Найвялікшая пахвала Глупству ад Эйсмант


Наталля Эйсмант. Фота - стоп-кадр эфіру тэлеканала АНТ

Дыктатуры не толькі псуюць людзей, яны іх атупляюць. Гэта і не дзіўна, бо дыктатуры будуюцца на глупстве і на панаванні глупства. Глупства – гэта галоўная зброя дыктатараў, асабліва калі глупства становіцца модным, калі на яго ёсць сацыяльны і палітычны запыт.

На жаль, глупства – гэта неад’емная частка чалавечага грамадства, аднак, калі глупства пачынае кіраваць караблём пад назвай Дзяржава, гэта прыводзіць да катастроф. Для таго, каб хоць неяк абмежаваць негатыўныя наступствы палітычнага глупства, не дазволіць яму засяродзіць у сваіх руках абсалютную ўладу, і была прыдуманая дэмакратыя.

На жаль, Беларусь – гэта краіна, у якой перамагла неразважлівасць, а разам з ёй і дыктатура.

Апошняе выказванне прэс-сакратара Лукашэнкі Эйсмант – гэта найвялікшая пахвала Глупству! Гэта трыўмфаванне Глупства! Гэта свядомае рабалепства перад дыктатурай: «Мы бачым, што адбываецца вакол, мы бачым хаос, часам бязладдзе. І ведаеце, часам мне здаецца, што не сёння дык заўтра ў свеце можа паўстаць запыт на дыктатуру. Таму што за дыктатурай у нашым сённяшнім разуменні у першую чаргу мы бачым парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае, спакойнае жыццё».

Эйсмант распавяла, за што Лукашэнка «адкруціў бы ёй галаву»

Мы жывем у той час, калі веданне стала агульнадаступным, калі не трэба корпацца ў архівах, каб даведацца, што было 50 ці 100 гадоў таму. Сёння дастаткова некалькі «клікаў», каб прачытаць, што такое дыктатура і чым былі чырвоныя, чорныя, карычневыя дыктатары для мільёнаў людзей. Здавалася б, што вопыт і веды чалавецтва павінны былі калі не выкараніць глупства і невуцтва, то прынамсі, паменшыць іх прысутнасць у грамадскім жыцці.

Аднак мы сутыкаемся са зваротным працэсам. Глупства не становіцца менш, наадварот, яно радуецца, яно кіруе. Сказаць у XXI стагоддзі, калі прагрэс і развіццё грамадства сталі вынікам вызвалення чалавека ад тыраніі, пра тое, што ў свеце ёсць запыт на дыктатуру, гэта тое ж самае, што сказаць, што свет мае патрэбу ў рабаўладанні.

Для Наталлі Эйсмант, якая так ганарыцца тым, што жыве ў краіне з дыктатурай, захапляецца ёю, я б прапанаваў падумаць над выбарам двух іншых. На іх ужо быў запыт у мінулым стагоддзі: 1. Дыктатура пралетарыяту, што перарадзілася ў сталінскую; 2. Дыктатура нацыянал-сацыялістаў на чале з Гітлерам. Мне цікава, пры якой бы яна пагадзілася жыць, і якая з іх мае пазітыўнае адценне для свету і народаў сёння. Бо абедзве гэтыя дыктатуры імкнуліся навесці свой парадак. Чым гэта абярнулася, ведае кожны адукаваны чалавек.

Наша нацыя, якая пацярпела ад двух дыктатарскіх рэжымаў у ХХ стагоддзі, можа ганарыцца такім чалавекам як Эйсмант. Упэўнены, што Ленін, Сталін і Гітлер з замілаваннем б слухалі яе гімн дыктатуры.

Праблема яшчэ і ў іншым: атачэнне дыктатара заўсёды з’яўляецца больш дыктатарскім, чым сам дыктатар. Гэта звязана як і з жаданнем спадабацца патрону, з імкненнем выжыць, так са зменамі ў псіхіцы і свядомасці чалавека. 25 гадоў жыцця пры дыктатуры – гэта занадта шмат, не кожны здольны выстаяць перад дыктатам глупства, разумець, усведамляць, што такое свабода. У канчатковым выніку ён становіцца рабом дыктатуры. Наталля Эйсмант – гэта дзіця дыктатуры, для яе гэта адзіная магчымая рэальнасць.

Думаю, Лукашэнку варта прыслухацца да слоў Эйсмант і ўнесці змены ў канстытуцыю Беларусі. Трэба замяніць словы «дэмакратычная дзяржава» і «рэспубліка» на слова «дыктатура» – і ўсё стане на свае месцы. Навошта патрэбныя выбары, гульні ў дэмакратыю – бо нават асяродак Лукашэнкі ў гэта не верыць.

Павел Усаў/АА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары