«Нам самім гэта не трэба» – міліцыянты змушаюць Змітра Паліенку хадзіць на лекцыі ў РАУС


Актывіст напісаў у Facebook пра настойлівыя вечаровыя візіты праваахоўнікаў, якія змушаюць яго прыходзіць у аддзел міліцыі, пакуль Зміцер не ўладкаваўся на афіцыйную працу.

Паводле Змітра, яго не было дома, але ў ягоным пакоі была сяброўка.

«Яны запытваліся, дзе я зараз і хацелі ўзяць тлумачэнні, чаму я не наведваю лекцыі ў РАУС. Яна адказала, што мяне няма, і яны сышлі. Але праз хвіліну вярнуліся і пачалі груба ламацца ў дзверы. Калі яна адчыніла, адразу пачалі хадзіць па пакоі ў пошуках мяне, заглядвалі на гаўбец».

Размаўлялі міліцыянты агрэсіўна, пужалі дзяўчыну, што яна перашкаджае дзеянням супрацоўнікаў міліцыі і паедзе з імі. Аднак пасля абяцанняў дзяўчыны пазваць на дапамогу змянілі тон.

«Ну што яму складана хвілін на трыццаць прыходзіць на тыя лекцыі, нам самім гэта не трэба», – сказалі яны, але зразумеўшы, што Змітра няма, сышлі.

Сам Зміцер распавёў belsat.eu, што на лекцыі хадзіць не збіраецца прынцыпова, а такія начныя візіты міліцыянтаў незаконныя.

«Тое, што яны робяць у дачыненне да мяне, – гэта таксама незаконна. Гэта прымус, каб я афіцыйна працаўладкаваўся! А калі не, то абавязаны хадзіць да іх кожны дзень, акрамя выходных. Туды ходзяць людзі – у якіх нагляд пасля калоніі. У мяне нагляду ўвогуле няма. Лекцыі – пра працу і прафілактыку правапарушэнняў, але іх не заўжды чытаюць, туды ходзяць, каб адзначыцца».

Хлопец не хоча афіцыйна працаваць праз непагашаныя штрафы за грамадскую дзейнасць. У выпадку афіцыйнага працаўладкавання з ягонага заробку будуць забіраць большую частку на іх пагашэнне.

За не наведванне лекцый актывісту можа пагражаць штраф або адміністрацыйны арышт за непадпарадкаванне міліцыянтам.

24 кастрычніка Зміцер Паліенка выйшаў на волю.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары