Нападніку на банк у Магілёве высунулі абвінавачванне


Грамадзяніну Расеі, які 20 лістапада спрабаваў абрабаваць банк у Магілёве, прад’явілі абвінавачанне ў разбоі і захопе закладнікаў ( ч. 3 ст. 207 і пункты 6,7 ч. 2 ст. 291 адпаведна). Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, паведамілі ў Следчым камітэце.

«Пагражаючы работнікам і наведвальнікам банка забойствам, дэманструючы прадмет, падобны да пісталета сістэмы Макарава», мужчына ўварваўся днём у аддзяленне банка і запатрабаваў грошы. Супрацоўніца банка паспела націснуць трывожную кнопку. Нападнік апынуўся заблакаваным ў памяшканні супрацоўнікамі Дэпартамента аховы. Усе, хто быў унутры – 8 наведвальнікаў і 6 супрацоўнікаў банка, – апынуліся закладнікамі.

Па патрабаванні збройнага мужчыны яму прадставілі аўтамабіль. У якасці закладніка ў машыне знаходзіўся першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў. Падазраваны сеў у машыну, адʼехаў на ёй ад аддзялення банка. Уцякаючы, мужчына страляў па сілавіках. Тым давялося ўжыць табельную зброю. Параненага ў нагу зламысніка затрымалі і шпіталізавалі.

Паводле словаў кіраўніка СК Івана Наскевіча, падазраваны не дае паказанняў. Тым не менш складанасцяў з расследаваннем гэтай справы няма.

«У нас ёсць ужо цэлы комплекс доказаў, дзякуючы якім мы, я думаю, у досыць кароткі тэрмін скончым расследаванне па справе і накіруем яго ў суд», – адзначыў Наскевіч.

Магілёўскія эксперты аднавілі інфармацыю з жорсткага дыска кампутара банка і цяпер яе аналізуюць. На экспертызе знаходзіцца і пісталет, канфіскаваны ў зламысніка. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў