Надзею Саўчанку абмяняюць на «байцоў ГРУ» да канца траўня


Масква і Кіеў дамовіліся пра механізм вызвалення лётчыцы Надзеі Саўчанкі і двух расейцаў, якія лічацца ва Украіне байцамі ГРУ. Іх перададуць адбываць пакаранне на радзіму сінхронна да канца траўня, стала вядома РБК.

Як паведаміў РБК федэральны чыноўнік і пацвердзіў суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Савету Федэрацыі Расеі, Масква перадасць Надзею Саўчанку ва Украіну для адбыцця пакарання, а Кіеў верне Расеі двух асуджаных вайскоўцаў, Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія лічацца ва Украіне байцамі ГРУ. Гэтыя працэсы будуць сінхранізаваныя, але адбудуцца толькі пасля таго, як прысуд Аляксандраву і Ерафееву ўступіць у сілу – гэта значыць не раней за сярэдзіну траўня.

Паводле расейскага закону прысуд суда ўступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля абвяшчэння, калі не былі пададзеныя апеляцыйныя скаргі, паводле ўкраінскага закону – праз 30 дзён. І калі судовае рашэнне ў адносінах да Саўчанкі ўжо ўступіла ў сілу 5 красавіка, то прысуд Аляксандраву і Ерафееву ўступіць у сілу толькі ў сярэдзіне траўня, калі не будзе да гэтага абскарджаны.

«Мусяць прайсці тэрміны працэдуры абскарджання. Таму да траўня ўсе павісне», – сказаў суразмоўца ў Савеце Федэрацыі. Па словах суразмоўцы РБК, у далейшым акрамя Саўчанкі будзе абмяркоўвацца абмен яшчэ некалькіх расейцаў.

22 сакавіка Данецкі гарадскі суд (Растоўская вобласць) прызнаў Саўчанку вінаватай у гібелі расейскіх журналістаў і прысудзіў да 22 гадоў калоніі. Суд прыйшоў да высновы, што летам 2014 года яна ваявала ў складзе ўкраінскага батальёну «Айдар» на тэрыторыі Луганскай вобласці і навяла артылерыйскі агонь на здымачную групу ВГТРК. Сама Саўчанка настойвае, што яе выкралі яшчэ перад гібеллю расейскіх журналістаў.

Амаль праз месяц, 18 красавіка, суд у Кіеве прызнаў расейцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава вінаватымі ў тэрарызме і ўдзеле ў ваенных дзеяннях на Данбасе. Яны былі асуджаныя да 14 гадоў калоніі.

Як растлумачыў РБК адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў, краіны не могуць выкарыстоўваць класічную працэдуру абмену Саўчанкі на Ерафеева і Аляксандрава. «Прамы абмен можа быць толькі ваеннапалоннымі, а іх ніхто такімі не прызнае», – кажа Полазаў. Але можа быць выкарыстаная адна з двух юрыдычных канструкцый: памілаванне або выдача для адбыцця пакарання.

МЯ, паводле rbc.ru

Стужка навінаў