Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь: Ежэль ужо ў Расеі


Былы міністр абароны Украіны Міхаіл Ежэль стаў цяпер і былым амбасадарам у Беларусі. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прыняў рашэнне аб адстаўцы дыпламата. Адпаведны ўказ ухвалены пасля патрабавання грамадскіх дзеячаў і дэпутата Вярхоўнай Рады Ігара Гузя.

«Прадстаўляць Украіну ў Беларусі павінен патрыёт, а Ежэль быў прарасейскім. Калі ён быў міністрам абароны, ён разваліў нашу армію. І да яго ёсць шмат прэтэнзій. Вельмі кепска, што ён каля года прадстаўляў Украіну ў Беларусі, і толькі пасля таго, як я акцэнтаваў гэтае пытанне ў парламенце, Пётр Парашэнка гэта заўважыў. Я думаю, што Ежэля няма ва Украіне, хутчэй за ўсё ён у Расеі», – пракаментаваў belsat.eu  звальненне амбасадара Украіны ў Беларусі Ігар Гузь.

Зрэшты, прэтэнзіі да цяпер ужо былога амбасадара Украіны ў Беларусі Міхаіла Ежэля не толькі з боку дэпутатаў. Украінская пракуратура шукае дыпламата як падазраванага ў справе аб растраце дзяржаўных грошай. Імаверны ўрон, нанесены распараджэннямі былога міністра абароны, якім Міхаіл Ежэль у Кіеве быў з сакавіка 2010 года да лютага 2012 -га, складае каля 46 мільёнаў грыўняў. Цяпер жа былы дыпламат, верагодна, хаваецца ў Беларусі. Раней пракуроры з Кіева накіравалі запыт да беларускіх калегаў аб месцапрабыванні Ежэля, але адказу так і не дачакаліся.

belsat.eu

Стужка навінаў