«Нам баліць гэты край!»: у відэароліку «Белсату» журналісты чытаюць верш пра жнівень 2020


«Байцы забеглі ў двары і распачалі страляніну, і мы ляжым на падлозе!» – словы нашай журналісткі Кацярыны Андрэевай з жывога ўключэння ў ноч з 10 на 11 жніўня каля станцыі метро Пушкінская мы запомнім надоўга.

Гэтак сама, як і вас, журналістаў «Белсату» затрымліваюць і збіваюць, але мы працягваем працаваць. Падчас асвятлення выбарчых пратэстаў былі затрыманыя 36 белсатаўцаў. Агулам нашыя працаўнікі атрымалі больш за 70 содняў арыштаў.

Тое, што адбывалася ў аўтазаках, на міліцэйскіх пастарунках і ў ізалятарах, яны не толькі бачылі на ўласныя вочы, але спазналі на сабе. За кратамі збівалі нашых журналістак Таццяну Белашову, Алену Дубовік, аўтара і вядоўцу праграмы «Давайце разбірацца» Станіслава Івашкевіча, рэжысёра-дакументаліста і ўладальніка міжнародных узнагародаў Максіма Шведа, які супрацоўнічае з «Белсатам».

Нашых гарадзенскіх калегаў Алеся Кайрыса і Аляксандра Саенку затрымалі пасля абвяшчэння вынікаў галасавання, аўтара гістарычных праграмаў Яна Романа – калі той прыйшоў даведацца пра іхны лёс. У якасці адказу на пытанне яму зламалі руку, нос і выбілі зубы. Трапіла за краты Марта Клінава, якая супрацоўнічае з праграмай «Маю права», – яе АМАП вывез проста з выбарчага ўчастку.

Соднямі пакаралі нашага глыбоцкага журналіста Змітра Лупача ды аўтара сатырычнага шоу «Гэта ж вінаград!» Паўла Вінаградава. Фотакарэспандэнтку Ірыну Арахоўскую падстрэлілі гумовай куляй, а карэспандэнт Vot-tak.tv атрымаў раненні ад святлошумавой гранаты.

З дня выбараў мы правялі больш за 100 гадзінаў жывых уключэнняў з пратэстаў, страйкаў, з-пад месцаў часовага ўтрымання і працягваем асвятляць важныя моманты для нашай краіны.

У відэароліку нашыя адважныя калегі чытаюць верш паэткі Валярыны Куставай, якая доўгі час супрацоўнічае з «Белсатам» у якасці аўтаркі або вядоўцы праграмаў, у тым ліку дакументальнага цыклу «Лабірынты», які мы пабачым у новым сезоне. Ужо з верасня ў эфір «Белсату», на нашыя YouTube-каналы і старонку belsat.eu вяртаюцца вашы ўлюбёныя праграмы.

НІ, ІА, belsat.eu

Стужка навінаў