«Найперш трэба змяняць стаўленне да людзей». Як у Менску прайшоў пікет Андрэя Дзмітрыева


Андрэй Дзмітрыеў, Менск, 9 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Большая частка перыяду, у які дазволена праводзіць мірныя пікеты, сустрэчы з выбарнікамі і займацца зборам подпісаў, мінула. Засталося 9 дзён, каб дабраць патрэбныя галасы.

Плошча перад універмагам «Беларусь» – заўсёды поўная людзей – увечары ў аўторак выглядала досыць спусцелаю: маладыя бацькі з дзецьмі павольна наварочваюць кола за колам вакол шкляной піраміды, што ўзвышаецца над падземным пераходам перад галоўным фасадам найбуйнейшай сталічнай крамы, з пэўнаю перыядычнасцю з метро цягнуцца шарэнгі людзей, у ценю на лаўцы адпачывае кампанія хлапцоў, час ад часу заліваючыся смехам.

З універмагу гучаць аб’явы акцыйных тавараў, рыфмаваныя парады пра індывідуальную ахову ад каронавіруса і замежная музыка мінулых гадоў. Ля цэнтральнага ўваходу між калонамі размясцілася ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі. Да стала ўвесь час падыходзяць людзі, але без чаргі. Тут жа пункт збору паставіў Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня грамадскага абʼяднання «Гавары праўду».

Пікет Андрэя Дзмітрыева па зборы подпісаў каля ўнівермага «Беларусь», Менск. 9 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На свой пікет палітык спазняецца больш, чым на паўгадзіны. Ініцыятыўная група аператыўна прыступае да працы. Андрэй жа бярэцца за мікрафон, каб прывабіць увагу мінакоў і запрасіць падпісацца за яго: «Добры дзень, я Андрэй Дзмітрыеў, я вылучаюся ў кандыдаты…». Новая гукавая дарожка, адрозная ад таго, што круціць універмаг, выклікае зацікаўленасць у некалькіх людзей. Але падпісвацца яны не спяшаюцца. Інтарэс губляецца па меры таго, як пачынае падводзіць апаратура і з гучнай прамовы выпадаюць ключавыя словы: «праўда», «прэзідэнт», «змена ўлады», «павага да народа».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Праз нейкі час да стала з падпіснымі лістамі ўсё ж пачынаюць падыходзіць рэдкія мінакі. Інтэлігентная і дагледжаная з выгляду жанчына просіць яе не фатаграфаваць, тлумачачы такую просьбу дзяржаўнай працай. Аднак пагаджаецца падзяліцца чаму вырашылася падтрымаць палітыка:

«Ён кажа слушныя рэчы – у жыцці павінна быць альтэрнатыва. Чалавек мусіць мець права выбару». За іншых кандыдатаў яна пакуль не падпісвалася.

Маладая дзяўчына шпарка збягаючы па прыступках ганка ўнівермага прызнаецца, што не чула звароту палітыка да людзей, ды й імя яго памятае толькі з мінулых прэзідэнцкіх кампаніяў:

«Рэпутацыя Някляева і «Гавары праўду» кажа сама за сябе, таму я вырашыла даць шанец. Таксама хачу пакінуць подпіс за Бабарыка, Цапкала і Ціханоўскую».

Тым часам ля Андрэя Дзмітрыева затрымліваецца пара маладзёнаў, іх зацікавіў шанец непасрэдна паразмаўляць з вылучэнцам на прэзідэнцкія выбары. Пытанне ж, якое найбольш іх турбуе – адукацыя і магчымасці для моладзі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы падпісаліся за ўсіх альтэрнатыўных, такім чынам праяўляем ініцыятыву. Пра Дзмітрыева не чулі ні воднага разу. Цяпер жа ўся ўвага скіраваная на Бабарыка і Цапкала. Але нам стала цікава, што ўяўляе з сябе гэты чалавек, якое яго меркаванне па хвалюючых нас пытаннях. Мы выпускнікі палітэху, буйнейшага тэхнічнага ВНУ, але маем вельмі шмат праблемаў. І яго адказы апынуліся дастаткова агульнымі, дыпламатычнымі, што, відавочна правільна. У гэтым сэнсе мне больш імпануе тое, што кажа Цапкала. Хаця Андрэй Дзмітрыеў таксама падкрэслівае неабходнасць развіцця тэхналогіяў, валодання замежнымі мовамі, каштоўнасць кадраў, калі дзіця з маленства разумее куды ён хоча ісці, у чым развівацца».

Hавiны
«Каб грошай было болей, а кошты – ніжэйшымі». Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў
2020.06.05 16:55

Зацікаўленая ў пераменах у галіне адукацыі апынулася і яшчэ адна прадстаўніца студэнцкай супольнасці. Дзяўчына ўпэўненая, што найперш неабходна змяняць падыходы да ацэнкі навучэнцаў і стаўленне выкладчыцкага саставу да маладых. Звярнула яна ўвагу і на разрыў паміж тэарэтычнымі ведамі і практыкай. Што ж тычацца яе ўдзелу ў падпісной кампаніі, то яна адказвае прама:

«Я гатовая аддаць свой голас за любога, акрамя самі ведаеце каго. Хопіць яму кіраваць, пара на пенсію. Нам неабходны перамены».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

За час збору подпісаў Андрэй Дзмітрыеў разам з камандай абʼездзіў ля дваццаці гарадоў. Па словах палітыка, людзей найбольш хвалюе, што будзе з краінай у бліжэйшыя пяць год: гэта тычацца як пытанняў заробкаў і працоўных месцаў, так і будучыні маладога пакалення. І якраз турбота за дзяцей прымушае людзей станавіцца палітычна актыўнымі, упэўнены ён:

«Людзі абураныя, але схіляюцца да таго, каб не было як ва Украіне. Крыві ці згубіць частку тэрыторыі яны не хочуць. І пагадзіцеся цяпер дзіўная сітуацыя, што прынцыпова адрознівае гэтыя выбары ад выбараў у 2010 годзе. Тады фактычна ўсе апазіцыйныя кандыдаты казалі пра плошчу, а прэзідэнт – пра стабільнасць. Гэтым разам альтэрнатыўныя кандыдаты кажуць пра выключна мірны пераход улады і толькі прэзідэнт – пра майдан і гвалт. Спадзяюся, што ён памыліцца».

Як адну з прычынаў, што ўзрушыла людзей да ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2020 Андрэй Дзмітрыеў называе агульную сітуацыю з каронавірусам, якая прадэманстравала, што дзяржавы папросту няма, існуе вялікая колькасць чыноўнікаў, але адсутнічае гарантыя бяспекі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Я ніколі так шмат не чуў, запытваючыся, што трэба змяняць, аднагалоснага адказу «стаўленне да людзей». Вядома заробкі і праца – важныя, але людзей абурыла, калі іх сталі называць «народцам», сталі абвінавачваць у тым, што яны паміраюць, зняважліва ставіцца да медыкаў», – кажа патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты.

Андрэй Дзмітрыеў прызнаецца, што на самой справе не такі вядомы ў выбаршчыкаў, бо на шырокую публіку выйшаў практычна ўпершыню. У гарадах, дзе ён сустракаўся з людзьмі, рэзка падскоквалі запыты ў пашукавіках, непасрэдна ў яго ўдакладнялі ці не за Лукашэнку ён. Андрэй звязвае гэта з тым, што людзі не хочуць аддаваць свае галасы за дзеючага кіраўніка краіны.

Пікет Андрэя Дзмітрыева па зборы подпісаў каля ўнівермага «Беларусь», Менск. 9 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пацвярджаецца гэта і на менскім пікеце.

«Магчыма за яго я б не галасавала, хаця тое, што ён кажа разумею і падтрымліваю. Але цяпер я пакідаю подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, бо нам патрэбны перамены, мы ўсе іх хочам», – каментуе жанчына, адыходзячы ад стала ініцыятыўнай групы Дзмітрыева.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Я супраць улады, якая цяпер існуе. Раней не чула пра гэтага кандыдата, але ўбачыўшы яго вырашыла бліжэй пазнаёміцца. Паразмаўлялі пра сітуацыю ў краіне, як усім надакучыла, якіх змяненняў хочацца», – кажа дзяўчына.

Бліжэй да 19 гадзіны да ініцыятыўнай групы падышоў мужчына з пагоняй. Яго найперш цікавілі пытанні таго, як не дапусціць фальсіфікацыі выбараў і ці падтрымлівае Дзмітрыеў заклікі выходзіць на плошчу, каб у выпадку чаго адстаяць свой голас.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Аднак палітык адзначыў, што варта папярэдзіць магчымасці фальсіфікацыі, прапануючы людзям уваходзіць у састаў выбарчых камісіяў і станавіцца назіральнікамі. Што ж тычацца сілавых сутычак і выхаду на плошчу, то ў гэтым пытанні ён выступае катэгарычна супраць падобных дзеянняў:

«Калі прэзідэнт гатовы адкрываць агонь і выкарыстоўваць войска, гэты канфлікт можа цягнуцца доўга. Ёсць прынцыпова важны момант, частка палітычнай эліты павінна перайсці на бок пратэстуючых. Пакуль жа ў нас гэтага не адбываецца, можна колькі заўгодна хадзіць туды-сюды», – адказаў Дзмітрыеў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Аднак мужчыну не пераканаў такі адказ, асабліва з улікам апошніх падзеяў, калі Лукашэнка нечакана хутка змяніў састаў беларускага Ураду.

Хрысціна Чарняўская, Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў