Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў КДБ актывізуе вярбоўку грамадзянаў


Алег Дашкевіч, жыхар Менску звярнуўся ў Генпракуратуру Беларусі са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка КДБ, які шляхам шантажу і пагрозаў вымусіў яго пагадзіцца на добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржаўнай бяспекі.

Алега Дашкевіча затрымалі міліцыянты падчас наведвання ваенкамату Кастрычніцкага раёну сталіцы, піша сайт spring96.org.

Па дарозе ў РАУС у аўтамабілі Дашкевічу міліцыянты паказалі скрыншоты фотаздымкаў з ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», з мастацкімі выявамі сімвалаў колаўрат, сцяга трэцяга рэйха, арла на фоне неба, які абапіраецца на сцягі з колаўратамі і паведамілі, што падобныя выявы класіфікуюцца як распаўсюд нацысцкай сімволікі, і што падобныя матэрыялы адносяцца да экстрэмісцкіх і за іх распаўсюд яму можа пагражаць адміністрацыйная адказнасць.

Ужо на месцы ў Кастрычніцкім РУУСе Дашкевічу паказвалі ордар на агляд кватэры, пагражалі магчымасцю затрымання, а потым паведамілі, што ёсць шанец пазбегнуць пакарання. Пасля гэтага ў кабінет зайшоў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і паказаў пасведчанне, закрываючы пры гэтым прозвішча пальцам. Супрацоўнік адзначыў, што Дашкевіч можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы, могуць узнікнуць вялікія праблемы з працай у маці і сястры, якія працуюць у дзяржаўных установах.

«Супрацоўніка цікавілі таксама мае ранейшыя паездкі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі і Украіны. Ён задаваў пытанні, ці не вярбую я там людзей для ўдзелу ў незаконных узброеных фармаваннях, або сам праходжу спецыяльную падрыхтоўку», – апісвае размову Алег Дашкевіч.

Затым КДБэшнік пачаў казаць пра Еўрапейскія гульні, якія ў чэрвені пачнуцца ў Менску і пра тое, што ў гэты час могуць актывізавацца футбольныя заўзятары, яны могуць арганізаваць масавыя беспарадкі.

Супрацоўнік прапанаваў Дашкевічу ўліцца ў рух футбольных заўзятараў, каб даведацца пра іх бліжэйшыя планы і прымусіў падпісаць дакумент пра добраахвотную супрацу з Камітэтам дзяржбяспекі.

На наступны дзень Дашкевіч накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі, у якой просіць прызнаць захады супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бяспекі, якія выявіліся ў прымусе пагадзіцца на добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржаўнай бяспекі на канфідэнцыйнай аснове пад уздзеяннем пагрозы на адрас маці, бацькі і сястры, неправамернымі і парушаючымі ягоныя правы.

КДБ і «вагнэраўцы»: сапраўдны пошук наймітаў ці толькі яго імітацыя?

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары