«Нанёс шкоду на 30 рублёў». У Магілёве судзяць мужчыну, які раскідаў самарэзы побач з будынкамі КДК, УСК, ГУБАЗіК і МУС


Сяргея Базука судзяць па крымінальнай справе за хуліганства.
Фота: Белсат

5 студзеня суд Ленінскага раёну Магілёва працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць жыхара Магілёва Сяргея Базука. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі за тое, што раскідаў самарэзы на паркоўках службовага транспарту побач з будынкамі сілавых структураў. Адзін аўтамабіль атрымаў пашкоджанне.

Справу разглядае суддзя Аксана Ратнікава. Ролю дзяржаўнага абвінаваўцы выконвае памочнік пракурора Магілёва Зміцер Марусаў. На паседжанні 5 студзеня апыталі абвінавачанага Сяргея Базука. Яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу яшчэ 13 лістапада мінулага года, калі стаяў на прыпынку грамадскага транспарту. З таго часу Сяргей застаецца пад вартаю. Базук распавёў сілавікам усе акалічнасці справы і прызнаў сваю віну адразу пасля затрымання і, што пацвердзіў на судзе, зрабіў гэта без прымусу.

«Сваімі дзеяннямі я хацеў выказаць уласны пратэст. Мне не падабаліся паводзіны сілавых структураў пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня. Канкрэтна не спадабалася тое, што начальнік ГУБАЗіКу ў Менску разбіў шкляныя дзверы ў кавярні, хаця не было ніякай неабходнасці. Не спадабалася, што невядомыя людзі хапаюць мірных грамадзянаў у цэнтры гораду і вязуць іх у невядомым напрамку. Не спадабалася тое, што не былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за збіццё мірных грамадзянаў. Мэты дэстабілізаваць працу сілавых структураў сваімі дзеяннямі ў мяне не было. Толькі выказаць свой пратэст», – патлумачыў свае паводзіны Сяргей Базук.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Паводле Базука, ідэя раскідаць самарэзы на паркоўках службовага транспарту да яго прыйшла спантанна. Ён выкарыстаў самарэзы, якімі з ім разлічыліся на папярэдняй працы ў якасці заробку: 2 см даўжынёй з плоскай галоўкай яркага срэбранага колеру.

Фота з камер відэаназірання ля Следчага камітэту ў Магілёве. Крыніца Тэлеграм-канал Следчага камітэту

Сяргей Базук клаў самарэзы ў кішэню і ішоў да будынкаў сілавых структураў. На паркоўках ля гэтых будынкаў ён асцярожна высыпаў самарэзы з кішэні. Пры гэтым свайго твару Сяргей не хаваў, хоць і ведаў, што на ўсіх будынках ёсць камеры відэаназірання. Сяргей раскідаў самарэзы двойчы: 26 кастрычніка на паркоўцы ля УУС Магілёўскага аблвыканкаму і 11 лістапада на паркоўках ля КДК па Магілёўскай вобласці, ГУБАЗіКу і УСК Магілёва.

«Я раскідваў самарэзы прыкладна з 7-й да 8-й раніцы, калі на вуліцы было мала людзей і не было машынаў. У гэты ж час звычайна працуюць камунальныя службы, якія маглі б заўважыць самарэзы і прыбраць іх. У такім выпадку шкода нікому нанесеная не была б. Але я дапускаў, што могуць быць пашкоджаныя колы аўтамабіляў супрацоўнікаў гэтых сілавых структураў», – сказаў Сяргей на судзе.

Сяргей Базук у судзе Ленінскага раёну Магілёва.
Фота: Белсат

Згодна матэрыялам справы, пашкоджанне транспарту мела месца. 11 лістапада супрацоўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю рухаўся на аўтамабілі «Hyundai Creta» і наехаў на самарэз срэбнага колеру даўжынёй 2 см, у выніку чаго пашкодзіў адно кола. Сума шкоды склала 30 рублёў, аднак, як сказаў адвакат Базука на судзе, у справе маецца квіток толькі на 10 рублёў. І тым не менш, шкода была кампенсаваная супрацоўніку КДК у поўным памеры. У якасці пацверджання факту кампенсацыі ў справе маецца фотаздымак. А відэафайл, на якім гэтая машына рухаеццая ў пазначаным месцы ў пэўны час, адсутнічае.

На пытанні судзі, дзяржабвінаваўцы і адваката Сяргей адказваў вельмі спакойна. Эмацыйных выказванняў не рабіў, казаў толькі па справе. Склалася адчуванне, што для сябе ён ужо даўно разабраўся з усім. Пазіцыя Базука на судзе супадае з ягонай пазіцыяй падчас следства: віну ён прызнае цалкам, да сваіх дзеянняў ставіцца адмоўна і кажа, што 26 лістапада гэта быў апошні выпадак, больш раскідваць самарэзы не намерваўся.

«Я хацеў звярнуць увагу супрацоўнікаў гэтых ведамстваў – МУС, КДК, ГУБАЗіК і УСК – на тое, што адбываецца ў краіне. Груба парушаць грамадскі парадак я не збіраўся», – сказаў Сяргей і дадаў, што раней яму самому даводзілася звяртацца ў пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю, адкуль ён атрымаў толькі адпіскі.

Працяг разгляду справы – 20 студзеня.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў