«Нашай Ніве» пагражае штраф за сітуацыю з раненнем журналісткі Наталлі Лубнеўскай

Выданню «Наша ніва» пагражаюць штрафам за тое, што кіраўніцтва газеты своечасова не паведаміла пра раненне журналісткі Наталлі Лубнеўскай. Журналістку паранілі падчас асвятлення акцыі пратэсту 10 жніўня гумавай куляй у нагу.

10 жніўня Наталля Лубнеўская працавала на вуліцы Кальварыйскай у Менску. Журналістку, якая асвятляла падзеі з масавай акцыі пратэсту, паранілі. Невядомая асоба стрэліла ёй гумавай куляй проста ў нагу.

Пазней у сеціве з’явілася відэа, на якім відаць, як адзін з сілавікоў адмыслова цэліў і страляў у журналістку, хоць яна была ў камізэльцы з надпісам «Прэса» і бэйджам. Верагодна, страляў баец з атраду «Алмаз».



38 дзён Наталля была ў шпіталі. Пасля таго як яе выпісалі з больніцы, яна атрымала бальнічны і перадала яго ў бухгалтэрыю. У рэдакцыі палічылі, што яе бальнічны адносіцца да катэгорыі «траўма на вытворчасці». А калі з бухгалтэрыі звярнуліся ў «Белдзяржстрах», то там папярэдзілі, што «Наша ніва» мусіць атрымаць штраф, паколькі рэдакцыя не паведаміла своечасова пра здарэнне і не правялі ўласнага расследавання, акрамя таго, рэдакцыя не перадухіліла «няшчасны выпадак на вытворчасці».

«Мы яго не перадухілілі, не правялі ўласнае расследаванне на працягу трох дзён і не паведамілі пра выпадак у адпаведныя інстанцыі. Зараз чытаю заканадаўства, разбіраюся», – пракаментаваў «Белсату» галоўны рэдактар Ягор Марціновіч.

Адметна, што Следчы камітэт вядзе расследаванне гэтага інцыдэнту, хоць крымінальнай справы так і не завялі. З іншага боку існае заканадаўства не перашкаджае чыноўнікам заяўляць, што выданне могуць аштрафаваць.

«Ніхто з беларускі медыяў не трапляў у такую сітуацыю, калі былі няшчасныя выпадкі на працоўным месцы. Вядома, што ўсе былі занятыя аказаннем дапамогі пацярпелай журналістцы. Адбывалася гэта на фоне адсутнасці інтэрнэту, немагчымасці атрымання прававой дапамогі. Варта таксама памятаць, што ў тыя дні сам галоўны рэдактар Ягор Марціновіч знік. Яго два дні шукалі з дапамогай міліцыі і ў выніку знайшлі ў Жодзіне ў турме. Але, паводле закону, рэдакцыю могуць аштрафаваць. Хоць, паводле нашага меркавання, гэта зусім не адпаведна з тым, што зрабіла дзяржава, страляючы ў Лубнеўскую. Стралялі сілавікі, а штрафуюць журналістаў», – пракаментаваў справу з выданнем прэсавы сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

Тыдзень у малюнках: цэнзура ў Гары Потэры і ананімныя сведкі ў судзе

СК belsat.eu

 

Hавiны