«Нахрана патрэбны такі саюз?»

Урсула фон дэр Ляен прапануе краінам Еўразвязу € 750 млрд. А колькі прызначыць на барацьбу з наступствамі эпідэміі старшыня Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч?

Еўрапейская камісія прадставіла ў сераду праект бюджэту Еўразвязу на 2021-2027 гады. Гаворка ідзе пра больш чым Br 1,1 трлн, акрамя гэтага краіны Еўразвязу маюць атрымаць € 750 млрд на барацьбу з эканамічнымі наступствамі пандэміі. Падтрымка будзе залежыць між іншага ад таго, наколькі моцна пацярпела краіна, колькі фірмаў не перажылі каронавірус і колькі месцаў працы было страчана. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен патлумачыла, што € 500 млрд – гэта беззваротныя датацыі, а толькі € 250 млрд – крэдыты. А гэта азначае, што € 500 млрд будуць сплочваць з супольнага бюджэту Еўразвязу, на які складаюцца ўсе краіны ЕЗ (хтосьці менш, як Літва, а хтосьці больш, як Нямеччына). А вось € 250 млрд давядзецца аддаваць кожнай краіне паасобку (у залежнасці ад памеру пазыкі).

Каго падтрымае Еўразвяз?

Еўразвяз вызначаецца з памерам дапамогі для Беларусі. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Размовы паміж Варшавай а Бруселем яшчэ не скончыліся і канчатковай сумы дапамогі пакуль няма. У сераду польскі ўрад казаў пра € 63,8 млрд, з чаго € 37 млрд Польшча атрымае ў выглядзе беззваротных датацыяў. Каб зразумець гэтыя лічбы, прыгадайце эканамістаў і палітыкаў у Маскве, якія любяць казаць пра «$ 100 млрд, якія Беларусь атрымала ад Расеі ў выглядзе пазыкаў, датацыяў і танных нафты і газу за ўсе гады «інтэграцыі».

Дарэчы руку дапамогі ЕЗ выцягнуў не толькі краінам Еўрапейскага звязу. Брусель прызначыў € 140 млн хуткай фінансавай дапамогі на ахову здароў’я ў краінах Усходняга партнёрства, а каля € 700 млн на розныя сацыяльна-эканамічныя праграмы.

Больш таго, Еўразвяз вырашыў падтрымаць краіны «з пацверджанымі перспектывамі сяброўства ў ЕЗ». Украіна – € 1,2 млрд, Грузія – € 150 млн, Малдова – € 100 млн, Туніс – € 600 млн і гэта далёка не поўны спіс. Так, гэта пазыкі, але на ўзаемавыгадных варунках. Беларусь жа, у межах падтрымкі краінаў Усходняга партнёрства, разлічвала на больш чым € 60 млн. Пазней еўрачыноўнікі папрасілі выконваць рэкамендацыі САЗ. Пакуль не вядома, ці гэтыя грошы Менск атрымаў, але факт есць фактам. Сімвалічна ж тое, што ў гэты складаны час Менск не звярнуўся за падтрымкай у Маскву.

Дзе Еўразійскі Cаюз?

Паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету 19.05.2020.
Фота: http://president.gov.by

Падчас пандэміі кіраўнікі краінаў Еўразійскага Эканамічнага Саюзу сустракаліся онлайн два разы. У апошні раз – 19 траўня. Не прынялі нават стратэгію развіцця да 2025 года, адправілі на дапрацоўку. Прэзідэнт Казахстану Такаеў не пагадзіўся на пашырэнне кампетэнцыяў Еўразійскай камісіі. Беларусі і Арменіі не спадабаўся кошт расейскага газу. Акрамя гэтага, Менск пачаў купляць амерыканскую нафту. У Маскве ўжо гучна кажуць, што Расея не мае сродкаў каб фінансаваць свае сатэліты і ціхенька шэпчуцца, што пандэмія была пачаткам канца Еўразійскага Эканамічнага Саюзу.

Паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету.
Фота: http://president.gov.by

Што падчас эпідэміі каронавірусу зрабіў Еўразійскі Эканамічны Саюз для падтрымання эканомік краінаў-чальцоў? На якія крэдыты, датацыі ці гранты могуць разлічваць прадпрыемствы, фірмы ці індывідуальныя прадпрымальнікі з Беларусі, Казахстану, Кыргызстану ці Арменіі? Ці будзе падтрыманне сістэмаў аховы здароў’я, стабілізацыйныя крэдыты і датацыі? Жыхары Еўразійскага Саюзу справядліва павінныя адрасаваць гэтыя пытанні Міхаілу Уладзіміравічу Мясніковічу, еўразійскаму візаві Урсулы фон дэр Ляен. Вы скажаце: «Ды ён жа там нічога не вырашае», а я адкажу словамі класіка: «нахрана патрэбны такі саюз?».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў