Налёт на «Прэс-Клуб»: затрыманая Юлія Слуцкая, ператрусы ў топ-менеджараў


Сілавікі прыйшлі ў офіс арганізацыі.

Заснавальніцу медыяарганізацыі Press Club Belarus Юлію Слуцкую затрымалі ў аэрапорце па прылёце ў Менск 22 снежня, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Юлія Слуцкая. Фота press-club.by

Вядома, што ператрусы праводзяцца ў кватэрах у менеджараў Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага, паведамляе БАЖ. Cілавікі прыйшлі з ператрусам і да дырэктара «Акадэміі прэс-клуба» Сяргея Якупава.

Таксама сілавікі прыйшлі ў офіс арганізацыі.

17:30. У кватэры заснавальніцы «Прэс-клубу» Юліі Слуцкай – ператрус, паведамляе радыё «Свабода».

Юлію Слуцкую затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце Менску пасля яе прылёту. Вядома, што яе адвезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

18:00. Алу Шарко міліцыянты вязуць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Журналістаў адпусцілі з РАУС.

19:00. Справу пракаментавалі ў ДФР КДК. Дэпартамент фінансавых расследаванняў правярае факты парушэння падатковага заканадаўства ў журналісцкай майстэрні «Прэс-клуб», паведамілі БелТА ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Камітэт дзяржкантролю.
Фота: belsat.eu

***

Прадстаўнікі «Прэс-клубу», у якіх праходзілі ператрусы, затрыманыя на 72 гадзіны. Пра гэта TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца. Па словах крыніцы, ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 243 ч.2 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

У адказ на «трэці пакет» санкцый ЕЗ Уладзімір Макей заявіў журналістам, што ў Беларусі абмяжуюць дзейнасць шэрагу палітычных фондаў, а таксама перагледзець «шэраг так званых гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм». Вядома, што шэраг адукацыйных праграмаў «Press Club Belarus» ладзіў у супрацы з амбасадамі Еўрапейскіх краінаў.

«Прэс-Клуб» – медыяарганізацыя, якая ладзіла трэнінгі, майстар-класы, праводзіла маніторынгі працы СМІ.

Юлія Слуцкая – заснавальніца і старшыня Прэс-Клуба. У журналістыцы з 1994 года. Скончыла філасофскі факультэт БДУ, працавала сацыёлагам. У 1995-2006 – галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды ў Беларусі». У 2007-2010 – галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі», з 2011 г. – заснавальніца і дырэктар інфармацыйнага офіса «Беларусь у фокусе».

ІК belsat.eu

Стужка навінаў