Наперадзе ўсіх, хто мае патрэбу. Што і дзе ў апошнія гады будавалі для сілавікоў


Праца з перспектывай, якая вымяраецца таксама ў квадратных метрах. Хоць і не па-за чаргой, але наперадзе яе, і па льготным кошце супрацоўнікі розных сілавых структур Беларусі атрымліваюць жыллё. Belsat.eu прыгледзеўся да гэтай нерухомасці.

Ключы ад кватэр супрацоўнікаў Следчага камітэту.
Фота: sk.gov.by

На днях трапіўся на вочы стары рэпартаж пра кірмаш вакансіяў МУС. «Выпускнікі ВНУ змогуць выбраць сабе аддзел, які падыходзіць. Можна стаць операм у аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, участковым або інспектарам ДАІ. Кандыдатам з сярэдняй адукацыяй прапануюць пайсці ў АМАП, стаць патрульным або канваірам. Міліцыянт па залічэнні на службу ўключаецца ў спісы на паляпшэнне жыллёвых умоваў і можа па ільготным крэдыце пабудаваць кватэру значна хутчэй звычайных смяротных. Тым, хто кватэру яшчэ не пабудаваў, абяцаюць службовае жыллё або грашовую кампенсацыю за арандаванае па дамове жыллё», – пісала «Камсамолка» сем гадоў таму.

Абяцанне сістэма стрымлівала, стымулюючы метрамі ўсе сілавыя ведамствы. У апошнія пяць гадоў пабудавана нямала.

Што, дзе і для каго?

Да крызісу 2011-га работнікі сілавых структур маглі пабудаваць кватэру ў любой новабудоўлі, якая спадабалася. Ім, як тым хто жыве ў нястачы, і камерцыйныя забудоўнікі павінны былі даць права будавацца па цане ніжэй, чым тым, хто не жыве ў нястачы. З пяціадсоткавым крэдытам жыллё абыходзілася не бясплатна, але і якасць, і лакацыю можна было выбіраць. У 2009-2010-х у сталіцы актыўна забудоўваліся праспект Дзяржынскага, вуліца Прытыцкага, Каменная Горка – у некаторых дамах было да 30 % супрацоўнікаў сілавых структур. Пасля крызісу гэтая опцыя адпала – дзяржава стала будаваць асобныя панэльныя дамы тыпавых спажывецкіх якасцяў. Пералічым тое, што публікавалі СМІ аб засяленні сілавікоў.

Дамы для АМАПу па Шугаева і Русіянава ў Менску.
Фота: tut.by

1.Найбольш абмяркоўваюцца – два дамы -«слупка» для АМАПу па Шугаева – Русіянава. Мясцовыя спрабавалі адстаяць гэты пятачок ад забудовы. І нават распісвалі сцены яшчэ не здадзенага дому.

2. Некалькі дамоў для сілавікоў у мікрараёне Міхалова-2. У асобны дом засялілі сем’і работнікаў аховы прэзідэнта, і асобна ж у Міхалова-2 пабудаваўся ЖБВК Следчага камітэту. Уласна, палова кватэр мікрараёну будавалася для сілавікоў.

3. У лесе, з асобным з’ездам з МКАД на вуліцы Спартыўная пабудаваны адасоблены квартал з трох шматпадʼездных дамоў. Першыя два дамы пабудаваныя, у асноўным, для супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў. У апошнім, які здалі ў 2017-м, каля 10% кватэр дасталася грамадзянскім асобам.

З 260 кватэраў у фонавым доме 214 атрымалі супрацоўнікі СІЗА № 1.
Фота: minsk.gov.by
Тагачасны міністр Шуневіч у адной з новых кватэр дорыць падарунак дзяўчынцы ў бела-чырвонай сукенцы.
Фота: minsk.gov.by

Як удакладняла афіцыйная прадстаўніца Дэпартамента выканання пакарання МУС Ірына Вышамірская, з 260 кватэр у гэтым доме 214 атрымалі супрацоўнікі СІЗА № 1, папраўчых установаў адкрытага тыпу, УДВП па горадзе Менску і Менскай вобласці і Дэпартамента выканання пакаранняў. Пасля яго ўводу ў эксплуатацыю прадстаўнікі крымінальна-выканаўчай сістэмы Менскага гарнізона практычна цалкам забяспечаныя жыллём.

Адкрыццё дому для міліцыянтаў у аграгарадку Калодзішчы.
Фота: kolodischi.by

4. У 2018 годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзесяціпавярховы дом у ваенным гарадку пасёлка Калодзішчы Менскага раёну. Кватэры ў ім атрымалі 193 міліцэйскія сем’і Менскага гарнізона.

Дамы для сілавікоў, пабудаваныя ў пасёлку Копішчы Менскага раёну.
Фота: Onliner
Дамы для сілавікоў, пабудаваныя ў пасёлку Копішчы Менскага раёну.
Фота: kukuruku для Onliner

5. Даволі свежыя і два бел-шэра-салатавых дамы, што пабудаваныя ў пасёлку Копішчы Менскага раёну. Здалёк яны выглядаюць магутнай сцяной, якая прымыкае да забудовы «Новая Баравая». Іх тут называюць «дамы МУС», хоць пабудаваліся тут не толькі міліцыянты.

Адкрыццё шматкватэрнага дому для супрацоўнікаў Следчага камітэту.
Фота: sk.gov.by
Уручэнне ключоў ад кватэраў для супрацоўнікаў Следчага камітэту.
Фота: sk.gov.by

6. Два гады таму засялілі і шматкватэрнік у аграгарадку Прылукі Менскага раёну. Дом на 130 кватэр будавалі для Следчага камітэту. Афіцыйна ўдакладнялася: гэта трэці дом, пабудаваны для сваіх супрацоўнікаў за гады існавання ведамства, і запланаванае будаўніцтва чацвёртага дому.

Гаспадар наваселля – міністр (ужо былы) Ігар Шуневіч.
Фота: belta.by

7. У Жодзіна ў 2019-м урачыста ўвялі ў эксплуатацыю шматпавярховы дом для супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Ключы супрацоўнікі атрымалі з рук тагачаснага міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. «Ён адзначыў, што ўвядзенне ў эксплуатацыю новага дому – вялікае свята не толькі для жыхароў, але і для ўсяго ведамства. Паводле яго словаў, камфортныя бытавыя ўмовы, дзіцячы смех і цёплае надвор’е ў доме як нельга лепш стымулююць супрацоўнікаў на плённую дзейнасць. Гонар першым атрымаць ключы ад сваёй кватэры выпаў старэйшаму кантралёру дзяжурнай службы турмы №8 Ігару Жартуну. Усяго ж ключы атрымалі 63 супрацоўнікі папраўчай установы. Іх суседзямі сталі супрацоўнікі іншых жодзінскіх падраздзяленняў МУС, а таксама ратавальнікі, вайскоўцы, прадстаўнікі іншых дзяржарганізацыяў. Гэта трэці дом для міліцыянтаў у райцэнтры», – паведамляла БЕЛТА.

Грамадскае абмеркаванне будаўніцтва дому ў Ждановічах.
Фота: realt.onliner.by

8. Два дамы для МУС збіраюцца будаваць у канцы праспекта Пераможцаў, у Ждановічах. Нядаўна было грамадскае абмеркаванне, дзе людзі абураліся: пад дамы збіраюцца секчы малады парк. Але іх запэўнілі – рашэнне прымалася на самым высокім узроўні. ЖБВК створаны 31 ліпеня гэтага года. А 28 ліпеня Лукашэнка наведаў вайсковую часць 3214, дзе яму паскардзіліся на слабую забяспечанасць жыллём. Дарэчы, гэта жыллё будзе ўжо не тыпавым – у праекце да Салігорскай панэлі прыкладаецца шматузроўневы паркінг.

Будаўніцтва СІЗА і інтэрнату для супрацоўнікаў – непадалёк.
Фота: tut.by

9. У Калядзічах дабудоўваюць новы комплекс будынкаў, куды пераедзе СІЗА з Валадарскага. Там жа пабудавалі інтэрнат для супрацоўнікаў СІЗА.

Кошт пытання

Супрацоўнікі СК на адкрыцці жылога дому.
Фота: sk.gov.by

Кошт квадратнага метра ў дамах тыпавых спажывецкіх якасцяў для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў не адрозніваўся ад цаны для астатніх чаргавікоў. Хтосьці будаваўся па $ 500 у эквіваленце, хтосьці па $ 400. Напрыклад, у «лясным» квартале на Спартыўнай метр каштаваў $ 400.

Пяціадсоткавы крэдыт для сілавікоў выдаецца не на ўвесь кошт кватэры. Крэдытуюць паводле нарматыву, які ўстаноўлены дзяржавай (нарматыў у рублях, цяпер роўны Br 817). Калі квадратны метр даражэй нарматыву, трэба даплачваць. Як і за звышнарматыўныя метры. Але ў цэлым сума выходзіць пад’ёмная. Акрамя таго, няма абавязку працаваць у той жа міліцыі або СК усе 20 гадоў, пакуль не выплаціш крэдыт. Уступіў у будоўлю, атрымаў крэдыт, і, калі кантракт скончаны і ў працэсе стала ясна, што служба не тваё – вольны. Так, прынамсі, раней паступалі некаторыя навасельцы. І цяпер у дамах сілавікоў частка – былыя супрацоўнікі, а яшчэ частка кватэр перапрададзеныя звычайным грамадзянам.

Наталля Літоўская/ІР Belsat.eu

Стужка навінаў