Напярэдадні перамоваў з Пуціным Лукашэнка склікаў адмысловую нараду


Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду аб актуальных пытаннях супрацы з Расеяй напярэдадні свайго візіту ў Маскву, дзе мусяць адбыцца перамовы з Уладзімірам Пуціным.

«Мы заўсёды падкрэслівалі значнасць гэтага ўзаемадзеяння. Усебаковы характар ​​нашых стасункаў мае сур’ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама і для Расеі. Яны будуюцца на сістэмнай і, самае галоўнае, планавай аснове», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Падчас нарады ён адзначыў, што па ўсіх пытаннях дамоўленасцяў з Расеяй рашэнні прынятыя, але яны «не ўсё выконваюцца».

Як можна меркаваць з фотаздымкаў з нарады, у абмеркаванні стасункаў з Расеяй удзельнічаюць не толькі прадстаўнікі ўраду. Па левую руку ад Лукашэнкі сядзяць старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, кіраўніца адміністрацыі прэзідэнту Наталля Качанава, міністр замежных справаў Уладзімір Макеі і старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Па правую руку ад Лукашэнкі – прэмʼер-міністр Сяргей Румас, віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка, міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Заўтра Аляксандр Лукашэнка мусіць правесці перамовы з Уладзімірам Пуціным. Мяркуецца, што Пуцін падчас сустрэчы будзе патрабаваць ад Лукашэнкі «глыбокай інтэграцыі», а той дамагацца вырашэння пытанняў па газу і нафце.

Паводле шэрагу крыніцаў, у расейскай сталіцы Аляксандру Лукашэнку заўтра могуць прапанаваць узначаліць выканкам СНД. Наяўнасць такіх чутак, сярод расейскага палітычнага істэблішменту, ў эфіры радыёстанцыя «Эхо Москвы» пацвердзіў галоўны рэдактар Аляксей Венедыктаў. У сваім жа тэлеграм канале ён напісаў: сочым за заўтрашняй сустрэчай вельмі ўважліва.

  • «Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • «Ультыматум Мядзвездзева» – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.
Hавiны
Ультыматум Мядзьведзева Беларусі? Вось што трэба рабіць!
2018.12.23 13:11

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў