Намёты пад амбасадай Беларусі ў Варшаве


Ля амбасады Беларусі ў Варшаве, Польшча. 10 жніўня 2020 г. фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Увечары 9 жніўня амбасада Беларусі абвесціла вынікі галасавання ў прэзідэнцкіх выбарах, але не вывесіла пратакол. Тады беларус Сяргей Спірын разбіў лагер і застаўся начаваць пад беларускай амбасадай у Варшаве на знак пратэсту.

Познім вечарам, пасля размовы з паліцыяй, грамадзянін Польшчы дапамог Сяргею раскласці намёт. У знак падтрымання позняй ноччу прыехаў яшчэ адзін хлопец – Уладзіслаў. Даставілі другі намёт.

«Мы хочам дамагчыся права голасу, справядлівасці і змены ўлады».

Раніцай пачалі прыходзіць людзі: прыносілі ваду, ежу, гваздзікі і лампадку. Цяпер хлопцы спрабуюць легалізаваць намётавы лагер.

Ля амбасады Беларусі ў Варшаве, Польшча. 10 жніўня 2020 г. фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Па-першае мы патрабуем ад амбасады прыняць асабіста з нашых рук скаргі, якія пакідаюць людзі. Па-другое, каб амбасада афіцыйна пракаментавала падзеі ў Беларусі. Па-трэцяе мы патрабуем, каб нашыя скаргі даставілі ўладам, каб нас пачулі.

Увесь свет падняўся, калі памёр Джордж Флойд. Цяпер у нас кідаюць пластыкавыя гранаты. Мы патрабуем, каб увесь свет падняўся за Беларусь», – каментуе Стэфан, якія прыехаў падтрымаць хлопцаў.

Ля амбасады Беларусі ў Варшаве, Польшча. 10 жніўня 2020 г. фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Сяргей Спірын нарадзіўся ў Шчучыне, адкуль з’ехаў 7 гадоў таму з палітычных прычынаў.

«У Варшаве я жыву паўтара года, у мяне від на жыхарства. Але я хачу дадому».

Belsat.eu

Стужка навінаў