«Нам жа яшчэ тут жыць, вы зразумейце». Што кажуць жыхары вёскі, дзе ад COVID-19 памерла жанчына?


Настаўніца з Новых Доктаравічаў Капыльскага раёну памерла ў ноч на 1 красавіка ў раённай цэнтральнай больніцы, куды яе шпіталізавалі з пнеўманіяй. Аднавяскоўцы адгукаюцца пра яе і сям’ю як людзей ціхіх, ветлівых, спакойных. І выказваюць спачуванні родным.

Сітуацыя ў вёсцы Новыя Доктаравічы выглядае напружана. На вуліцах практычна няма людзей. Рэдкія ж мінакі адмаўляюцца каментаваць падзеі апошніх дзён, спасылаючыся на тое, што не валодаюць ніякай інфармацыяй, нават пакуль пра вынікі мазкоў, якія ў іх бралі напярэдадні, а таксама праз нежаданне мець праблемы з мясцовымі ўладамі:

«Нам жа яшчэ тут жыць, вы зразумейце. Ды й не спецыялісты мы ў гэтай справе».

Hавiны
Мінздароўя пацвердзіла другую смерць ад каронавірусу. На лячэнні – 157 чалавек.
2020.04.01 12:57

У мясцовым ФАП рэкамендуюць звярнуцца ў санстанцыю гораду Капыль:

«Мы, тут на месцах, людзі маленькія. Уся інфармацыя ў іх».

ФАП.
Фота: Belsat.eu

На вуліцы, дзе стаіць дом мясцовай настаўніцы, пра апошнія падзеі ведаюць. Сталая суседка пацвярджае інфармацыю пра смерць Наталлі А.

«Мне 80 год, я ўжо нікуды не хаджу. Сям’ю ведаю, добрыя людзі, сумленныя, спакойныя. Яны пераехалі сюды гады два таму з Менску. Ніколі ад іх не даносілася ні лаянак, ні сварак. Муж дык кожны дзень хадзіў яе да школы сустракаць. У іх такія стасункі былі, быццам бы толькі ажаніліся. Добрыя людзі. Тое, што здарылася з імі, жахліва. Адкуль тут што ўзялося, хто ж скажа. Нам нічога не гавораць. Ведаем, што толькі са школы пачалося. А там жа дзеці. Усё гэта страшна».

Цёплымі і шчырымі словамі пра сямʼю адгукаецца і іншая суседка, што жыве зусім побач. Родныя ж пакуль каментаваць здарэнне не гатовыя.

Фота: Belsat.eu

Пра тое, што з вёскі шпіталізавана каля 30 чалавек, паведамляе мясцовы мужчына. Паводле яго, у больніцы знаходзяцца яшчэ некалькі чалавек з Доктаравічскай сярэдняй школы: настаўніца фізічнай культуры і дырэктар.

«У найгоршым стане забіраюць у Менск. Хто палепш – развозяць па раённых медычных установах. Астатнім людзям сказалі сядзець па дамах, бачыце, нікога ж няма на вуліцы. Сказалі ні з кім чужым не размаўляць, на двор не пускаць», – зазначае ён.

Фота: Belsat.eu

Застаюцца ў больніцы і дзеці, якіх забралі 30 сакавіка. Аддзяленне закрытае для наведвання, але магчыма перадаць прадукты і рэчы. Як распавёў Belsat.eu яшчэ адзін мясцовы, вопратку, у якой дзеці зʼехалі, бацькам не аддаюць.

Да суседняга дому, дзе пражывала Наталля А. з сямʼёй, падʼязджае аўтамабіль хуткай дапамогі. Ад каментароў медыкі адмаўляюцца, сыходзячы ў глыб двара.

Фота: Belsat.eu

У суседняй вёсцы Вуглы, паводле мясцовай жыхаркі, пакуль шпіталізаваныя два чалавекі з дыягназам пнеўманія. Прадстаўнікі санстанцыі ці медыкі больш ні да кога не прыязджалі.

Спраўдзіць інфармацыю пра колькасць шпіталізаваных, іх стан і ў якім рэжыме працуе больніца ў прадстаўнікоў медычнай установы, немагчыма. У прыёмнай Капыльскай цэнтральнай раённай больніцы перанакіроўваюць у Міністэрства аховы здароўя:

«Мы зусім не маем права нічога каментаваць».

Па нумары галоўнага доктара Капыльскай ЦРБ Сяргея Пацяйковіча ўвесь дзень адказвае аўтаадказчык.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў