Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік – пра рэпрэсіі, Купалаўскі і будучыню

У Беларусі другі месяц не сціхаюць пратэсты. Людзі сотнямі тысячаў выходзяць на вуліцы. Вядомыя на ўсю краіну беларусы таксама выказваюць сваё меркаванне пра сітуацыю, за што зазнаюць ціск уладаў.

Вядоўца ток-шоу «Кожны з нас» Глеб Лабадзенка паразмаўляў з народнай артысткаю Зояй Белахвосцік пра тое, што адбывалася ў Купалаўскім, ці не шкадуюць артысты пра свой выбар і пра тое, хто можа іх замяніць.

– Вось калі вас звальнялі з Купалаўскага тэатру, вы сказалі, што не змаглі б выходзіць на сцэну ў тых умовах, якія сёння ёсць.

– Так, вельмі многа розных абставінаў. У нас гэта пачалося яшчэ да жніўня. Каб не звольнілі Латушку, то мы б усё роўна прыйшлі да гэтага праз тыдзень, праз два тыдні, было б тое самае. Нам бы выпісалі спектакль, мы б выйшлі на сцэну, стаялі моўчкі ці размаўлялі з нашымі гледачамі аб тым, што мы, прабачце, не можам у такіх абставінах вам паказаць «Паўлінку» – яскравую, нашую, знакамітую, вельмі шчырую і вясёлую.

Спектакль «Паўлінка». Фота: kupalauski.by

– Вы праўда абмяркоўвалі такія варыянты?

– Абмяркоўвалі. У нас было многа варыянтаў, што мы будзем сабатаваць, але гэта ўсё не тое. Нам бы не далі гэтага зрабіць.

– Спадарыня Зоя, вас і яшчэ больш за 50 актораў звольнілі адначасова. Прайшоў пэўны час пасля тых падзеяў. Як вы для сябе зжыліся з гэтым?

– Цудоўна зжыліся. Буду казаць пра сябе. Сёння нашая краіна ў такім цудоўным, цяжкім, цікавым, незразумелым стане, што сёння думаць пра кар’еру, думаць пра нейкія там ролі, ідэі – немагчыма. Па-другое, калі б мы былі ва ўмовах тэатру, унутры скаваныя гэтымі правіламі, вось гэтымі неабходнасцямі, таксама было немагчыма, было вельмі цяжка.

А сёння мы натуральна сябе паводзім, як быццам бы з нас абрынуліся ўсе гэтыя путы, вяроўкі. Мы ходзім роўна, смела, мы ўсе прыгожыя і вясёлыя, мы «бадры і веселы».

Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

– А былі сярод вашых калегаў тыя, хто не падтрымаў гэтага рашэння? Я чуў такія размовы, што «вось вы тэатр і ўгробілі, каму вы зрабілі лепш, трэба было заставацца і рабіць сваю справу». Вось былі такія, хто схіляў вас да такога варыянту?

– Так, былі такія, якія лаяліся, крычалі, што мы здраднікі, што мы развальваем тэатр, які павінен быў святкаваць сваё 100-годдзе 14 верасня, нібы мы не далі зрабіць гэтага свята. Мы казалі, што, маўляў, якое можа быць свята: мы безумоўна адсвяткуем, калі будзе перамога, калі будзе іншая краіна, мы адсвяткуем з усім нашым народам, з нашымі гледачамі.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

– Спадарыня Зоя, па вас нанеслі яшчэ адзін удар. Вы доўгія гады выкладалі ў Акадэміі мастацтваў. Вы выхавалі колькі пакаленняў сённяшніх актораў. З вамі не працягнулі кантракту, вас не прызначылі на пасаду мастацкага кіраўніка курсу. Што вы ім такога зрабілі, што вам помсцяць па поўнай праграме нават у Акадэміі мастацтваў?

– Разумееце, я скончыла Тэатральна-мастацкі інстытут, цяпер ён называецца акадэміяй. Гэта быў вальнадумны інстытут. Нас нават баяліся клікаць на першамайскія дэманстрацыі. Казалі: «Усе інстытуты, але толькі не тэатральна-мастацкі!» Былі таленавітыя мастакі, акторы, рэжысёры. Гэта была такая творчая атмасфера. Немагчыма было б вось той мой інстытут уявіць сёння вось з такімі рашэннямі.

Спектакль «Чорная панна Нясвіжа». Зоя Белахвосцік у ролі Боны Сфорцы. Фота: kupalauski.by

– У Купалаўскім тэатры сышоў асноўны склад актораў. На БТ прывезлі прапагандыстаў з «Russia Today». На вашую думку, хто стане на вашае места ў Купалаўскім тэатры?

– Не ведаю, усе пра гэта пытаюцца: «Гэта ж немагчыма! Хто ж прыйдзе ў тэатр такі?» А я кажу: «Усё магчыма ў гэтым жыцці!» Я жыву вельмі даўно, я ўсё бачыла. Больш за тое, скажу, што ў нас жа засталіся лазутчыкі, засталіся людзі, якія з намі, але проста яны працуюць, таму што так трэба. Нам расказваюць, што закідалі расейскія рэжысёры сваімі гэтымі рэзюмэ. Нават цэлы тэатр нейкі з-пад Масквы са сваім рэпертуарам казаў: «Давайце мы дапаможам беларусам…»

– Замест Купалы і Мележа?

– Так, «…прыедзем са сваім рэпертуарам, толькі дайце нам кватэры». Ім сказалі: «Вы можаце па-беларуску?»

– «Тутэйшых» можаце?

– А яны: «Што? Па-беларуску? А мы не ведалі, што па-беларуску».

– Вы не адзіны чалавек з імем і са статусам, каго гэта закранула. Алена Леўчанка, Аляксандра Раманоўская ды іншыя людзі са статусамі зазналі ціск. Шмат для каго было нечакана, што нават званне народнай артысткі, аказваецца, ні ад чаго не бароніць, званні топавых чэмпіёнак ні ад чаго не бароняць. Вось як вы думаеце, няма для іх сёння аўтарытэтаў, перад якімі яны б маглі спыніцца?

– Я думаю, што няма. Я ганаруся, што ў такіх абставінах знаходжуся, я не ведаю, мне так шчасліва. Калі я пабачыла, што Жабінка выйшла з пратэстам і ішла з маршам, я заплакала. Зразумела, што мы ўсе такія Жабінкі, маленькія Жабінкі, якія проста шчаслівыя тым, што мы разам.

Міністр культуры Беларусі Ю. Бондар заявіў аб законным звальненні дырэктара тэатра Латушко. Акцёры складаюць заявы аб звальненні. Купалаўскі тэатр, Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г. Фота: Belsat.eu

– Ну і ваш кароткі прагноз: што будзе далей?

– Калі мы будзем верыць, што ўсё будзе хутка і будзем маліцца ды мантры туды пасылаць, то ўсё будзе хутка. Магчыма, не хутка, але мы ўжо перамаглі. Мы сказалі тэатрам, што мы перамаглі, калі нам падпісалі на трэці наш заход заявы [пра звальненне. – Заўвага рэд.]. Яны ж баяцца. Я спадзяюся, што да зімы.

Hавiны