Лябедзька прапанаваў Лукашэнку адказаць на народныя пытанні або сысці ў адстаўку


У звароце, знятым паводле матываў вядомага роліка Уладзіміра Зяленскага, палітык даў кіраўніку Беларусі 24 гадзіны на тое, каб пагадзіцца адказаць на 25 пытанняў у жывым эфіры.

У ліпені сёлета спаўняецца 25 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка пачаў кіраваць у Беларусі. І лепшы спосаб падвесці вынікі чвэрці стагоддзя – адкрыта і публічна кіраўніку краіны адказаць у прамым эфіры на 25 пытанняў, якія рэальна хвалююць наша грамадства. З такім зваротам да Лукашэнкі выступіў палітык Анатоль Лябедзька.

«Паводле тэорыі шасці поціскаў рукі, гэта відэа ў любым выпадку на працягу дня патрапіць да Аляксандра Лукашэнкі і мы пачуем ад яго – дзе і калі будуць атрыманыя адказы на народныя пытанні», – адзначыў Анатоль Лябедзька.

Адначасова палітык заклікаў публічна ў сацыяльных сетках з хэштэгам #дзеадказ агучваць свае пытанні да кіраўніка краіны і патрабаваць адказу на іх у прамым эфіры для ўсёй краіны.

Фінал гэтай акцыі – у прамым эфіры аднаго з недзяржаўных СМІ Беларусі будуць агучаныя 25 самых цікавых і надзённых пытанняў, па адным на кожны год праўлення Лукашэнкі, і 25 адказаў на іх.

СК belsat.eu

Стужка навінаў