Нам блізкія вашыя справы: як «Белсат» дапамагае людзям


«Белсат» не проста асвятляе найважнейшыя беларускія і замежныя падзеі, але дапамагае гледачам вырашаць іхныя праблемы.

Дванаццаць гадоў нашае працы даводзяць, што нашая дзейнасць – больш, чымся журналістыка.

«За гэтыя гады мы зразумелі, што рэальна дапамагаем развязаць праблемы людзей», – кажа Вольга Швед, адказная за развіццё інтэрактыўных медыяў «Белсату».

Пасля нашых матэрыялаў мазырскія памежнікі адмовіліся спальваць паўтысячы папугаяў, заробкі ў Сянне павялічылі да 700 рублёў (раней было 70), а працаўнікам докшыцкай гаспадаркі – наагул пачалі плаціць за працу.

Пазалетась дзякуючы нашаму каналу жыхары Сельгаспасёлку ў Менску змаглі ўратаваць ад знішчэння мясцовы сквер.

«”Белсат” нам вельмі дапамог, ніхто больш не асвятляў так гэтыя падзеі. Надзея была на «Белсат». Усе суседзі пыталіся, калі выйдзе наступны рэпартаж», – прызнаваўся актывіст Віктар Барташэвіч.

Такая колькасць гісторыяў са шчаслівым канцом прывяла да таго, што нам пішуць у спадзеве, што «Белсат» дапаможа ўратаваць малочны завод, які закрываецца, або адрамантаваць дах, які цячэ ўжо восем гадоў.

«Мяркую, людзі звяртаюцца да нас не для таго, каб мы ім адрамантавалі гэты дах, але таму, што адчуваюць сябе бяссільнымі. Яны адчуваюць, што ўлады, якія павінныя займацца справаю даху, іх не слухаюць, ігнаруюць і не заўважаюць», – кажа кіраўнік аддзелу прамоцыі «Белсату» Лукаш Бырскі.

Мы працягнем звяртаць увагу на вашыя праблемы.

«Вельмі важна, што мы заахвочваем людзей да супольнага дзеяння, да інтэграцыі, да таго, каб людзі больш давяралі адзін другому», – працягвае Бырскі.

Такая практыка ўжо некалькі гадоў прыносіць свой плён.

Гэтак, пасля сюжэту аб самотнай маці Алены Куколь, якая збіралася прадаць нырку, каб зрабіць рамонт у хаце – у іншым выпадку органы апекі пагражалі забраць у яе непаўналетняга сына – нашыя гледачы сабралі для жанчыны Br 10 000.

Журналістка Ганна Бадзяка перадае Алене Куколь сабраныя нашымі гледачамі грошы

Пасля сюжэту аб сям’і Мокас з Дзяржынску, у якой праз пазыку за камунальныя паслугі дзяржава пагражала забраць адразу пяцёх дзяцей, нашыя гледачы шпарка сабралі для яе неабходную суму.

«Сюжэт выйшаў у чацвер, а ў выходныя сталі паступаць грошы на рахунак. Суму сабралі значна большую, чымся была патрэбная», – распавядала шматдзетная маці Марына Мокас.

Найважнейшай ілюстрацыяй гэткага падыходу сталася нашая апошняя кампанія «Беларускамоўны». Мы заахвочваем называць беларускую мову роднай падчас восеньскага перапісу насельніцтва. Ад колькасці гэткіх адказаў будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы – у дачыненні да кожнага з вас.

«Усе гэтыя справы агулам і адрозніваюць наш канал ад беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў», – дадае Бырскі.

Калі вы лічыце, што «Белсат» можа дапамагчы, звяжыце з намі

Пішыце і дасылайце нам свае фота і відэа праз:

belsat.eu

Стужка навінаў