кавалкі зямлі, – распавядае Кастусь Шыталь, з якім мы падарожнічаем па мясцінах, звязаных з паўстаннем. – Наяўнасць зброі і арганізацыя самаабароны ў такіх умовах была неабходнай для таго, каб абараніць сябе і сваю маёмасць».

Незадаволенасць бальшавіцкаю ўладай

Касцёл у Мёрах. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Найбольшую незадаволенасць вяскоўцаў выклікала бальшавіцкая ўлада, якая ўсталявалася пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года. Напачатку бальшавікі гаспадарылі тут нядоўга: у выніку Берасцейскага міру паміж Германіяй і Савецкай Расеяй гэтыя тэрыторыі былі занятыя нямецкімі войскамі. Пасля таго, як Германія пацярпела паразу ў Першай сусветнай вайне, у лістападзе 1918 года сюды зноў вярнуліся бальшавікі.

«Іх улада пачалася з рабаванняў і спальвання абшарніцкіх маёнткаў – за кароткі час у лістападзе 1918 года ў Дзісенскім павеце было спалена 16 сядзіб, многія з якіх былі каштоўнымі архітэктурнымі помнікамі, і мелі каштоўныя бібліятэкі, зборы твораў мастацтва», – адзначае Кастусь Шыталь.

У гэтых рабаваннях, што падбухторваліся рэўкомамі, часта гінулі зусім невінаватыя людзі. Рэўкомы, або рэвалюцыйныя камітэты, вельмі часта былі ўтвораныя малапісьменнымі людзьмі з нізкімі маральнымі якасцямі, якія займаліся рабаўніцтвам і забойствамі. Такі камітэт быў утвораны і ў Дзісенскім павеце. Ён адзначыўся сваёй жорсткасцю нават з пункту гледжання савецкай улады.

Найбольшы рэзананс выклікала забойства без суда і следства ў красавіку 1919 года некалькіх чалавек, сярод якіх быў вядомы праваслаўны святар з Шаркаўшчыны Канстанцін Жданаў (кананізаваны праваслаўнай царквой у 2011 годзе). Гэтае злачынства яшчэ больш настроіла вяскоўцаў супраць савецкай улады.

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч.
Фота: Вікіпедыя

У красавіку 1919 года польскія войскі занялі Вільню і працягвалі наступленне на ўсход. Гэтая вестка неўзабаве прыйшла на Браслаўшчыну і Дзесеншчыну, дзе актывізавала антыбальшавіцкія настроі. Трэба адзначыць, што сваімі рэквізіцыямі і рабункамі гэтым настроям паспрыялі і самі бальшавікі.

Касцёл у Новым Пагосце – адным з цэнтраў паўстання. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Найчасцей асяродкамі, вакол якіх гуртаваліся паўстанцы, былі каталіцкія парафіі. Вяскоўцы да гэтага мала цікавіліся палітыкай, мелі нізкую нацыянальную самасвядомасць, таму шмат дзе прыход польскага войска чакалі як збаўлення. Прычым не толькі каталіцкае, але і праваслаўнае насельніцтва.

«Насельніцтва пачало ствараць арганізацыі дзеля абароны сваіх правоў і маёмасці, – адзначае краязнаўца Кастусь Шыталь. – У Плюсах, Друі, Мёрах, Іказні, Слабодцы, Новым Пагосце, Дрысвятах і іншых месцах узнікалі «парафіяльныя камітэты», «касцельныя камітэты», «камітэты самаабароны», якія сталі асяродкамі будучага супраціву».

Шмат моладзі, ухіляючыся ад прызыву ў Чырвоную Армію, сышло ў лясы. Гэтыя людзі мелі зброю і распачалі ўзброеную партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў. Іх атрады насельніцтва называла «зялёнай арміяй». Яны не мелі цэнтралізаванага кіраўніцтва і дзейнічалі разрознена.

Помнік святару Канстанціну Жданаву ў Шаркаўшчыне. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Аднымі з першых змаганне з бальшавікамі распачалі сяляне новапагосцкай гміны. Тут па ініцыятыве мясцовага жыхара Ігнацыя Моньскага яшчэ ўвосень 1918 года была створаная мясцовая самаабарона. Яна налічвала каля паўсотні чалавек і змагалася з рознымі рабаўнікамі, а таксама ставіла за мэту не дапусціць на сваю тэрыторыю бальшавікоў, якія стаялі ў Дзісне і Лужках. Паўстанцаў падтрымліваў пробашч касцёла ў Новым Пагосце ксёндз Баляслаў Шылько.

Будынак былога рэўкому ў Мёрах. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Толькі ў лютым бальшавікі змаглі ўсталяваць кантроль над большасцю тэрыторыі гміны, а паўстанцы, колькасць якіх вырасла, перайшлі на нелегальнае становішча.

13 чэрвеня 1919 года атрады самаабароны арганізавалі засаду на чырвонага камісара Івана Маляўку. Маляўка здолеў уцячы і выклікаў дапамогу. Бальшавіцкія аддзелы, якія складаліся з латышоў, уступілі ў бой з паўстанцамі, у выніку чаго «зялёныя» былі разбітыя і адступілі.

У чэрвені 1919 года змаганне з бальшавікамі пашырылася на значна большую тэрыторыю. 6 чэрвеня паўстанцы ўступілі ў бой каля мястэчка Слабодка, дзе зноў былі разбітыя, але не спынілі супраціву.

Ужо 15 чэрвеня 1919 года атрад са 120 чалавек заняў Пераброддзе, што паміж Браславам і Мёрамі. Яшчэ праз колькі дзён – заняў Ёды, Шаркаўшчыну і Мёры. Чальцоў рэўкому ў Мёрах арыштавалі і змясцілі пад варту ў будынку, які займаў рэўком.

Ксёндз Міхал Буклярэвіч.
Фота: radabnr.org

Адной са значных фігур паўстання быў пробашч з Іказні ксёндз Міхал Буклярэвіч. Гэта святар, пра якога, на думку краязнаўцы Кастуся Шыталя, варта зняць мастацкую стужку:

«Нараджэнец простай сям’і рабочага чыгуначніка нетыпова вывучыўся на святара. Ён лічыў мясцовае насельніцтва беларусамі і не баяўся пра гэта адкрыта казаць. Бо ў той час усіх католікаў лічылі палякамі. Адметна, што ў 1912 годзе ён скончыў будаўніцтва новай бажніцы, а праз пяць гадоў распачалася рэвалюцыя. За няпоўныя два гады ўлада памянялася пяць разоў. Але ён даваў рады з арганізацыяй школ, гандлю, дапамогаю бедным і сіротам. А ў чэрвені 1919 года ён арганізаваў і ўзначаліў атрад самаабароны ў Іказні».

Паўстанне 19 чэрвеня?

Па словах Шыталя, шмат у якіх крыніцах падаецца дата пачатку паўстання ў Іказні як 14 чэрвеня. Гэта памылкова, сапраўднай датай трэба лічыць 19 чэрвеня, калі католікі адзначалі свята Божае Цела.

На гэтае свята абавязкова прадугледжвалася рэлігійная працэсія па вуліцах мястэчка, а бальшавікі яе забаранілі. Каб у мястэчку быў парадак, туды прыслалі атрад чырвонаармейцаў-латышоў.

«Гэта пасля камуністы забаранілі не толькі шэсці, але і наведванне бажніц, – кажа мёрскі гісторык і краязнаўца Вітольд Ермалёнак. – А ў той час гэта вельмі абурыла як святара, так і вернікаў, якія не маглі ўявіць свята без працэсіі. Тым больш забаранілі званіць у званы».

Гэта зараз на Імшу ў Іказні збіраецца тры дзясяткі вернікаў, а ў той час парафія налічвала каля шасці тысяч вернікаў. Тады, пасля набажэнства, святар заклікаў маладых вернікаў раззброіць бальшавікоў, чаго апошнія не чакалі, таму і трапілі ў палон.

Так распачалося ўзброенае змаганне іказненскага атраду, які налічваў амаль тры сотні чалавек, супраць бальшавікоў.

Перашкодзілі перамовы ў Версалі

Надпіс на магіле ксяндза Міхала Буклярэвіча. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Адразу пасля гэтага ксёндз Буклярэвіч выслаў свайго паплечніка, таксама святара, за лінію фронту да палякаў, якія стаялі ўжо непадалёк на Свянцяншчыне. Ксёндз прасіў іх хутчэй прыйсці, бо чырвонаармейцаў на той момант было ў ваколіцах Іказні няшмат, а насельніцтва іх не падтрымлівала.

Пасланцу, ксяндзу Свірскаму, удалося сустрэцца з польскім камандаваннем у Свянцянах, а пасля дайсці і да Галоўнага Камандавання ў Варшаве. Але там толькі развялі рукамі: у Вэрсалі ішлі мірныя перамовы па выніках Першай Сусветнай вайны і саюзнікі запатрабавалі ад Польшчы спыніць наступленне на ўсход.

Пераможцы вызначылі ўсходнюю мяжу Польшчы згодна з прапановай англійскага лорда Керзона, чаго ігнараваць іх на той час польская дзяржава не магла – гэта магло прывесці да страты вайсковага і палітычнага падтрымання.

Гэта і вырашыла лёс паўстання на нашых землях: яно была задаўленае, а палякі прыйшлі сюды толькі ўвосень 1919 года.

«Замучаны за любоў да Айчыны і людзей»

Ксёндз Буклярэвіч вымушаны быў хавацца, але яго выдалі чырвоным двое жыхароў Іказні. Святара павялі на суд у Друю.

Кастусь Шыталь распавядае, што адзін з суддзяў добра ведаў святара:

«На судзе адзін з суддзяў, былы студэнт, хацеў дапамагчы ксяндзу Буклярэвічу зменшыць кару, і спытаў, ці ён выступае толькі супраць мясцовых бальшавіцкіх камісараў, ці супраць савецкай улады ўвогуле.

А ксёндз Буклярэвіч, як пісалі пасля газеты, «з нейкай дзіўнай моцай і пракананьнем адказаў: «Вы прасьледуеце Касьцёл і Народ, нясіцё няволю – прызнаць вас я не магу».

Магіла ксяндза Міхала Буклярэвіча каля касцёла ў Іказні. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Сястра Эмілія вырашыла раздзяліць з братам ягоны лёс. Абодвух пад канвоем пераправілі праз Дзвіну пад Бігосава. Ксяндза прымусілі выкапаць сабе магілу. Пасля чаго ён папрасіў у катаў магчымасці памаліцца.

«Скончыўшы малітву, ён сказаў ім: «Цяпер я гатовы», – распавядае Кастусь Шыталь. – Адзін з жаўнераў, якому камандзір загадаў выканаць прысуд, адмовіўся. Расстраляў іншы».

Пасля таго, як раён Бігосава быў на некаторы час заняты палякамі, цела святара адкапалі і перавезлі ў Іказнь, дзе і пахавалі 24 сакавіка 1920 года каля касцёлу. «Палеглы ад рук чырвоных катаў» – напісалі на помніку.

У 90-х гадах помнік замянілі і зараз там напісана па-польску: «Замучаны за любоў да Айчыны і людзей».

Герой руска-японскай вайны – удзельнік паўстання

Удзельнікам паўстання ў Іказні быў і дзед знакамітага гісторыка і краязнаўцы з Мёраў Вітольда Ермалёнка Міхал Ермалёнак.

Краязнаўцы Вітольд Ермалёнак і Кастусь Шыталь. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Ён удзельнічаў у руска-японскай вайне 1905 года, дзе выратаваў афіцэра. Калі пачалася Першая сусветная вайна, на фронт добраахвотнікам пайшоў ягоны сын і знік у першыя дні вайны.

Міхал Ермалёнак таксама вырашыў ісці на фронт і быў залічаны ў партызанскі атрад, дзе ваяваў разам з Булак-Балаховічам.

«У пачатку 1917 года ён даведаўся пра лёс сына, – распавядае Вітольд Ермалёнак. – Удалося знайсці ягоных саслужыўцаў, якія распавялі, што ён быў цяжка паранены, яго лячылі ў Дзвінску, там ён захварэў на тыф і памёр».

Пасля рэвалюцыйных падзеяў Міхал пакінуў войска і вярнуўся на радзіму. Калі пачалося паўстанне, узначаліў адзін з атрадаў, які дзейнічаў у ваколіцах Іказні, Пераброддзя і Новага Пагоста, удзельнічаў у разгроме атраду камісара Івана Маляўкі.

Дзед Вітаўта Ермалёнак Міхал – удзельнік паўстання. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Параненага ў адным з баёў Міхала выратаваў малады хлопец, які пасля стаў ягоным зяцем. Гэты хлопец пасля ўдзельнічаў у абароне Варшавы, за што атрымаў ад польскай дзяржавы 50 гектараў зямлі.

Міхал Ермалёнак дачакаўся польскай улады і жыў разам з дачкой да 1939 года, пакуль не прыйшлі бальшавікі. У 1940 годзе сям’ю вывезлі на лесараспрацоўкі, не пашкадавалі нават сямідзесяцігадовага старога.

«Дзеда ўратавала толькі тое, – распавядае Вітольд Ермалёнак, – што ён умеў рамантаваць абутак. Гэта дапамагло яму выжыць».

А ў 1946 годзе камуністычная ўлада выслала іх у Польшчу, не дазволіўшы нават заехацца на радзіму. Там, у Польшчы, ён і памёр.

Памяць пра паўстанцаў не знікне

Вітольд Ермалёнак распавядае пра ўдзел свайго дзеда Міхала ў паўстанні 1919 года. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

Зараз у вёсках пра падзеі стогадовай даўніны ніхто амаль не ведае. Ды і саміх вяскоўцаў засталося тут няшмат. Вёскі знікаюць, у былых мястэчках зараз жыве толькі па некалькі соцень жыхароў.

Але дзякуючы такім неабыякавым людзям, як Вітольд Ермалёнак, Кастусь Шыталь, іншым краязнаўцам, памяць пра тыя падзеі не знікне.

І прыйдзе яшчэ неўзабаве той час, калі пра ўдзельнікаў тых падзей будуць пісаць кніжкі, здымаць фільмы, іх імёны будуць насіць вуліцы.

Зміцер Лупач Belsat.eu

Стужка навінаў