Найперш – праца з бацькамі! Аповеды тых, хто атрымаў сексуальны досвед да 16-ці


Навіна пра тое, што ў Беларусі дзяўчаты да 16 гадоў праходзяць абавязковы гінекалагічны агляд, пра вынік якога дактары павінныя паведамляць у міліцыю аб палавым жыцці школьніц, прагрымела па ўсіх сацсетках. Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка заявіў, што гэта «ўкід» і «дутая сенсацыя», бо ў нас… «Закон аб ахове здароўя, якім гарантуецца, у тым ліку, захаванне медычнай таямніцы». Аднак на сайце МУС вісіць тэкст, які пацвярджае, што медыкам трэба паведамляць у міліцыю пра палавое жыццё няпоўнагадовых.

Мы паразмаўлялі з дзяўчатамі, якія атрымалі першы сексуальны досвед да 16-ці гадоў. Імёны, па іх просьбе, змененыя. Аповеды дзяўчат каментуе псіхатэрапеўт Кацярына Гадунова, супрацоўніца Менскага гарадскога наркалагічнага дыспансеру.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: СТ/Belsat.eu

Гісторыя Веры. «Першы секс (без маёй згоды) здарыўся ў 13 гадоў. Я не разумела, што адбываецца, і не пярэчыла. Сябра майго брата расцаніў гэта як згоду». Пытанне пра тое, як з гэтым жыць, для Веры закрытае: «Ведаю, як жыве цяпер гэты чалавек. Ён мае зносіны з маім братам. У мяне ніякай злосці цяпер няма. У мінулым адчувала сябе па-іншаму, але прайшла праз некалькі курсаў псіхатэрапіі…».

Вера падзялілася здарэннем з сяброўкаю і пашкадавала: «Сяброўка распавяла сакрэт усім. Думаю, зразумела, як мяне сталі абзываць у школе».

Школьны псіхолаг нічога не змог зрабіць, дзяўчына закрылася. Наступны секс здарыўся ўжо праз год. Падлеткавы ўзрост паўплываў – захапленне музыкаю, новыя сябры і дарослы хлопец. Вера казала, што ёй 16. Усё было па каханні, са шчырасцю пачуццяў, але доўжыліся адносіны паўгода.

Hавiны
Медыкі будуць паведамляць міліцыянтам пра факты палавога жыцця школьніц
2019.02.15 17:57

Да гінекалагічнага агляду з інфармаваннем міліцыі Вера ставіцца неадназначна. Лічыць, што тут парушаюцца правы чалавека, медычная таямніца. Але дадае: «Мне б хацелася ведаць, калі нешта здарыцца з маёй дачкой».

Меркаванне псіхатэрапеўта:

Гіперапека бацькоў часта прыводзіць да таго, што дзіця замыкаецца ў сабе. У сітуацыі, калі рашэнні прымаюць бацькі, яму складана, а часам немагчыма, самастойна вырашыць, узяць на сябе адказнасць за свае ўчынкі. Такому чалавеку патрэбны хтосьці «аўтарытэтны» звонку, каб удакладніць, як правільна паступіць. Немагчымасць сказаць «не», бездапаможнасць у крытычнай сітуацыі і бяздзейнасць, калі гэта прымус да сексу, паказвае, што чалавек прывык выконваць указанні блізкіх і губляецца ў сітуацыях, дзе адказнасць кладзецца на ягоныя плечы.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: СТ/Belsat.eu

У Насты першы сексуальны досвед быў больш пазітыўны: «На той момант мне было 14, яму 15. Гэта было па каханні ды ўзаемнай згодзе». Звычайна адносіны, што пачаліся ў падлеткавым узросце, нестабільныя і хутка сыходзяць на нуль, але не ў выпадку Насты: «Мы сустракаліся гадоў 5 дакладна і цяпер час ад часу бачымся».

Яна кажа, што хутка пасталела, набыла адказнасць, здолела правільна расставіць прыярытэты і задаволеная сваім сталеннем. Тут немалую ролю адыграла маці: «Мама ведала. Тое, што яна ўспрыняла сітуацыю нармальна, надало мне ўпэўненасці».

Ініцыятыва з прыцягненнем міліцыі або іншых старонніх асобаў бачыцца дзяўчыне недарэчнай: «Псіхолагам, міліцыі я не давяраю, не думаю, што яны будуць нармальна разбірацца, больш за тое, пра сексуальнае жыццё падлеткаў пасля будуць ведаць усе». На думку Насты, праблемы павінныя развязваць толькі бацькі.

Меркаванне псіхатэрапеўта:

Гераіня жадае хутчэй стаць дарослай, скончыць перыяд дзяцінства. Магу выказаць здагадку, што маці давала дзяўчыне шмат свабоды і самастойнасці. Магчыма, задавальняла сваё асабістае жыццё, а Наста мела дарослыя абавязкі. Але тут пашанцавала, што падлетак мог у любы момант расказаць, што яго турбуе або радуе, і атрымаць станоўчую зваротную сувязь.

Фота: pixabay.com

Марыя. У яе нетрадыцыйная сексуальная арыентацыя, складаныя адносіны з бацькамі і досвед працы з сексуальным выхаваннем падлеткаў пад эгідаю ЮНЭСКО. Яна лічыць, што гінекалагічны агляд без жадання чалавека нічым не адрозніваецца ад гвалту.

У 14 дзяўчына атрымала першы сексуальны досвед: «Секс бачыўся ратаваннем, бо «хацелася», колькі сябе памятаю. На той момант у мяне быў поўнагадовы хлопец. «Паліцца» было нельга, бо тата наймаў людзей, каб яны сачылі за мною і маці. Мы хаваліся. І бессэнсоўны кантроль нічога не прынёс».

Правяранняў у гінеколага Марыя баялася праз рэакцыю сямʼі. Таму першыя медагляды прапускала: «Казала, што месячныя, потым знайшла сваякоў, якія падраблялі даведкі. Гэта потым аказалася, што гінеколаг не можа рэальна праверыць, быў секс або не».

Асноўная адказнасць за дзяцей павінна ляжаць на сямʼі: «Калі бацькі не могуць нармальна растлумачыць дзіцяці пра секс – гэта дрэнна. Я супрацоўнічала з ЮНЭСКО, хадзіла па школах, вучыла васьмікласніц карыстацца прэзерватывамі, распавядала пра наступствы сексу, пра важнасць казаць «не»».

Марыя лічыць, што падлеткі маюць разумець, што цела належыць толькі ім, а не бацькам ці дзяржаве. Ініцыятыва аб супрацы паліклінік з міліцыяй бачыцца Марыі ў цёмных колерах. Абавязковыя агляды самі па сабе траўматычныя. Дзеці ў школах могуць быць не падрыхтаваныя да таго, што іх чакае.

Меркаванне псіхатэрапеўта:

У такіх семʼях тэма сексу – табу, не маючы магчымасці даведацца адказы на пытанні, дзеці атрымліваюць досвед па-за сямʼёй. Адсутнасць блізкіх адносінаў у сямʼі прыводзіць да таго, што падлетак шукае любоў і ласку ў чужога чалавека. Калі забараняць дзіцяці цікавіцца сексуальнасцю, дык і пазней, у дарослым узросце, магчымыя праблемы з сексуальным самавыяўленнем.

СТ, belsat.eu

Hавiны
Віцэ-прэм’ер назваў «укідам» заяву пра кантроль за сексуальным жыццём беларускіх падлеткаў
2019.02.20 20:10
Стужка навінаў