Намеснік прэм'ера распавёў, як цяпер павышаецца камуналка


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў. Фота – sb.by

Намеснік кіраўніка Ўраду Уладзімір Кухараў распавёў газеце «Рэспубліка», што тарыфы ЖКГ у Беларусі ад сёлета павышаюцца ў два этапы.

«Калі раней з 1 студзеня ўздымалі на 5 долараў тарыфы, то ад сёлета падзялілі павышэнне на два этапы. З 1 студзеня ўзнялі на $ 3,90, а з 1 чэрвеня на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне – на $ 1,10. Бачым, што такую ​​тэндэнцыю трэба працягваць. І на наступны год плануем таксама ў два этапы павышаць. І прыкладна ў такой жа прапорцыі», – заявіў намеснік прэм’ера.

Чыноўнік нагадаў, што абмежаванне росту тарыфаў на $ 5 у год было рашэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Кухарава, ацяпленне і забеспячэнне гарачай вадой – адзіныя віды паслугаў ЖКГ, якія беларусы яшчэ не аплочваюць цалкам.

Павышэнне цаны камунальных паслугаў для насельніцтва адбываецца згодна з рэкамендацыямі ад Сусветнага банку распачаць у Беларусі рэформы і, між іншага, павысіць камунальныя тарыфы для насельніцтва.

У жніўні кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмер звярнуў увагу, што беларусы аплочваюць толькі каля 16 % ад яго вартасці, а рэшту пакрывае дзяржава і рэальны сектар эканомікі.

«Мы хочам, каб бедныя і сацыяльна неабароненыя сям’і не пацярпелі ад падвышэння тарыфаў на ацяпленне. Гэта можна зрабіць шляхам пашырэння існай праграмы субсідыяў на паслугі ЖКГ», – сказаў Алекс Крэмер.

Паводле Уладзіміра Кухарава, безнаяўную грашовую дапамогу на камунальныя паслугі ў 2018 годзе атрымалі 30 тысячаў чалавек. Дзевяць з дзесяці сямейных гаспадарак атрымалі субсідыі аўтаматычна – людзі нават не падазравалі, што падпадаюць пад крытэрыі субсідавання.

«Гэта значыць сістэма сама апрацавала дадзеныя, убачыла ўсе прыбыткі насельніцтва і разлічыла», – патлумачыў Кухараў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў