Наш «былы» канчаткова аглух

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Ён гатовы размаўляць пра тое, пра што з ім ніхто размаўляць не збіраецца.

На нарадзе па развіццю прамысловасці спадар Лукашэнка ізноў вярнуўся да тэмы канстытуцыйнай рэформы. Цытаваць:

– Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ну дык ладна, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносіце прапановы, сфармуем новую Канстытуцыю –гэта галоўны закон у любой краіне. І «скакаць» трэба ад Канстытуцыі.

Хочаце – скачыце. Можаце ў адзіночку, можаце кадрыллю прайсціся разам са спадарыняй Качанавай. Але, як мне здаецца, наш «кульгавы качар» оглух ужо канчаткова.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Ніхто не патрабаваў ад яго змены Канстытуцыі. Ні ад яго, ні –пакуль – наогул. Гаворка ішла зусім аб іншым.

Аб вызваленні палітычных зняволеных.

Аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі.

Аб правядзенні новых выбараў з новым складам выбарчых камісій, дастаткова празрыстых і дэмакратычных, каб можна было свабодна верыфікаваць іх вынікі.

І – усё.

Гэта не толькі было зместам перадвыбарнай праграмы Святланы Ціханоўскай, у перамозе якой асабіста ў мяне няма ніякіх сумневаў.

Гэта было патрабаваннем ўсіх страйкоўцаў і бастуючых працоўных калектываў.

«Бацька сваіх дзяцей не забіваў бы! Спыніце катаванні» – напісана на плакаце. Фота: «Белсат»

Да гэтых трох пасля 12 жніўня дадалося яшчэ адно – спыненне вулічнага гвалту сілавых ведамстваў імя генерала Караева і тых, хто з ім. На час – да 28 жніўня – яно страціла актуальнасць, але вось, як казаў незабыўны Віктар Чарнамырдзін, зноў…

Усё астатняе, што паўтараюць на ўсіх скрыжаваннях спадары Каранікі, Давыдзькі, Гайдукевічы і тыя, што з імі ў Макеях, – аб неадкладным выхадзе з усіх інтэграцыйных структур, аб рэваншы фашысцкай ідэалогіі, аб раздзяленні Рэспублікі Беларусь, закрыцці заводаў, вешанні на ліхтарах членаў міністэрскіх сем’яў і нават аб неадкладнай ліквідацыі дзяржаўнага двухмоўя – гэта, сябры мае, ад лукавага. Гэта спроба пераключыць увагу не столькі нават сусветнай грамадскасці, колькі як раз тых, з кім спадар Лукашэнка нібыта мае намер весці дыялог аб новай Канстытуцыі. Рабочых буйных заводаў. Студэнтаў. Бюджэтнікаў. Маўляў, вы прасілі дождж – вось ён вам і паслаў дождж… Тфу! Канстытуцыю, вядома!

Не, спадары будучыя прысяжныя засядацелі. Мы не просім у яго Канстытуцыі. Мы наогул у яго нічога не просім.

Мы патрабуем.

Патрабуем вызвалення палітычных зняволеных.

Патрабуем сыходу з улады (менавіта ў форме адстаўкі – да 5 лістапада, як мне падказваюць юрысты, сусветная супольнасць вымушана разглядаць яго ў якасці прэзідэнта) Аляксандра Лукашэнкі.

Патрабуем новых выбараў прэзідэнта. Так, паводле старой Канстытуцыі. Але новага.

Святлана Ціханоўская на мітынгу 30 ліпеня. Фота: «Белсат»

А новы легітымны кіраўнік беларускай дзяржавы няхай абмяркоўвае канстытуцыйную рэформу з працоўнымі калектывамі і студэнтамі.

І калі Каардынацыйны савет, стачкам якога-небудзь завода або любы іншы орган, які можа асацыявацца з меркаваннем грамадзянскай супольнасці, вылучыць любое іншае патрабаванне, я прапаную аддаць яго ў поўным складзе АМАПу. І зрабіць выгляд, што нас не турбуе яго лёс.

Проста таму, што абмеркаванне любога чацвёртага патрабавання або Канстытуцыі аўтаматычна падаўжае палітычнае быццё Аляксандра Лукашэнкі.

Але не, досыць – кропка!

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў