Нашая зброя для азербайджанскага сябра. Пра што сёння будуць размаўляць у Менску?


«Паланэз» вядзе агонь. Фота vsr.mil.by

Сёння лідары Беларусі і Азербайджану будуць размаўляць сярод іншага пра гандаль паміж нашымі дзяржавамі. Закаўказскай краіне мы прадаем пераважна высокатэхналагічную зброю ўласнай распрацоўкі, сведчаць адкрытыя звесткі. Чаму Баку купляе новую беларускую зброю? І на чым грунтуецца шчыльная ваенна-тэхнічная супраца паміж Менскам і Баку?

Наш галоўны прадукт для Закаўказзя

Лідары Беларусі і Азербайджана сёння праводзяць перамовы ў фармаце «адзін на адзін». Плануецца падпісаць некалькі «міжнародных дакументаў», абмяняцца меркаваннямі адносна вонкавапалітычнай сітуацыі. Асаблівая ўвага будзе да гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай супрацы, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Чым жа гандлюем мы з Азербайджанам? У студзені-жніўні 2018 года мы прадалі Баку прадукцыі на $153 мільёна, што амаль у два разы больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года. Імпарт азербайджанскіх тавараў склаў усяго каля $9 мільёнаў, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Новыя «Паланэзы». Відэа Мінабароны Азербайджана

Пры гэтым менавіта 2018 год стаў этапным для беларускага ваенна-прамысловага комплексу – пачаліся экспартныя пастаўкі нашых дальнабойных ракетных комплексаў залпавага агню «Паланэз». Пакупнік – Азербайджан, які, верагодна, быў і адным з інвестараў у найбольш амбіцыйны праект беларускага ВПК.

Баку набыў як мінімум 10 камплектаў «Паланэзаў» – гэта і ракеты, і пускавыя ўстаноўкі, і транспартна-набівальныя машыны, і кропка кіравання, і радыёлакацыйная станцыя. Улічваючы кошт такой тэхнікі на рынку – а гэта не адзін мільён долараў за кожны комплекс, можна ўпэўнена сказаць, што зараз менавіта зброя займае ільвіную долю нашага экспарту ў Азербайджан.

Навошта Азербайджану новая зброя?

Азербайджан яшчэ да распаду СССР стаў ворагам Арменіі – у канцы 1980-х гадоў пачаўся канфлікт за кантроль за Нагорным Карабахам паміж армянамі і азербайджанцамі. Рэгіён афіцыйна ўваходзіў у склад Азербайджанскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў якасці аўтаноміі і адрозніваўся стракатым этнічным складам насельніцтва. У выніку мясцовыя армяне сталі дамагацца выхаду са складу Азербайджану, пачаліся ўзаемныя этнічныя чысткі, а потым – з 1991 года – і поўнамаштабныя баявыя дзеянні.

Азербайджанскія ўцекачы з Карабаху. Фота wikimedia.org

У выніку Азербайджан страціў кантроль амаль над усім Карабахам і часткай азербайджанскай тэрыторыі па-за межамі аўтаноміі – так паўстала Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую прызналі толькі такія ж непрызнаныя Абхазія і Паўднёвая Асетыя. Пры гэтым фактычна ўзброеныя сілы НКР – паўнавартасная частка арміі Арменіі.

«Гарачая» фаза вайны скончылася ў 1994 годзе, аднак дагэтуль на лініі размежавання даволі рэгулярна адбываюцца сутычкі і абстрэлы. У красавіку 2016 годзе адбылася нават так званая «Чатырохдзённая вайна» з выкарыстаннем танкаў, артылерыі, авіяцыі. У выніку абодва бакі страцілі дзясяткі чалавек забітымі, а Азербайджан заняў ад 8 да 20 квадратных кіламетраў тэрыторыі.

Над чым не пасмяюцца «Іскандэры»

Такім чынам абедзве краіны назапашваюць зброю на выпадак аднаўлення баявых дзеянняў, пры гэтым Азербайджан за кошт вялікіх нафтавых прыбыткаў звычайна купляе больш сучасную тэхніку, а Арменія карыстаецца больш шчыльнымі стасункамі з Расеяй.

Снайпер на лініі размежавання армянскіх і азербайджанскіх войск. Крыніца newcaucasus.com

У тым жа 2016 годзе, калі адбылася «Чатырохдзённая вайна», Расея паставіла Арменіі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр-Э» з дальнасцю дзеяння да 280 км. Азербайджан у сваю чаргу стаў шукаць спосабы парыраваць заўважную перавагу, якую Ерэван атрымаў над Баку ў сферы высокадакладнай ракетнай артылерыі.

Ужо ў другой палове 2016 года Беларусь прэзентавала на выставе ўзбраенняў ADEX-2016 у Баку свае «Паланэзы» з дальнасцю агню ў 300 км.

Не толькі «Паланэзы»

Акрамя магутных ударных ракетных сістэм, Беларусь заключала з Азербайджанам кантракты на пастаўкі супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Скіф» – ракета ў іх украінская, а прыбор навядзення – беларускі.

Бронеаўтамабіль азербайджанскай арміі з супрацьтанкавым комплексам «Скіф». Фота wikipedia.org

У 2011 годзе, калі Баку захацеў набыць украінскую радыёлакацыйную станцыю тыпу 80К6, менавіта азербайджанскі бок прапанаваў паставіць РЛС на беларускія колы Менскага заводу колавых цягачоў. Таксама пры фінансавай падтрымцы Баку быў распрацаваны прадпрыемствамі Беларусі і Украіны праект глыбокай мадэрнізацыі савецкага зенітна-ракетнага комплексу «Аса» – новы комплекс атрымаў назоў «Стылет» і таксама закупаўся Азербайджанам.

Ільхам Аліеў і беларускія М16

У 2018 годзе ў інтэрнэце зʼявіліся фотаздымкі, на каторых азербайджанскі прэзідэнт трымае ў руках беларускі варыянт амерыканскай штурмавой вінтоўкі AR15/М16 пад савецкі патрон.

Вайскова сяброўства

Вышэй мы ўжо пісалі, што Баку як адзін з важных у свеце экспарцёраў нафты мае грошы на нашыя распрацоўкі. Аднак раней багатая «чорным золатам» краіна таксама дапамагала Беларусі ў перыяд расейска-беларускіх нафтавых канфліктаў.

Краіны таксама звязвае падабенства палітычных рэжымаў, што дапамагае і захоўваць адносна добрыя асабістыя адносіны прэзідэнтаў – Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі.

Выпрабаванні «Паланэз» на 300 км. ВаенТБ Беларусі

Ва ўмовах ваенна-тэхнічнага спаборніцтва Ерэвана і Баку Менск можа прапанаваць Азербайджану і ракетныя ўзбраенні, і супрацьтанкавыя комплексы, і свае распрацоўкі ў сферы супрацьпаветранай абароны. Таксама Беларусь вядомая сваймі браніраванымі аўтамабілямі і спецыяльнымі колавымі шасі для вайсковай тэхнікі.

Можна чакаць, што пастаўкі беларускай прадукцыі ваеннага і падвойнага прызначэння і надалей будуць ключавым складнікам двухбаковых адносінаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары