Напад на мячэці ў Новай Зеландыі: 49 чалавек загінулі, дзясяткі параненыя


У выніку ўзброенага нападу са стралянінаю на дзве мячэці ў новазеландскім горадзе Крайстчэрч загінулі 49 асобаў Больш за 20 чалавек цяжка параненыя. Чацвёра падазраваных, тры мужчыны і жанчына, арыштаваныя.

Раней паведамлялася пра 40 загінулых. The Guardian, спасылаючыся на звесткі мясцовая паліцыі, піша пра 49 ахвяраў.

Як паведамляе Бі-бі-сі, пакуль не ясна, колькі чалавек прынялі ўдзел у нападзе. Паліцэйская аперацыя працягваецца. Падчас аперацыі канфіскаваныя самаробныя выбуховыя прылады, агнястрэльная зброя і боепрыпасы.

Фота SNPA

Мяркуючы па колькасці знойдзенай зброі, кажуць эксперты, напады на мячэці былі старанна падрыхтаваныя.

«Гэта адзін з самых чорных дзён у гісторыі Новай Зеландыі», – заявіла прэм’ер-міністр краіны Джасінда Ардэрн. Яна назвала гэты напад беспрэцэдэнтным актам гвалту і тэрарызму.

Напады адбыліся на мячэць «Аль-Нур» у цэнтральнай частцы горада і мячэць у прыгарадзе Лінвуд. У момант нападу ў мячэці знаходзіліся сотні чалавек, якія сабраліся на малітву. Відавочцы распавялі мясцовым СМІ, як чалавек у ваенным камуфляжы і шлеме, узброены аўтаматычнай зброяй, страляў па наведніках мячэці «Аль-Нур».

Пазней стала вядома, што адзін з нападнікаў – гэта 28-гадовы аўстраліец Брэнтан Тарант, які, меркавана, быў прыхільнікам праварадыкальных ідэяў. Перад нападам ён апублікаваў у сацсетках маніфест аб нянавісці да мігрантаў на 74 старонках. Страляніну ён трансляваў у жывым эфіры, здымаючы ўсё на камеру, замацаваную на сваім целе.

КА belsat.eu

Стужка навінаў