«Наш фарпост – гэта першы руднік». Стачкам «Беларуськалію» думае над «іншай стратэгіяй»


Стачка на «Беларуськаліі» працягваецца, хоць шмат працоўных ужо выйшлі на працу. Пра гэта «Белсату» паведамілі прадстаўнікі стачкаму прадпрыемства.

Як заявіў прадстаўнік прафсаюзу «Беларуськалію» Аляксандр Даноўскі, на 2-м рудаўпраўленні «Беларуськалію» людзі 21 жніўня выйшлі на працу.

«На гэты момант я магу сказаць, што людзі выйшлі на працу», – пацвердзіла і прадстаўніца стачкаму 3-га рудаўпраўлення Ірына Календа.

На іншых рудаўпраўленнях, паводле яе, сітуацыя неадназначная – хтосьці выйшаў на працу, хтосьці працягвае забастоўку.

Марыя Калеснікава выступае перад працаўнікамі ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ірына Календа адзначыла, што стачкам цяпер выпрацоўвае «іншую стратэгію», але пра яе яна пакуль не захацела распавядаць.

«Першы руднік трымаецца»

Прэс-сакратар стачкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас заявіў, што ёсць частка людзей, якія не ходзяць на працу, але колькі іх – невядома. Таксама, паводле яго, ёсць людзі, якія прыходзяць на працу, але не працуюць.

«Першы руднік трымаецца», – заявіў прэс-сакратар.

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Глеб Сандрас адзначыў, што на 1-м рудаўпраўленні працуюць толькі адміністрацыя і тыя, каму спыніць працу не дазваляюць горна-геалагічныя ўмовы. «Пакуль наш фарпост – гэта першы руднік», – падкрэсліў ён.

Тэлеграм-чат стачкаму «Беларуськалію» прапаноўвае ўсім ахвочым сабрацца а 16:00 каля галоўнага ўваходу, а да 17:00 – перайсці на галоўную плошчу.

Таксама адзначаецца, што валанцёры прывезлі страйкоўцам прадукты.

Між тым NEXTA апублікаваў зварот Дзмітрыя Кудзялевіча – аднаго з лідараў стачкаму «Беларуськалію», якога 20 жніўня затрымаў КДБ.

Шахцёр распавёў, што быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і дастаўлены ў аддзел. Там ён папрасіўся ў прыбіральню і праз адкрытую фортку пакінуў будынак. Раней, падчас затрымання, ён паспеў кінуць ключы ад аўтамабіля ў салон, а ў кішэні застаўся камплект ад аўтамабіля жонкі, які і забралі сілавікі. Цяпер Дзмітрый Кудзялевіч ва Украіне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў