Найбольшую калекцыю іконаў у Польшчы сабралі... з кантрабанды. У тым ліку беларускай


Самая вялікая калекцыя іконаў у Польшчы знаходзіцца ў музеі Белай Падляскай.

Яе сабралі дзякуючы мытнікам, якія ўжо шмат гадоў перадаюць сакральныя абразы, канфіскаваныя на ўсходняй мяжы.

«Маем найбольшую ў краіне калекцыю рускіх іконаў, якая паўстала амаль што выпадкова, бо мы не збіраліся іх калекцыянаваць. У 1980 годзе атрымалі першыя іконы, перададзеныя нам Мытнай адміністрацыяй у Тэрэспалі, было іх 80, і мы вырашылі, што ўжо маем ладную калекцыю. Гэта натхніла нас да яе павелічэння», – кажа дырэктарка Музею паўднёвага Падляшша ў Белай Падляскай, Малгажата Нікольска.

У музеі ўжо больш за 1,6 тыс. вельмі разнастайных іконаў. Ёсць абразы, якія паўставалі ад XVII да пачатку XX стагоддзя ў шмат якіх школах і майстэрнях Беларусі, Расеі ды Украіны. Ёсць, напрыклад, металёвыя іконы, а таксама богаслужэбныя кнігі.

250 самых цікавых іконаў прадстаўленыя ў сталай экспазіцыя, але большасць знаходзіцца на складах. Цяпер музей рыхтуе новую экспазіцыю.

«Мы не чакалі, што іх будзе так шмат. Калі распаўся СССР, адбыўся масавы вываз іконаў за мяжу па матэрыяльнай прычыне. Цяпер Расея вяртаецца да рэлігіі, а калісьці была абсалютна атэістычнай дзяржавай. Тады на базарах можна было набыць іконы, што ляжалі побач са шрубамі ці з рондалямі», – працягвае Малгажата Нікольска.

Калекцыя ўвесь час папаўняецца, бо і цяпер здараюцца спробы правезці іконы праз мяжу. Нядаўна мытнікі перадалі чарговыя 18 абразоў, якія знайшлі ў расейкі падчас кантролю цягніка на мяжы ў Тэрэспалі. Яна ехала ў Варшаву, схаваўшы іконы ў багажы.

Затрыманыя іконы паходзяць з XIX і пачатку XX стагоддзяў. Расейка сказала, што набыла іх у Маскве па $ 10-20 за штуку. Іконы меліся патрапіць на варшаўскі блышыны рынак да аднаго з калекцыянераў. Эксперт ацаніў самую дарагую з іконаў у 2,5 тыс. злотых (каля $ 635).

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў