Народная дэпутатка Украіны заявіла таксама, што азёры Валыні спусташаюцца, бо арашаюць беларускія палі.
У вялікім інтэр’ю выданню «Главком» Надзея Саўчанка прызналася, што «не адчувае ўлады», а праблемы, з якімі да яе прыходзяць людзі – гэта «пытанні ўзроўню прэзідэнта».
«Дэмаркацыя мяжы з Беларуссю, якую пачаў Кучма і падпісаў Януковіч, прайшла несправядліва – мы страцілі 100 метраў сваёй зямлі, – сказала Надзея Саўчанка. – Азёры Валыні спусташаюцца, яны аддаюць ваду для арашэння палёў Беларусі. У мяне няма той улады, каб я магла вырашыць такія праблемы. Улады, якая ў мяне ёсць, недастаткова для навядзення парадку ў краіне».
Саўчанка заявіла, што збіраецца балатавацца ў прэзідэнты. Паводле дэпутаткі, для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі «трэба няшмат: 2,5 млн грыўняў – каб зарэгістравацца».
«Адкрываецца адмысловы фонд і шчыра кажацца: я збіраю грошы на прэзідэнцтва, – кажа Саўчанка. – Я буду браць удзел, а што далей – будзе бачна».
ДД