«Наша Ніва» будзе даступная па новым адрасе – Nashaniva.by


У ноч на 25 чэрвеня перастаў адчыняцца сайт газеты nn.by. У рэдакцыі забралі гэты дамен праз тое, што лісты з паведамленнем аб аплаце нейкім чынам трапілі ў спам, хаця раней заўжды прыходзілі.

З гэтай нагоды рэдакцыя распаўсюдзіла адмысловую заяву. У ёй нагадваецца, што беларускі інтэрнэт кантралюецца Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце.

«Гэтае ведамства вызначыла пяць прыватных кампаніяў, якія займаюцца рэгістрацыяй назваў сайтаў (даменаў). Уласнікі сайтаў павінны штогод аплачваць арэнду, цана – каля 25 (дваццаці пяці) рублёў. Наш дамен зарэгістраваны ў кампаніі «Адкрыты кантакт», а хостынг і электронная пошта знаходзіліся на серверах другой, «Надзейныя праграмы». Нейкім загадкавым чынам аказалася, што спам-фільтр адправіў чатыры лісты з нагадваннямі ад «Адкрытага кантакта» у глыбокую сметніцу. Адпаведна, мы не атрымалі рахункаў на аплату 25 (дваццаці пяці) рублёў», – тлумачыць рэдакцыя.

Паводле «Нашай Нівы», іншыя мэйлы з таго ж адраса даходзілі некалькі дзён таму без усялякіх перашкод.

Аказваецца, ад пачатку 2020 года дзяржава змяніла правілы: цяпер, калі пратэрмінаваў аплату хаця б на дзень, дамен адразу адбіраюць (раней давалі дадатковы месяц на аплату) і выстаўляюць на аўкцыён.

З нагоды інцыдэнту рэдакцыя правяла перамовы з Міністэрствам інфармацыі. Журналісты сцвярджаюць, што іхная сітуацыя абмяркоўвалася сілавікамі.

Да вечара 25 траўня нічога не вырашылася, таму рэдакцыя запускае новы сайт па запасным адрасе Nashaniva.by.

«Нашу Ніву», зерне беларускасці, хацелі б выціснуць з Беларусі. Але не ўдасца. З аднаго боку, мы нібы бяссільныя супраць сваволля – і цяпер, і ў будучыні будзем бяссільныя. Але нас не зломіш. Вытрымка – сіла бяссільных. Таму мы выстаім перад гэтым і больш моцнымі выпрабаваннямі, падрыхтаванымі для незалежнай прэсы і блогераў на бліжэйшы час», – гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў