Нашая калгасная Атлантыда. «Пастаўце ў Менску помнік «кулаку»


Этнограф Анна Энгелькінг пачала вывучаць беларускую вёску ў час, які можна назваць пачаткам канца эпохі калгасаў. Гэта – «апошні вагон» і неўзабаве калгасная Атлантыда канчаткова пойдзе на дно. Практычна бязгучна, разам з жыхарамі, якіх гэтак і не пачулі.

ПРАЦЯГ.

Чытайце «Калгасную Атлантыду» ч.1: «Прэдседацель» і калгасны космас, свет вакол калгасніка.

Ды ч.2: Чаму Сталін не замяніў Бога, як Гарбачоў стаўся міфічным героем і чаму красці ў калгаса – не грэх.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Усход і Захад

Падзел на Усходнюю і Заходнюю Беларусь сапраўды існуе, у гэтым Анна Энгелькінг пераканалася, даследуючы вёскі на Гарадзеншчыне і Магілёўшчыне. Існуе ў ментальнасці беларускай вёскі. Калектывізацыя і рэпрэсіі прыйшлі ва Усходнюю Беларусь на 20 гадоў раней. Гэта не магло не накласці адбітак на тых, каму ўдалося гэта перажыць.

– Тыя першыя 20 гадоў савецкай улады былі часам такіх страшных рэпрэсій, якіх на захадзе ніколі не было. Гэта было тое, што поўнасцю знішчыла беларускую вёску. Я памятаю, што на Гомельшчыне, пад Мозырам, дзе ладзіла даследаванні – амаль кожная сям’я мае кагосьці, хто знік без вестак. Ці расстралянага, ці вывезенага, забітага ў вязніцы. На захадзе гэта таксама ёсць, але ў значна меньшай ступені. Ды і сама калектывізацыя была вельмі брутальная на ўсходзе. Усходнебеларуская вёска ў 20-я гг. была больш заможнаю. І гэта не былі тэрыторыі настолькі знішчаныя падчас І сусветнай вайны, як захад Беларусі. І таму калектывізацыя там была нашмат больш жорсткая.

– Людзі адкрыта гавораць пра тыя страшныя часы?

– У самым пачатку даследаванняў, калі я выязджала ў Беларусь, то думала, што людзі будуць дагэтуль баяцца пра гэта казаць. Але я сустрэлася з адваротным: тыя, хто яшчэ памятае, ужо на завяршэнні свайго шляху і яны хочуць, каб іх пачулі. Я не магу ведаць, што мне недагаварылі, але я не сустрэла ніводнага, хто б дагэтуль баяўся. Не, яны кажуць адкрытым тэкстам, што прыязджаў «чорны воран», што дзеда выдаў той сусед з вёскі, а за ім у сваю чаргу неўзабаве таксама прыйшлі. Таксама адкрыта гавораць і пра перажытае падчас ды пасля ІІ сусветнай вайны.

Гэтак дзед Міхась з Качановічаў, што на Піншчыне, быў асуджаны… за крадзеж уласнага каня. «Я ішоў на фронт, пакінуў кабылу з жрэбікам. Забралі мяне. Пака я прыйшоў, стала трое. Прыйшоў осенью, сіна няма, я адну прадаў ды купіў сіна, каб гэтыя выкармыты. Судзяць у судзе – а я работаў царкоўным старастам – «Царкоўны стараста прадаў калхозную лошадзь!» А дзе ж яна калхозная лошадзь, кагда яе яе карміў, яна ў мяне! […] Прыязджаюць на месца, судзяць мяне. Пракурор кажа: «Тры года». Судзяць мяне. Не далі дажэ развітацца з жінкою. Праташчылі».

* З кнігі Анны Энгелькінг “Калгаснікі”

Другая розніца паміж усходняй і заходняй вёскай – рэлігійная. Несумненна, што краявіды на ўсходзе адрозніваюцца – няма такой колькасці крыжоў, усё нібыта зраўняла з зямлёю. Але гэта не ёсць абшар без веры, хутчэй – абшар без рэлігіі. Пакаленне старых людзей не ходзіць у царкву ці касцёл. Яны не ведаюць літургіі, не ведаюць усяго рэлігійнага рытуалу, які ведаюць на захадзе, дзе таксама цэрквы і касцёлы былі зачыненыя. Але людзі на ўсходзе жывуць у перакананні, што маюць Бога ў душы, яны перакананыя ў існаванні гэтага вымярэння, і гэта дае ім магчымасць адчуць сябе людзьмі.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Пастаўце помнік кулаку»

– Вы распачалі даследаваць беларускую вёску ў 1993 годзе. Хоць калгасная сістэма існуе і дагэтуль у Беларусі, напэўна мы бачым канец калгаснай эпохі. Калі мы гэтак і не пачуем калгаснікаў, гэта будзе вялікая страта для нас, беларусаў?

– Гэтая страта – вельмі вялікая. Ад ХІХ стагоддзя на вёсках працуюць рознага кшталту этнографы, збіраюць фальклор, праводзяць даследаванні. Вельмі вялікі пласт вясковай культуры задакументаваны. Але кожны навуковец падчас даследаванняў мае сваю пэўную мэту, і пераважна толькі яна лічыцца. Фалькларысты назбіраюць сотні, тысячы варыянтаў песняў, але – бракуе да гэтага кантэксту. Этнографы шукаюць адказы на свае пытанні і рэдка цікавяцца тым, што людзі самыя хочуць пра сябе сказаць.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

 

– Дык што мы губляем, калі адыходзяць калгаснікі, калі ідзе пад ваду нашая «калгасная Атлантыда»?

– Напрыканцы кніжкі я напісала правакацыйную рэч. Пра тое, што на галоўным пляцу ў Менску павінен стаяць помнік «кулаку». Я так лічу. Гэты «кулак» – добры гаспадар, не добры пан, а менавіта добры гаспадар, і ёсць той самы «мужык-беларус, пан сахі і касы». Яго знішчала савецкая сістэма. Знішчыла ў выніку гаспадарча-эканамічна, але не знішчыла сістэму вартасцяў. І цяпер менавіта калгаснікі – носьбіты гэтай аўтэнтычнай сістэмы.

Калі мы не слухаем гэтага голасу і не цікавімся, што ён да нас прамаўляе, гэта падобна да адразання кавалку сваёй душы, сваёй тоеснасці.

Цяпер у Беларусі вельмі развітая мода на рэканструяванае панскага боку тоеснасці – палацы, сядзібы, замкі і г.д. Але гэта далёка не ўсё. Гледзячы на сучасную Беларусь, прыслухоўваючыся да меркаванняў, якія там гучаць, увесь час чую таго пост-пан-селяніна. Так, нібы ўвесь час беларусы саромеліся вёскі. А гэта не тое, чаго трэба саромецца. Гэта тое, чым трэба ганарыцца. Я не ведаю, ці яшчэ ў Еўропе засталася краіна, якая мае ў людскіх галовах настолькі захаваную поўную годнасці культуру вёскі. Хаця… можа я трошку ідэалізую…

Але мала дзе сустрэла столькі разумных і добрых, вартых шанавання людзей, як менавіта ў беларускіх вёсках. Людзей, якіх успрымаю як носьбітаў фундаментальных вартасцяў для беларускай тоеснасці.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў