«Нафтан» першы клуб, які ў гэтым сезоне не прайграў БАТЭ


20 красавіка адбыліся першыя паўфінальныя матчы Кубка Беларусі па футболе. Зноў не абышлося без сюрпрызаў і зноў здзівіў «Нафтан».

Клуб з Наваполацку стаў першым беларускім клубам, які ў гэтым сезоне змог не прайграць БАТЭ. Першая гульня паўфіналу Кубка Беларусі ў Наваполацку завяршылася з лікам 2:2. БАТЭ стартаваў у сезоне з перамогі ў Суперкубку Беларусі, затым ён выйграў два матчы Кубка Беларусі і тры гульні нацыянальнага чэмпіянату, у якім барысаўскі клуб неаспрэчны лідар.

«Нафтан» наадварот мае сурʼёзныя праблемы ў чэмпіянаце і тры паразы запар займаў перадапошняе месца. А вось у Кубку Беларусі «Нафтан» здзіўляе.

У ¼ фіналу наваполацкі клуб выбіў з барацьбы «Белшыну» (1:1 і 3:1). І цяпер двойчы змог адыграцца ў гульні з БАТЭ. Цікава, што ў «Нафтана» у Кубку краіны станоўчая статыстыка сустрэч з БАТЭ. Сем гадоў таму каманды сустрэліся таксама ў паўфінале, тады двойчы перамог «Нафтан» і ў выніку выйграў Кубак Беларусі.

У першай палове апошняй гульні лік адкрыў Міхаіл Гардзяйчук, але неўзабаве Руслан Тевераў яго зраўняў. У сярэдзіне другога тайма той жа Гардзяйчук з пенальці зноў вывеў наперад БАТЭ, але за адзінаццаць хвілін да фінальнага свістка Андрэй Якімаў далёкім ударам са штрафнога ўсталяваў выніковы лік – 2:2.

Унічыю толькі з лікам 1:1 завяршыўся і іншы паўфінал. У Жодзіне мірам разышліся «Тарпеда-БелАЗ» і ФК «Менск». На дзясятай хвіліне гаспадароў поля вывеў наперад Максім Скавыш. А на чацвёртай хвіліне другой 45-хвілінкі выніковы лік усталяваў Дзмітрый Бяссмертны.

Матчы ў адказ Кубка Беларусі пройдуць 4 траўня ў Барысаве і Менску. Фінал адбудзецца 21 траўня ў Берасці. Нагадаем, што ў мінулым годзе Кубак Беларусі выйграў БАТЭ. Усяго на рахунку клубу з Барысава 3 перамогі ў Кубку краіны, столькі ж раз гэты турнір выйгравалі менскае «Дынама» і «Белшына».

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў