«Накіруем звароты ў АБСЕ і ААН»: праваабаронцы збіраюць звесткі пра ціск на ромаў


Пасля гібелі лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве сілавікі правялі маштабныя затрыманні ромаў у магілёўскіх раёнах Чапаеўка і Грабянёва. Некаторыя затрыманыя скардзіліся на збіццё і абразы з боку міліцыі. Версію пра датычнасць ромаў да смерці Патаповіча неўзабаве зняпраўдзілі, аднак прыносіць выбачэнні за беспадстаўны гвалт міністр Шуневіч адмовіўся.

Цяпер беларускія праваабаронцы маюць намер сабраць усе факты рэпрэсіяў праз ананімнае анкетаванне пацярпелых, прааналізаваць іх і накіраваць адпаведныя звароты ў міжнародныя структуры.

Пра гэта belsat.eu распавяла прадстаўніца ініцыятывы Romaintegration Наталля Кутузава. Паводле яе словаў, праваабаронцы Беларускага Хельсінскага камітэту супольна з кіраўніцтвам Беларускай цыганскай дыяспары плануюць выехаць у Магілёў, каб пагутарыць з жыхарамі Чапаеўкі і Грабянёва.

Наталля Кутузава, а таксама Алег Карыцкі і Артур Гоманаў з Беларускай цыганскай дыяспары выступаюць з дакладам пра ромскае насельніцтва Беларусі. Архіўнае фота belsat.eu

«Пакуль што мы абапіраліся толькі на эмоцыі і сведчанні ў СМІ, але варта паехаць на месца, правесці сход у камернай абстаноўцы, каб разгаварыць людзей. Чакаецца, што праваабаронцы выедуць туды заўтра. А потым, на базе сабранай інфармацыі, мы зможам падрыхтаваць звароты як у Генпракуратуру, так і ў міжнародныя структуры – АБСЕ і спецдакладчыку ААН па правах меншасцяў», – патлумачыла Наталля.

Сёння, адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах Палаты прадстаўнікоў, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што «няма прычыны прасіць прабачэння ў цыганоў» за дзеянні міліцыі, ён разглядае іх як абгрунтаваныя. «Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых доказаў», – заявіў Шуневіч.

«Нічога дзіўнага ў тым, што міністр гэтак лічыць, няма. Гаворка ідзе не проста пра перадузятае стаўленне да ромаў – у МУС існуе службовая інструкцыя, якая прадугледжвае этнічнае прафіляванне», – сцвярджае экспертка.

Вядома, што раней кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў у Генпракуратуру просьбу правесці праверку законнасці затрыманняў ромаў у Магілёве, уважліва разгледзіць выпадкі прымянення фізічнай сілы, а таксама ўмовы ўтрымання ў ізалятары. На думку Бяляцкага, ціск ажыццяўляўся менавіта па нацыянальнай прыкмеце пасля таго, як у сеціве пашырылася паведамленне пра магчымую датычнасць ромаў да гібелі лейтэнанта Патаповіча.

«Гналі, як быдла».Ромы з Магілёва распавялі пра міліцэйскае бяспраўе.

Opublikowany przez «Белсат» Wtorek, 21 maja 2019

Як распавялі belsat.eu самі ахвяры міліцэйскага рэйду ў Чапаеўцы, позна ўвечары 16 траўня АМАП уварваўся ў некалькі хатаў, усіх паклалі на падлогу (у тым ліку жанчын і пажылых), мужчын збівалі прыкладамі аўтаматаў. Агулам за некалькі гадзін затрымалі дзясяткі ромаў, некаторым інкрымінавалі «дробнае хуліганства». Пазней затрыманых адпусцілі. 21 траўня ў Грабянёва памерла 67-гадовая жанчына, якая хварэла на анкалогію. Сваякі настойваюць: яна не змагла перажыць стрэсу ад рэйду АМАПу.

«А ну, с*ка, закрый рот, або я цябе парву». У Магілёве пахавалі цыганку, памерлую пасля міліцэйскай аблавы

Вядома, што праваахоўныя органы зацікавіліся не толькі магілёўскімі ромамі, але і прадстаўнікамі гэтай нацыянальнай меншасці па ўсёй краіне. Пры гэтым, як адзначае віцэ-старшыня Беларускай цыганскай дыяспары Артур Гоманаў, звестак пра менавіта фізічны гвалт у іншых рэгіёнах пакуль няма.

«У цэлым па рэспубліцы міліцыя ставілася карэктна: заходзілі, распытвалі, ці былі нейкія неправамерныя дзеянні ў самім Магілёве. Гэта было проста апытанне, я не чуў, каб у Менску быў хто-небудзь з цыган затрыманы», – сказаў Гоманаў.

Разам з тым кіраўніца ромскай грамадскай арганізацыі «Рамана дром з Гомля Вольга Нячаева паведаміла праваабаронцам «Вясны», што яе разам з мужам Мікалаем Ануфрыевым затрымлівала міліцыя. Пара звярнулася ў Генпракуратуру са скаргай на неправамоцныя дзеянні працаўнікоў Цэнтральнага РАУСу Гомля. На наступны дзень пасля смерці лейтэнанта ў Магілёве да іх у кватэру ўвайшлі трое міліцыянтаў, не прадставіліся, пачалі аглядаць усе пакоі ў кватэры, не паведамілі ні прычыну візіту, ні ў чым іх падазраюць.

«Запатрабавалі ў мяне пашпарт, я адмовілася даваць ім у рукі, дык яны заламалі мне рукі і адабралі яго, дапытвалі маю няпоўнагадовую дачку без маёй згоды, аказвалі на мяне псіхалагічны ціск, пагражалі разабрацца з маёй сям’ёй, рабілі фотаздымкі без майго дазволу, забралі ў РАУС і трымалі там 5 гадзінаў, адабралі тэлефон, ужо 5 дзён не аддаюць, прымушалі здаць адбіткі пальцаў», – пералічвае жанчына спіс усіх парушэнняў яе правоў з боку сілавікоў.

Мы паспрабавалі звязацца з Вольгай цяпер, але ейны мабільны адключаны.

***

  • Нагадаем, пасля смерці 16 траўня лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве міліцыя зладзіла зачыстку ромскіх сем’яў у пасёлку Чапаеўка. Паводле мясцовых, амапаўцы ўварваліся ў некалькі дамоў, ужывалі фізічную сілу і затрымалі дзясяткі мужчынаў.
  • Цыгане апынуліся пад ударам, бо спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы.
  • 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.

КА belsat.eu

Фота вокладкі: Áron Süveg/Anzenberger/FORUM

Глядзі таксама
Каментары