Кожны год у траўні прастору былога СССР накрывае асабліва моцная хваля прапагандысцкай кампаніі пра перамогу ў Другой сусветнай вайне. Апошнім часам гэтую хвалю цалкам апанавала Расея, якая хоча навязаць усім краінам рэгіёну сваю версію гісторыі – «фашысты напалі, савецкае войска ўвесь свет уратавала».
Аднак гэтая версія ніяк не адпавядае беларускай народнай памяці пра тыя падзеі. У чым жа адрозненні? Вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе.
Беларусь сустрэла Другую сусветную вайну падзеленай на дзве несвабодныя паловы – усходнюю, якая была пад уладаю бальшавікоў, і заходнюю, якая была пад кантролем Польшчы. У выніку для Беларусі першыя варожыя стрэлы прагучалі не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года, калі дзясяткі тысячаў беларусаў служылі не ў савецкай, а ў польскай арміі.
Прайшло 17 дзён пасля нямецкага на нападу на Польшчу, калі беларусы разам з палякамі мужна змагаліся на фронце супраць таго самага нацызму, пераможцам якога сябе цяпер называе Масква. І тут у спіну польскай арміі ўдарыла армія савецкая. Зусім не для таго, каб «уратаваць Заходнюю Беларусь ад нямецкай акупацыі».
Гітлер і Сталін узгаднілі свае дзеянні яшчэ да пачатку вайны Нямеччыны супраць Польшчы. А пасля таго, як Польшчу разграмілі ды падзялілі, заключылі дамову, якая афіцыйна называлася – Дамова пра сяброўства і мяжу.
Адразу на захопленай бальшавікамі тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаўся масавы тэрор. Чым яшчэ можа закончыцца сяброўства нацыстаў і камуністаў?
Асноўны вобраз вайны для расейскай прапаганды – гэта змаганне мільённых масаў жаўнераў, дзясяткаў тысячаў адзінак баявой тэхнікі, а героі вайны – гэта маршал, афіцэр або жаўнер.
Уся Беларусь была здадзеная савецкім войскам у першыя тыдні вайны. Такім чынам масавай мабілізацыю ў Чырвоную армію тут бальшавікі правесці не здолелі.
І самое насельніцтва, што Заходняй Беларусі, што Усходняй, памятаючы бальшавіцкі тэрор, не тое, каб надта імкнулася бальшавікам служыць. Працытуем толькі пару дакументаў:
«Варожыя элементы… вызвалілі з турмаў больш за 3 тыс. арыштаваных… адкрылі страляніну з вокнаў па частках і тылах нашых войскаў, якія праходзілі [праз горад], выкарыстоўваючы для гэтага схаваную зброю былой польскай арміі і кінутае нашымі часткамі», – напісаў ужо 13 ліпеня начальнік 3-га аддзелу (контрвыведка) 10-ай савецкай арміі палкавы камісар Лось у сваім рапарце пра падзеі ў Беластоку.
«Данясенне Вайсковай рады 30-ай арміі Вайсковай Радзе Заходняга фронту аб прычынах здачы ў палон чырвонаармейцаў. 6 верасня 1941 г. Зусім сакрэтна. № ВС/0069
Ваенны савет арміі, аналізуючы факты ганебных для арміі з’яваў – здачы нашых чырвонаармейцаў у палон да немцаў, выявіла, што значная частка тых, хто здаўся ў палон, належыць да чырвонаармейцаў паводле нацыянальнасці беларусаў, семʼі якіх у гэты час пнрабываюць у акупаваных немцамі вобласцях.
У арміі маюць месца факты пераходаў да немцаў з гэтай катэгорыі чырвонаармейцаў не толькі асобных людзей, але за апошні час ёсць выпадкі, калі гэты пераход ажыццяўлялі арганізавана цэлыя групы, гэтак, напрыклад:
27.VIII у 903-ім с[тралковым] п[алку] з 8-ай роты 3 батальёну, якая была на перадавой лініі, з паста сышла да немцаў са зброяй група чырвонаармейцаў колькасцю 5 чалавек. Усе аказаліся беларусамі, якія паходзяць з Віцебскай вобласці».
У выніку гэтых фактараў у 1941-1943 гадах доля беларусаў у Чырвонай арміі была не надта большая, чымся эстонцаў. Пры тым, што эстонцы, абʼектыўна кажучы, былі яшчэ больш антысавецкія, чым беларусы, бо мелі да савецкай акупацыі сваю незалежную дзяржаву, а насельніцтва Беларусі разоў у 7-8 перавышала насельніцтва Эстоніі.
Асноўная частка беларускіх мужчын, якія падпадалі пад прызыў, трапіла ў Чырвоную армію ўлетку-ўвосень 1944 года, калі да канца вайны заставалася менш як год. Так і атрымалася, што хоць беларускае насельніцтва да пачатку нямецка-савецкай вайны складала прыблізна 5 % насельніцтва СССР, то доля беларусаў у стратах Чырвонай арміі аказалася меншая за 3 %.
Што ж такое Другая сусветная вайна ў беларускай народнай памяці? Гэта тое, што ніяк не адпавядае стандартнаму савецкаму, а ў значнай ступені і беларускаму афіцыёзу.
Гэта жыццё ў тыле арміі, якая ваюе. Нямецкай арміі. Беларускія гарады – Менск, Гомель, Магілёў, Віцебск – бамбяць усе тры гады нямецкай акупацыі не нямецкія, а савецкія самалёты. Невялікія тылавыя часткі гэтай арміі кантраляваць свой тыл не маглі, самі розныя нямецкія ўстановы мелі розныя ўяўленні пра тое, што і як тут увогуле рабіць, такім чынам на беларускай тэрыторыі стварылася своеасаблівае «права джунгляў» – хто цяпер і на гэтым квадратным метры моцны, той і мае ўладу.
Гэта пачуццё смяротнай небяспекі ад любога чалавека, які ідзе са зброяй, якую б ён форму ні насіў. Каб выжыць, ад гэтага чалавека трэба было схавацца або яго трэба было забіць. Або – суіснаваць з ім, адкупіцца ад яго ці знайсці з ім агульную мову, агульны інтарэс.
У выніку беларуская Другая сусветная – гэта адсутнасць рэзкага падзелу на сваіх і чужых – ніхто да канца не свой. І адначасова гэта падзел паміж сваймі, штодзённы выбар – хто на якім баку, часам унутры адной сямʼі. Гэта тэрор – як нацысцкі, гэтак і бальшавіцкі, партызанскі, рабункі ды гвалт.
Штосьці з гэтага ёсць у афіцыйнай расейскай версіі вайны? Няма. Гэтага амаль ніколі няма нават у афіцыйнай беларускай версіі вайны.
А, значыць, дасюль мы не маем беларускага дня памяці пра тую вайну. І важнымі для ўнукаў і праўнукаў будуць не фанфары на тэлебачанні і не чырвоныя сцягі на вуліцах, а некалькі праўдзівых словаў успамінаў дзядулі або бабулі за сямейным сталом.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.