Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча пахаваюць 1 красавіка на Кальварыйскіх могілках


Развітанне з народным паэтам Беларусі адбудзецца з 11 да 13 гадзінаў у Свята-Петрапаўлаўскім саборы (Менск, вул. Ракаўская, 4). А 13-ай там жа пачнецца пахвальная царкоўная служба.

Пахаваюць Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках, каля жонкі.

Народны паэт Беларусі пайшоў з жыцця на 85-ым годзе жыцця 29 сакавіка ў Менску.

Ніл Гілевіч нарадзіўся ў сялянскай сямʼі у 1931 годзе. Першыя гады пасля II сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Менскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной з менскіх школаў.

Пісаў для дзяцей і дарослых. Ад 1946 года, калі Гілевіч дэбютаваў у друку, ён выдаў больш за 20 зборнікаў вершаў, у тым ліку і для дзяцей. Пісаў прозу («Перажыўшы вайну»), раманы ў вершах («Родныя дзеці»), кнігі па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы.

У 1954-ым уступіў у Саюз пісьменнікаў СССР. У 1956-ым скончыў філфак БДУ, дзе пазней абараніў кандыдацкую дысертацыю. Стаў прафесарам гэтай жа высокай школы ў 1978-ым.

З 1960 па 1986 – супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэту. З 1958 да 1963 працаваў літаратурным кансультантам у «Звяздзе».

Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 – першы сакратар праўлення Саюзу пісьменнікаў БССР.

У 1981–1991 гг. быў сакратаром праўлення Саюзу пісьменнікаў СССР.

Быў адным з творцаў і першым старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (да 1997-га). Рэдагаваў бюлетэнь ТБМ «Наша слова».

ДР, belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў