«Нас будуць мацаць з усіх бакоў». Лукашэнка намякае, што ад выбараў 2020-га залежыць незалежнасць Беларусі


4 снежня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з актывам Менскай вобласці. Фота – president.gov.by

4 снежня падчас нарады з актывам Менскай вобласці кіраўнік Беларусі заявіў пра высокую цану прэзідэнцкай кампаніі, ад якой залежыць, ці застануцца беларусы гаспадарамі на «гэтым кавалачку зямлі».

«Я часта вам намякаю. Я не магу гэта сказаць адкрыта і публічна: нас будуць мацаць з усіх бакоў. Моцна будуць мацаць. І вы нават не ўяўляеце, з якога боку для нас небяспека большая, – заявіў Лукашэнка. – Залог нашага поспеху – гэта праца з чалавекам, звычайным чалавекам, якога мы паклічам на выбарчы ўчастак. Кошт вельмі дарагі, паважаныя сябры. Кошт вось гэтага мерапрыемства. Застанемся мы на гэтым кавалку зямлі гаспадарамі ці не? І не толькі мы – нашыя дзеці».

Паводле Лукашэнкі, «галоўны іспыт» трэба будзе вытрымаць усім чыноўнікам.

«Я вас вельмі прашу: памятайце, што сёння мы з вялікімі партфелямі, а заўтра мы будзем звычайнымі людзьмі. Каб не было пакутліва балюча за гэтыя гады перад народам. І каб у нас потым, як у народзе кажуць, палкі ня кідалі або камяні ў вокны не закідвалі за нашае цяперашняе стаўленне да тых людзей, якія нас паставілі на гэтыя пасады. Усіх нас – ад прэзідэнта да тых дзяржаўных служачых, што тут сядзяць», – заявіў Лукашэнка.

Прэзідэнцкая кампанія пройдзе ў Беларусі налета. Паводле кіраўнічкі ЦВК Лідзіі Ярмошынай, дату галасавання могуць прызначыць нават на 30 жніўня. У гэты дзень таксама заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка краіны.

Паводле Ярмошынай, дакладную дату выбараў могуць прызначыць ужо на вясенняй сесіі парламента, якая завершыцца 25 чэрвеня.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў