Намеснік галоўнага рэдактара «Regnum» адмовіўся каментаваць справу аб распальванні нацыянальнай варожасці


Ігар Паўлоўскі не пажадаў пракаментаваць заявы беларускіх «рэгнумаўцаў» у судзе і распавесці аб тым, якім чынам адбываецца супраца з замежнымі аўтарамі.

Падчас допытаў 19 і 20 снежня падсудныя па справе аб распальванні нацыянальнай варожасці неаднаразова казалі, што змест, а таксама загалоўкі іхніх тэкстаў, дасланых на рэдакцыйную пошту інфармацыйнага агенцтва Regnum маглі рэдагаваць і змяняць без узгаднення з аўтарамі.

Belsat.eu звязаліся з Ігарам Паўлоўскім, намеснікам галоўнага рэдактара, якога ўзгадаў Сяргей Шыпценка, як кантактную асобу ў агенцтве. Паўлоўскі пацвердзіў, што ён знаёмы з Шыпценкам, а таксама з іншым абвінавачаным, Юрыем Паўлаўцам. Але ж каментаваць іх заявы адмовіўся.

«Я гэта ніяк не каментую. Я не ведаю, казаў ён гэта ці не», – сказаў Ігар Паўлоўскі.

Распавесці, якім чынам ладзіцца супраца Regnum з аўтарамі з-за мяжы намеснік галоўнага рэдактара таксама адмовіўся, а абвінавачванні беларускага боку ён лічыць беспадстаўнымі.

«Наконт абвінавачванняў у распальванні нацыянальнай варожасці казаць нічога не буду. Бо гэта абсурд. Усе тэксты ёсць у адкрытым доступе. У расейскага боку ў асобе Раскамнагляду да іх прэтэнзіяў няма», – пракаментаваў працэс Ігар Паўлоўскі.

ВЧ, belsat.eu

 

Стужка навінаў