«Надакучыла набываць прадукты ў крэдыт». Як прайшоў пікет дзеля падтрымання Ціханоўскай у Магілёве


Давераныя асобы Святланы Ціханоўскай правялі ў Магілёве пікет у яе падтрымку ўжо ў пяты раз. Увечары 2 жніўня перад Лядовым палацам панавала атмасфера спакою і лёгкасці. І гэта нягледзячы на апошнія заявы пра баевікоў у краіне. Адзінае, што змянілася – на пікеце з’явіліся супрацоўнікі міліцыі.

«Прыйшоў нецвярозы чалавек і замінаў нам праводзіць пікет. Мы звярнуліся да міліцыянта, каб той разабраўся ў сітуацыі. На што атрымалі адказ, што ён тут не для гэтага, а каб выбуху не было. Ён на пікеце адзін стаіць, як ён можа перадухіліць выбух?», – распавёў давераная асоба Святланы Ціханоўскай Уладзімір Шанцаў.

Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»

Насамрэч на пікеце міліцыянт, які адмовіўся справадзіць нецвярозага чалавека, быў не адзін. Як мінімум яшчэ адзін супрацоўнік праваахоўных органаў стаяў з другога боку Лядовага палацу. Той, другі, пры нас нават спыніў хлопца з фігурнымі канькамі, каб спраўдзіць, што ў таго ў руках. Акрамя гэтага ўсе пад’езды да месца пікету былі застаўлены патрулямі ДАІ, якія актыўна спынялі машыны. Разам з тым працавалі і людзі ў цывільным, якія праз дарогу ад пікету сачылі за падзеямі і нешта там сабе занатоўвалі.

Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Пост даі побач з лядовым палацам. Фота: «Белсат»

Пікету ў Магілёве папярэднічаў вялікі тур ініцыятыўнай групы па раённых гарадах: 1 жніўня яны наведалі Слаўгарад, Крычаў і Горкі. У кожным з гарадоў колькасць наведнікаў вагалася ад дзясяткаў да соцень, не стаў выключэннем і Магілёў – на пляцоўку ля Лядовага палацу прыйшло трошкі болей за сотню чалавек.

«Нам было вельмі важна паехаць па раённых гарадах, куды звычайна ніхто не даязджае. Не так істотна, колькі было на пікетах людзей, бо мы ведаем, што ўсе зацікаўленыя маглі пабачыць стрымы і навіны з пікетаў. Да нас у раённых гарадах падыходзілі людзі і выказвалі падзяку за тое, што мы да іх прыехалі», – кажа давераная асоба Святланы Ціханоўскай Таццяна Сівачэнка.

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Таццяна Сівачэнка.
Фота: «Белсат»

Ініцыятыўная група Ціханоўскай па Магілёўшчыне заўважна расце. Зараз у каманду ўваходзіць 4 дзясяткі чалавек. Сяргей, які займаецца бяспекай, адзначае, што колькасць людзей на пікетах – не паказнік. Маўляў, галоўнае, хто прагаласуе супраць Лукашэнкі. «На пікеты прыходзяць тыя, хто любіць быць у натоўпе, але шмат людзей не любіць тусавацца, яны зараз дома, займаюцца сваімі справамі, але галасаваць яны дакладна будуць супраць дзеючага кіраўніка краіны», – кажа Сяргей.

У гісторыю з баевікамі Сяргей не асабліва верыць, бо ў такім выпадку на пікетах было б болей міліцыі. «Дзяржава сказала, што пытанне бяспекі бярэ на сябе. Раз тут стаіць пара міліцыянтаў, значыць, дзяржава небяспекі не бачыць».

Ніякай небяспекі не бачылі і іншыя ўдзельнікі пікету. Людзі прыйшлі з малымі дзецьмі, з сабакамі, ніхто з іх не азіраўся і не чакаў ніякага падвоху.

Васіль Серакоў.
Фота: «Белсат»

Васіль Серакоў прыехаў на пікет на веламабіле, які ён зрабіў сам. Малады чалавек прыехаў на пікет з сынам, але тут ёсць ягоныя сябры і бацькі.

«Не ведаю, як маці даведалася, але гэта яна сказала мне пра пікет. Я ўпершыню сюды прыехаў, раней неяк не атрымлівалася. Я прыйшоў, бо асабіста мяне не задавальняе сітуацыя ў Беларусі – надакучыла набываць прадукты па карце «Халва». 20 год таму мае бацькі трошкі пабаяліся, і падумалі, што само неяк вырашыцца. Цяпер мая чарга змагацца з гэтым страхам і нешта змяняць. Бо калі гэтага не зраблю я, то са страхам прыйдзецца змагацца і маім дзецям», – сказаў Васіль. Ён прызнаўся, што на прэзідэнцкіх выбарах галасаваў толькі аднойчы, за Мілінкевіча. Але гэтыя выбары ні за што не прапусціць і абавязкова прагаласуе за альтэрнатыўнага кандыдата.

Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020.
Фота: «Белсат»

На роварах прыехала і пара пенсіянераў. Як высветлілася падчас гутаркі, яны на пікеце аказаліся выпадкова, проста праязджалі міма. Але хто такая Святлана Ціханоўскай ведаюць. «Кожны дзень мы катаемся каля гадзіны на роварах. Спыніліся, бо жанчына ў мікрафон нешта казала пра майго былога начальніка – Шорыкава, стала цікава. Увогуле за выбарамі было цікава сачыць напачатку, але пасля пайшла суматоха: адзін на аднаго гавораць, кампраматы кідаюць. Мы разгубіліся і захацелася прыйсці і выкрасліць з бюлетэня ўсіх. Самі мы хочам, каб жыццё ў Беларусі паляпшалася. Было б добра, каб той прэзідэнт, які будзе, паслухаў, што тут кажуць людзі і зрабіў высновы», – адказала жанчына.

Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»
Мітынг дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020. Фота: «Белсат»

Пенсіянеры на роварах паскардзіліся на тое, што ў свае 70 год яны вымушаны плаціць падатак на зямлю, хаця пенсіянерам закон дазваляе гэтага не рабіць. «Так атрымалася, што ў нас у доме акрамя нас прапісана мая дачка. Але пражывае яна ў свякрові. Зразумела, што там яе не спяшаюцца прапісваць. Мы мала таго, што сплачваем гэты падатак, які не мусім сплочваць, дык яшчэ і дапамагаем маладой сям’е. Мы прасілі адмяніць нам гэтую плату, але яны не пагадзіліся. Вось такія моманты нам не падабаюцца», – сказала жанчына, якая выпадкова аказалася на пікеце.

І ўсё ж такі большасць людзей на пікет прыйшла адмыслова. Калі са сцэны прагучаў заклік падыходзіць і разбіраць паштоўкі, улёткі, белыя бранзалеты, людзі з задавальненнем адгукнуліся. Бралі не толькі сабе, але і сябрам.

Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020.
Фота: «Белсат»

Акрамя традыцыйных на пікетах у падтрымку Ціханоўскай бел-чырвона-белага і чырвона-зялёнага сцягоў гэтым разам ля Лядовага палацу луналі Магілёўская харугва, сцяг Каталоніі і сцяг з выявай Чэ Гевары. «Мы дамовіліся ўсе прыйсці са сцягамі», – сказала Наталля Шамянкова, якая сама прыйшла з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым палатне. Наталля старалася не прапусціць ні аднаго пікету і, здаецца, у яе гэта атрымалася.

Наталля Шамянкова.
Фота: «Белсат»

«Я запрашала з сабой знаёмых, сяброў – ніхто не пайшоў, усе занятыя людзі. А мне важна папрысутнічаць, бо я хачу падтрымаць незалежныя выбары ў Беларусі. Мне нават не верыцца што такое можа адбыцца, але вельмі хочацца. Я хачу, каб усе людзі бачылі і каб улада таксама бачыла, што нас шмат. Калі я еду ў дызелі, працую на лецішчы, я размаўляю з людзьмі. І па маіх назіраннях, Лукашэнку падтрымлівае сапраўды меншасць – працэнтаў 40», – сказала Наталля.

Усіх прысутных давераныя асобы яшчэ раз папярэдзілі, каб прыходзілі галасаваць толькі 9 жніўня і пажадана пасля абеду.

Hавiны
«Людзі, слухайце сваё сэрца, і не слухайце тэлевізар!» Пікет дзеля падтрымання Ціханоўскай у Горках сабраў некалькі соцень чалавек.
2020.08.02 12:20

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў