«Надзея толькі на вас»: 13 беларусаў паскардзіліся Трампу на ліквідацыю аўтобуснай станцыі ў Доўску


Актывіст Аляксей Паўлоўскі дапамог 13 жыхарам Магілёўшчыны і Гомельшчыны напісаць зварот да амерыканскага прэзідэнта. Беларусы паскардзіліся кіраўніку ЗША Дональду Трампу на закрыццё аўтобуснай станцыі ў аграгарадку Доўск, піша mogilev.online.

«Паважаны прэзідэнт магутнай дзяржавы ЗША Дональд Трамп, надзея беларусаў толькі на вас! У вас будуюць сцяну [гаворка пра сцяну на мяжы з Мексікай, – рэд.], а ў Беларусі пад клопатам аб грамадзянах разумеюць знішчэнне дарожнай інфраструктуры. Вы працягнулі руку гуманітарнай дапамогі Венесуэле, так дапамажыце і беларусам», – гаворыцца ў лісце.

Людзі, якія падпісаліся пад зваротам папрасілі амерыканскага лідара даслаць і ўсталяваць на закрытай аўтастанцыі біяпрыбіральні, урны для смецця, лаўкі, а таксама печку-«буржуйку».

Аўтастанцыю закрылі праз нізкі пасажырапаток. Летась будынак станцыі прадалі на аўкцыёне. Жыхары ваколіцаў паскардзіліся на ліквідацыю станцыі і кіраўніку Беларусі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў