Налятай, патаннела? Забудоўнікі адзін за адным абвяшчаюць зніжкі

«Забудоўнікі ў патавым становішчы. Калі яны не абвесцяць тэрмінова акцый і зніжак, магутных растэрміновак, нераспрададзеныя ў працэсе будаўніцтва кватэры будуць назапашвацца без шанцу быць рэалізаванымі пасля здачы нават па цане катлавана» – цытую свой жа тэкст, што выйшаў месяц таму. Тэрміновасць адносна нашага некалькі замаруджанага рынку – паняцце расцяжнае. Але цяпер можна канстатаваць – пераважная большасць за месяц даспелі. І далі рэкламу «акцыйных прапановаў».

Праўда, рэклама ў большасці не вельмі выразная. Накшталт «дорым зніжку да 12 000 рублёў на трохпакаёвыя кватэры ў ЖК «ГрандХаус» або «пры куплі кватэр выгада можа скласці больш за $ 10.000» ад ЖК «4 Сезоны». Або «тры прасторныя трохпакаёвыя кватэры ў шматфункцыянальным комплексе «Фарфоравы» са зніжкай больш 10.000 долараў ЗША!» «Забудоўнік «А-100 Дэвелапмент» прадставіў у жылым раёне Новая Баравая новы дом з нязвыкла нізкімі для Менска коштамі на кватэры – усяго ад 990 USD за квадратны метр. Настолькі выгадная прапанова сапраўды толькі на старце продажаў». «Да 2021 году 21 кватэра са зніжкай 10%» – гэта ўжо рэклама Антонаўскага квартала.

Меркаванні
Беларуская шматкватэрная «элітка» – тое, чаго амаль не існуе: няма попыту
2021.01.14 14:06

Па факце большасць забудоўнікаў акуратна завуалявалі зніжэнне коштаў на кватэры плошчай 80-100 квадратных метраў, у дамах, якія не прэтэндуюць на званне дарагіх, да 1000 даляраў за квадратны метр. Менавіта ў вялікіх кватэр – самая высокая рызыка апынуцца не прададзенымі да здачы дома. Проста таму, што выніковая цана нават па тысячы вышэй таго, што можа сабе дазволіць беларускі сярэдні клас. Нават з крэдытамі. У крэдыт, нагадаю, сям’і з сярэднім прыбыткам свеціць прыкладна 20 тысяч даляраў у эквіваленце.

Самыя папулярныя «двушкі» ў цане ад вясны (калі фіксаваўся чарговы пік) таксама аселі на 150-200 даляраў, цяпер сярэдні цэннік у большасці праектаў, якія не прэтэндуюць на эксклюзіўнасць, 1050-1250 долараў за квадратны метр у залежнасці ад лакацыі і якасці дома.

Жылы комплекс «D3». Менск, Беларусь. Студзень 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

І вось тут як раз другой хвалі скідак яшчэ няма (хіба што «4 Сезона» абяцаюць зніжкі пры куплі аднапакаёвай кватэры – $ 2500, двухпакаёўкі $ 4500).

Самы невысокі цэннік прапанавала Дана Холдынгз у «Менск-Міры» – менш за 1000 долараў за квадратны метр нават у 40-метровых кватэрах, тэрмін здачы якіх, па большай частцы – у 2022-м.

Журналісты Realt.by схадзілі на экскурсію ў аддзел продажаў і выявілі чаргу з жадаючых пабудуецца за такую цану. А потым сам забудоўнік у рэкламе паведаміў, што прадаў у снежні больш за тысячу кватэр у «Менск-Міры» і «Парку Чалюскнінцаў», і ўдвая больш кватэр патэнцыйныя пакупнікі забраніравалі.

Жылы комплекс «Аквамарын». Менск, Беларусь. Студзень 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Людзей прыцягвае цана, і не адпужвае нават тое, што Дана Холдынгз ў зоне рызыкі як кампанія, якую прызналі «кашальком» Лукашэнкі і ўнеслі ў санкцыйныя спісы. Што пры пэўным збегу абставінаў і пераглядзе сакрэтнай інвестдагамовы будоўля можа зусім спыніцца. Не адпужвае і тое, што будуюць паўфабрыкаты, і ў кожны метр прыйдзецца ўкласці яшчэ 200 долараў, каб падрыхтаваць кватэру да пачатку аздобных прац (гэта значыць, рэальная цана метра не 1000, а 1200 даляраў, чытай, такая ж, як у кампаній, дзе рызыкі менш).

Уласна, Дана дэманструе той узровень коштаў, які цікавы для большасці неспрактыкаваных у арыфметыцы беларусаў.

Да гэтага цэнніку – «метр па тысячы» – будзе ў 2021-м рухацца ўвесь рынак.

Прынамси тыя забудоўнікі, чыя сабекошт будаўніцтва дазваляе зніжаць кошты.

Ці чакаць другой хвалі зніжак?

Уласна, на прыкладзе Даны бачым, што ў большасці пакупнікоў такі выбар не стаіць. Як толькі цэны апускаюцца да сумы, якая «на руках», або цікавая пакупніку кватэра становіцца даступнай у растэрміноўку – яе набываюць. То бок, зараз забудоўнікі тэстуюць плацежаздольны попыт. Калі пакупнікі, якіх задавальняе цяперашні ўзровень коштаў, «скончацца», будуць вымушаныя зніжаць цэннік.

І так, у праектах, дзе продажы пачаліся да крызісу, не варта чакаць рэкламы зніжак. Нагадаю яшчэ раз: забудоўнікі не могуць сабе дазволіць прадаваць па 1350 на стадыі катлавана, а да завяршэння будаўніцтва дома рэкламаваць метр у падобных па плошчы кватэрах па 1100. Таму што першыя дольнікі стануць у чаргу на перазаключэнне дамоваў. Таму варта чакаць персанальных зніжак – ужо цяпер яны ёсць у большасці праектаў.

Што можа ўзмацніць канкурэнцыю

Сёлета (мабыць, бліжэй да заканчэння году) у канкурэнцыю за пакупніка могуць уступіць дзяржзабудоўнікі. Нагадаем, дзяржава цяпер абавязвае іх будаваць у асноўным для тых, хто на чарзе. Але частка праектаў проста занадта дарагія – не адносна рынку, а адносна даходаў гэтых самых чаргавікоў. Спіс тых, хто можа атрымаць ільготныя грошы ад банкаў (крэдыты, субсідыі), скараціўся да шматдзетных і сілавікоў, і тым субсідуюць толькі нармаваную плошчу, у дарагіх праектах выходзіць – траціна яе кошту. І дзве траціны трэба мець на руках. Той жа ЖК Пятроўскія Верфі ля метро Пятроўшчына проста застанецца без фінансавання, калі яму не дазволяць прыцягваць усіх жадаючых. Гэта значыць, дабудоўваць яго не будзе за што (малая верагоднасць, што пад гэта выдзеляць бюджэтныя грошы).

Прэцэдэнты, калі дарагая будоўля спынялася праз недахоп ільготнікаў, ужо ёсць – у Зацані прыпынілася будоўля таунхаусаў – не знайшлі столькі шматдзетных, каб завяршыць праект.

Жылы комплекс «Славянскі квартал». Менск, Беларусь. Студзень 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Калі дзяржзабудоўнікам дадуць адмашку, іх праекты забяруць з рынку частку пакупнікоў, якія чакаюць метра па тысячы, але не хочуць будавацца ў Менск-Міры. А гэта ударыць па астатніх камерцыйных забудоўніках ды прымусіць іх варушыцца і зніжаць кошты.

А прытрымаць да лепшых часоў?

Трэба заўважыць, што ў апошні крызіс самыя моцныя забудоўнікі вырашылі не зніжаць цэны і абзавяліся базай гатовых кватэр. Прыклад – дом у Горным завулку, каля плошчы Перамогі. Кватэры там прадаюцца некалькі гадоў – і ўсё ніяк не прададуцца. Або «Дом з тэрасамі» на праспекце Пераможцаў.

Складана сказаць, ці гатовыя будуць забудоўнікі ў гэты крызіс прытрымваць кватэры. Усё-такі мы выпалі з чатырохгадовых хваль крызісаў, гэты можа апынуцца асабліва зацяжным.

Меркаванні
Чаго не чакаем у 2021-м ад рынку жылля?
2021.01.08 13:58

Наталля Літоўская/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў