Намеснік прэм'ер-міністра загадаў стварыць у Беларусі шоу кшталту «Голас» ці «Х-фактар»


Без інавацыяў і новых формаў працы развіццё сферы культуры будзе праблематычным. Такое меркаванне выказаў намеснік Прэмʼер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што імёны беларускіх талентаў становяцца здабыткам шырокай грамадскасці краіны толькі пасля заявы пра сабе ў замежных тэлешоу і конкурсах. Ігар Петрышэнка даручыў Мінкультуры сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй разгледзець пытанне пра запуск нацыянальнага тэлевізійнага праекту фармату шоу «Голас» ці «Х-фактар».

«Мы самі павінны выяўляць маладыя таленты і падтрымаць іх. Фонд па падтрыманні таленавітай моладзі таксама павінен падумаць над новымі формамі выяўлення нашых талентаў. Гэты падыход трэба зрабіць больш адрасным і эфектыўным. У нас ёсць Тэатр эстрады, які павінен стаць цэнтрам развіцця і падтрымання таленавітай моладзі, эксперыментальнай пляцоўкай для іх творчых ініцыятываў. У тэатры існуе добры базавы патэнцыял», – сказаў намеснік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на працу рады спецфондаў па падтрыманні таленавітай моладзі і па падтрыманні культуры і мастацтва.

«Аблвыканкамы і ўстановы адукацыі і культуры не выкарыстоўваюць у належнай меры механізмы стымулявання творчай моладзі. Хацелася б, каб сябры радаў акумулявалі праблемныя пытанні і выйшлі з ініцыятывамі. Кожны праект, які паступіў на разгляд фонду, павінен быць старанна прааналізаваны з пункту погляду навізны, актуальнасці, сацыяльнай і творчай значнасці. А лаўрэаты гэтых фондаў павінны атрымаць прызнанне ў грамадстве, што можна зрабіць праз арганізацыю турнэ з іх удзелам па краіне», – выказаў прапанову Ігар Петрышэнка.

Варта звярнуць увагу на праблемы развіцця культуры ў рэгіёнах. Рэаліі часу патрабуюць, каб кожная арганізацыя культуры, пачынаючы ад універсітэтаў і акадэміяў і заканчваючы раённымі музеямі і дамамі культуры, распрацавала і прыняла да дзеяння стратэгію свайго развіцця на доўгатэрміновую перспектыву.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі, намеснік прэмʼер-міністра парэкамендаваў выбудоўваць працу так, каб жыхары і замежныя госці краіны маглі ацаніць разнастайнасць культурных традыцыяў Беларусі, іх рознабаковасць і самабытнасць.

«Кожны рэгіён нашай краіны самабытны і мае вялікі патэнцыял для росту культурнага і пазнавальнага турызму. Таму да 1 красавіка прадстаўце ўраду прапановы па яго развіцці», – рэзюмаваў ён.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў