«Народны» лыжнік Сяргей Далідовіч завяршае кар’еру


Фота з асабістай старонкі Сяргея Далідовіча ў Facebook

Сяргей Далідовіч, 44-гадовы беларускі лыжнік, абвесціў пра завяршэнне сваёй спартовай кар’еры.

8 красавіка Далідовіч прыняў удзел у лыжным марафоне ў Ханты-Мансійску, дзе заняў чацвёртае месца. Гэта была яго апошняя прафесійная гонка.

За сваю кар’еру Далідовіч паўдзельнічаў у сямі Алімпіядах і дванаццаці чэмпіянатах свету. У сакавіку 2001 года атрымаў перамогу на этапе Кубка свету.

На апошнія Алімпійскія гульні ў Пхёнгчхангу лыжніку не далі магчымасці трэнавацца разам з нацыянальнай зборнай праз ягоны ўзрост. Удзел у Алімпіядзе таксама быў пад пытаннем. Тады Далідовіч вырашыў сабраць грошы для ўдзелу ў гульнях праз краўдфандынг.

«Я, лыжнік Сяргей Далідовіч, удзельнік шасці Алімпіядаў, не магу паехаць на сёмыя гульні са зборнай Беларусі – у федэрацыі вырашылі, што я занадта стары. Для таго, каб я паехаў на Алімпіяду, неабходна сабраць 30 тысяч рублёў. Гэтай сумы дастаткова для падрыхтоўкі на ўзроўні нацыянальнай зборнай», – пісаў Далідовіч.

Тады ў яго атрмалася сабраць грошы і паехаць ў Пхёнгчханг, але праз хваробу ён так і не змог пазмагацца за медалі.

Фота з асабістай старонкі Сяргея Далідовіча ў Facebook

Пасля Пхёнгчхангу Далідовіч зладзіў дабрачынны аўкцыён, на які выставіў акуляры з Алімпіяды 1994 году і смартфон з сёлетніх Гульняў. 2965 рублёў (агульны кошт лотаў) ён накіраваў у дзіцячы дом.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары