«Надзея адна – паміраць». Гарадзенская сям'я жыве ў доме без сцяны


Ужо паўстагоддзі сям’я Ніны Новік жыве ў аварыйным доме зусім недалёка ад цэнтру Горадні (вул. Шчаснага, 2). Сёння прыватны дом і жылым назваць цяжка: сцяна з боку Нёмана наагул абвалілася, а вось куды падзецца 83-гадовай пенсіянерцы разам з сынам, які мае інваліднасць – невядома…

Ніна Новік не здзіўленая візіту журналістаў і ласкава запрашае на падворак. Раней неяк да яе прыходзілі з дзяржаўных газет, пазней – з лакальных інтэрнэт-рэсурсаў. Аднак надзеі на тое, што публікацыі дапамогуць усё менш. Роўна як не дапамаглі і звароты ў дзяржаўныя структуры ды нават у Адміністрацыю прэзідэнта.

«Гэта дом хіба 1890 году, – распавядае сын Ніны Лукінішны. Габрэйская крама некалі была, вось брукаванка на двары яшчэ «польская». У 1958-м падчас паводкі дом моцна падтапіла: шчупакі ў падвале плавалі! Бацька пасля вайны сюды прыехаў, з асколкам у галаве, тут і памёр… А мы жывем».

Сям’я Новік. Фота belsat.eu
Дом у аварыйным стане ўжо дзесяцігоддзі. belsat.eu
Неман. Фота belsat.eu

«Каўчэг» у водаахоўнай зоне

Гаспадары вядуць нас па падворку да тыльнага боку будынку, які падыходзіць да Нёмна: сцяны там сапраўды няма, канчаткова абвалілася мінулым летам. Уражанне скрушнае: нібыта вайна прайшла альбо бежанцы засяліліся ў нейкую пустуючую халупу. Ніна Лукінішна паказвае старыя здымкі. На фота 1958 года, калі Нёман падняўся на 8 метраў, будынак наагул выглядае як карабель альбо каўчэг сярод хваляў.

Яшчэ тады, у 1958-м, гарадскія ўлады пастанавілі дом не рэмантаваць і не ўмацоўваць з боку берагу, бо ў перспектыве ўсё «пойдзе пад знос». Роўна такія ж абяцанкі ў пісьмовай форме ў сямейным архіве назапашаныя і за апошнія 60 год. Напрыклад, у 2012 годзе сям’я Новік атрымала рашэнне Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні, дзе напісана: «будынак не прыдатны для пражывання».

Роўна ў тым жа 2012 годзе чыноўнікі з упраўлення архітэктуры распавядалі «Гродзенскай праўдзе», што дом на Шчаснага, 2 знаходзіцца ў вадаахоўнай зоне Нёмна, тэрыторыя будзе добраўпарадкавацца, але на першай чарзе – тэрыторыя ўзбярэжжа паміж Каложскай царквой і лесам Пышкі. Як бачым, чарга да дому Новікаў так і не дайшла і немаведама калі дойдзе…

Не зносіць, не будавацца, але і новага жытла не даваць

У 2013-м Ніна Лукінішна звярнулася ў Гарвыканкам па новае жытло, але атрымала адмову, якая тэзісна гучыць наступным чынам:

  • Дом сапраўды непрыдатны для пражывання
  • Гэта не дае права на атрыманне новага жытла
  • Новае жытло можна атрымаць толькі ў выпадку зносу альбо вымання дзяржавай старога, а такога рашэння няма

Палепшыць свае жыллёвыя ўмовы можна шляхам будаўніцтва кватэры ў складзе кааператыва.

Атрымліваецца – замкнёнае кола: будынак і не зносяць канчаткова, і не забіраюць у гаспадароў на падставе добраўпарадкавання, і новае жытло не даюць. Прадаць – таксама не варыянт, бо блізка вады, будавацца ніхто не будзе. А тое, што ў старым будынку пенсіянерам ужо зараз жыць невыносна, відаць, мала каго турбуе: законам такі варыянт не прадугледжаны.

«Спадзяемся толькі на міласць Божую…»

«Спадзяемся зараз толькі на міласць Божую, – працягвае гаспадар, сын Ніны Лукінішны, – Можа ўлады неяк дапамогуць… Павінны ж! Пісаў нават у Адміністрацыю прэзідэнта: падалося, што працэс пайшоў, бегаць пачалі. Але адтуль перанакіравалі паперы на месца, каб там рабілі і справаздчыліся аб прынятых мерах. Я не ведаю, якія меры прынятыя, мне ніхто не паведамляе нічога. Магчыма, там ім напісалі, што далі кватэру і ўсё добра…»

Фота з сямейнага архіву
Ніна Новік. Фота belsat.eu

Часовую кватэру на халодны перыяд года, на зіму 2018-2019 сям’і сапраўды далі – на вуліцы Фамічова, 17. Але пасля папрасілі вызваліць да 9 сакавіка. Маўляў, цёпла ўжо, зіма мінула, а значыць – можна вярнуцца ў свой старэнькі дом без сценкі. Перазімавалі – і тое добра. Паперку пра гэта з «Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага р-ну Горадні» пенсіянерка таксама захоўвае.

На што спадзяецца сама Ніна Лукінішна? Немаладая жанчына адно выцірае слязу ды адганяе чорную котку, якая круціцца пад нагамі і замінае спакойна сабраць ворах пажоўклых газетных публікацыяў, адказаў чыноўнікаў і старых фотаздымкаў.

«На што надзея? – перапытвае жанчына і разводзіць рукамі, – Паміраць! Альбо, каб кватэру ўсё ж далі. Гэта ж пад знос усё, што тут рабіць? Напішыце, можа хто пачуе нас…»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў