«Надакучыла ўжо, колькі можна?» Як збіралі подпісы за Лукашэнку на Смаргонскім агрэгатным заводзе


Кіраўніцтва заводу кажа, што ніхто подпісаў на прадпрыемстве не збіраў.

Да Belsat.eu звярнуўся работнік агрэгатнага заводу ў Смаргоні, якога прасілі падпісацца за Аляксандра Лукашэнку ў працоўны час. Нагадаем, да 19 чэрвеня тыя, хто хоча стаць кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду, мусяць сабраць 100 тыс. подпісаў. Паводле ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, за першыя 4 дні было сабрана 200 тыс. подпісаў.

«Пакуль што прапаноўваюць. Не дайшло да таго, што прымушаюць. Я пайшоў забраць дакумент, і мне прапанавалі падпісацца за Лукашэнку. Гэта было на мінулым тыдні, у чацвер ці ў сераду», – кажа супрацоўнік Смаргонскага агрэгатнага заводу.

Наш суразмоўца не ведае чалавека, які прасіў распісацца за Лукашэнку, але кажа, што той працуе ў транспартным аддзеле.

«Гэта было пакуль што ў ветлівай форме. У нас усё «пакуль што». Набліжаецца невядома што. Я запытаўся, хто даў заданне. Адказалі, што прыйшло з райвыканкаму. На якой падставе, не ведаюць – вось увесь адказ. Колькі можна? Напрыклад, я не палітык, просты работнік, але надакучыла ўжо. Ужо колькі год усё адное і тое ж. Нават я, просты рабочы, мушу паехаць за мяжу, каб штосьці зарабіць. У нас немагчыма зарабіць, каб пражыць нармальна».

Аб’ектыў
Тыдзень да завяршэння збору подпісаў
2020.06.13 21:43

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрам і быту Смаргонскага агрэгатнага заводу Аляксей Арцёмаў пракаментаваў выпадак:

«Ніяк я гэта не пракаментую – гэта няпраўда. І яшчэ хачу сказаць, што парушэння заканадаўства ў нас на заводзе няма».

Мы датэлефанаваліся і да Уладзімера Сінкевіча, які выконвае абавязкі кіраўніка транспартнага аддзелу заводу:

«Я нікога не прасіў падпісацца за Лукашэнку, нават такой размовы не было. Мне такі прыказ не паступаў, нікога я не прасіў падпісаць лісты. Шчыра вам кажу, такіх фактаў не было».

Hавiны
Праваабаронцы: выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху
2020.06.15 12:01

Таксама мы патэлефанавалі ў райвыканкам кіруючай справамі Ірыне Маркевіч, каб запытаць, ці быў загад збіраць подпісы:

«Такога распараджэння як дакументу ўвогуле быць не можа. Я не ведаю, пра што ідзе гаворка. Вы ж самі разумееце, што афіцыйнае прыняцце такога распараджэння – гэта парушэнне заканадаўства. Ды і ўвогуле ані сэнсу, ані падставаў няма».

Кіраўніца аддзелу па ідэалогіі Ганна Джумкова два дні не магла з намі паразмаўляць: спачатку была на нарадзе, а потым не падымала слухаўку.

Аб’ектыў
Страшныя выбары
2020.06.15 23:22

Работнік заводу, які звярнуўся да журналістаў Belsat.eu, таксама паспрабаваў сам сабраць подпісы ў людзей, якім не падабаецца сітуацыя. Але за дзень ніхто не пагадзіўся.

«Не надта хочуць размаўляць. Я паехаў спецыяльна па цэхах. Кожны сыходзіць ад размовы. Не хочуць, хоць усе кажуць, што супраць. Калі жонка даведалася, што хачу распавесці, сказала, што не трэба. Але я ўвогуле не баюся. Колькі можна баяцца? Я гляджу ў інтэрнэце, што шмат якія людзі ўжо не баяцца. Без працы застанешся? Не застанешся. Звольняць? Нічога такога, калі галава ёсць».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў