Аляксандр Гелагаеў Надайце службе ў войску нацыянальны сэнс, а не спакушайце моладзь ільготамі

гісторык, вайсковы аглядальнік

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў адпраўляць студэнтаў у войска на канікулах, Мінабароны хоча ўвесці для тых, хто адбыў тэрміновую службу, ільготы пры паступленні ў ВНУ. Аднак гэта не дадасць моладзі ахвоты служыць і не палепшыць аўтарытэту беларускай арміі.

Чаму Беларусі патрэбная прызыўная армія?

Беларусь не можа ўтрымліваць дастатковую для паўнавартаснага ваеннага канфлікту добраахвотніцкую (найманую) армію – гэта занадта дорага і неэфектыўна. Да таго ж армію прафесіяналаў цяжка папаўняць у выпадку рэальнай вайны за незалежнасць – заахвоціць фінансава і хутка падрыхтаваць новага жаўнера з нуля ва ўмовах, калі сотні чалавек гінуць і робяцца калекамі кожны месяц ці тыдзень, яшчэ цяжэй.

З гэтых прычынаў Украіна, якая адмяніла ў 2013 годзе прызыў, у 2014-м была вымушаная вярнуцца да яго ў сувязі з вонкавай агрэсіяй і патрэбаю рэзка павялічыць нацыянальныя ўзброеныя сілы.

Беларускі дэсантнік прыносіць прысягу. Фота: vsr.mil.by

Такім чынам, Беларусь выкарыстоўвае сістэму, якая нядрэнна працавала апошнія 100–200 гадоў, а дзе-нідзе працуе і цяпер – у дзяржавах аналагічнага памеру: Фінляндыі, Ізраілі, Нарвегіі, Вугоршчыне, Балгарыі, Харватыі і гэтак далей.

Беларуская армія (каля 60 000 чалавек) кожны год набірае каля 20 000 прызыўнікоў, якія праходзяць вайсковае рыхтаванне, а пасля тэрміновай службы робяцца рэзервам, за кошт якога можна хутка нарасціць колькасць Узброеных сілаў пры пагрозе вайны.

Гэта, бадай, адзіны рэальны варыянт існавання беларускай арміі ў сучасных замежнапалітычных умовах. Аднак гэта не значыць, што сістэма пабудаваная якасна і працуе на належным ёй узроўні.

Людзей не хапае

У 2017 годзе намеснік начальніка Генеральнага штабу Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Шкірэнка заяўляў, што прызыўнікоў – проста не хапае. Вялікі адсотак патэнцыйных жаўнераў атрымлівае адтэрмінаванне для вучобы, з прычыны кепскага здароўя і сямейных акалічнасцяў.

Акрамя таго, хлопцам не хапае не толькі здароўя, але і матывацыі. «Я пачынаю размову з прызыўніком, а ён мне кажа пра тое, колькі ён можа зарабіць грошай за той час, калі будзе служыць у арміі», – распавядаў генерал. І ўжо тады вайскоўцы ды іншыя сілавікі прапаноўвалі ільготы і прэферэнцыі для тых, хто ўсё ж такі пойдзе на тэрміновую службу.

«Мы ўсе разам павінны падумаць, што трэба рабіць, каб малады чалавек на ўласнае жаданне ішоў служыць, каб яго не трэба было гнаць сілай у армію, у іншыя сілавыя структуры», – сказаў тады старшыня камісіі нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу генерал-маёр міліцыі Валянцін Міхневіч.

Не толькі прызыўнікі

Аднак беларусы не надта хочуць служыць і афіцэрамі – конкурс на большасць спецыяльнасцяў у Вайсковую акадэмію вельмі нізкі, прыкладна 1 чалавек на месца. Такія ж нізкія і ўступныя балы. З 400 балаў прахадны бал на спецыяльнасць «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» – 101, на «кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі» – 121, на «кіраванне падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння» – 144.

Курсанты Вайсковай акадэміі. Фота – «Белорусская военная газета»

Такім чынам, не толькі тэрміновая жаўнерская, але і афіцэрская служба ў беларускай арміі не прываблівае моладзь. А нізкі конкурс проста не дазваляе кіраўніцтву ўстановы адбіраць для беларускага афіцэрства самых адукаваных і здольных, што наўпрост уплывае на будучую баяздольнасць усіх Узброеных сілаў.

Для параўнання: ва ўкраінскай Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў конкурс прыкладна 2 чалавекі на месца. Гэта пры тым, што выпускнікі могуць трапіць у зону сапраўдных баявых дзеянняў з усімі магчымымі наступствамі.

Уступная кампанія ў Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў Украіны. Фота zik.ua

Адпаведна, маем справу не з праблемаю тэрміновай службы, а з нізкаю матывацыяй служыць у беларускай арміі агулам.

Вада ў рэшаце

Ільготы людзям, якія гатовыя рызыкаваць жыццём для абароны краіны, – нядрэнная ідэя. Аднак ільготы павінны быць ідэйна і лагічна аргументаваныя. Калі ў нас кожны здаровы чалавек і так мусіць служыць, дык за што ж яму ільготы даваць? Бонус за тое, што не парушыў закону, не стаў дэзерцірам, не даў нікому «на лапу» і адслужыў? Давайце тады ўсім, хто Крымінальнага кодэксу не парушаў, даваць ільготы.

Зноў жа, уявім, што здаровыя хлопцы законапаслухмяна адслужылі і атрымалі ільготы. Хто аказаўся дыскрымінаваны пры паступленні? Напрыклад, тыя, хто зноў жа законапаслухмяна праз хваробу ці іншую прычыну атрымаў вызваленне ці адтэрмінаванне. У выніку іх караюць, зніжаючы шанцы на паступленне, без ніякай віны з іхнага боку.

Фрагмент з культавага фільму «ДМБ»

Аднак наўрад ці знойдуцца такія ільготы, якія пераканаюць маладых людзей пайсці служыць на 1,5 года ў месца, дзе мінімум камфорту, не заробіш аніякіх грошай, павінен падпарадкоўвацца чужым загадам і можаш нават вярнуцца дахаты ў труне. Пры гэтым хлопцы не бачаць у ахвяраванні звыклым ладам жыцця ніякага асаблівага сэнсу.

Беларускія суды разглядаюць адразу некалькі справаў пра забойства і давядзенне да самазабойства маладых жаўнераў у арміі – а гэта не надта пазітыўная рэклама для тэрміновай службы. Асабліва калі мы ўлічым, што першапачаткова Міністэрства абароны спрабавала схаваць і замяць гэтыя злачынствы.

Аўтарытэт і сэнс службы, а не ільготы

У Ізраілі і ў Фінляндыі ёсць прызыў у войска, як і ў Беларусі. Аднак няма аналагічных праблемаў – не таму, што вайскоўцы атрымліваюць ільготы. На якія ільготы можна разлічваць там, дзе служыць тэрміновую службу пераважная частка мужчынаў і ладная – жанчын?

Проста сярэдні грамадзянін гэтых краінаў добра ўяўляе каштоўнасці сваёй незалежнай дзяржавы: моцнае нацыянальнае пачуццё. А гэта надае сэнсу войску, якое бароніць незалежную дзяржаву.

У сваю чаргу і генералы з афіцэрамі разумеюць, што яны – вызначальны інструмент для развязання найважнейшай агульнанацыянальнай задачы, і ставяцца да прызыўніка як да скарбу, які трэба выкарыстаць не як кавалак мяса, а навучыць найлепшым чынам, каб потым яшчэ дзесяцігоддзямі ён быў рэзервістам, а таксама на выбарах галасаваў за добрае фінансаванне сваёй арміі ды потым сваіх дзяцей і ўнукаў даверыў ёй.

Малады ізраільцянін са штурмавою вінтоўкаю на кірмашы. Фота Gali Tibbon/AFP/Getty Images

Ад службы ў арміі не вызваляюць студэнтаў – у Ізраілі ўсе служаць аднолькава. У выніку расце сярэдні культурны і адукацыйны ўзровень прызыўнікоў. Мінімізаваная дзедаўшчына:– маладых жаўнераў вучаць і кантралююць не старэйшыя ўзростам прызыўнікі, а прафесіянальныя сяржанты і прапаршчыкі. На выходныя жаўнер часта можа адправіцца адпачываць да бацькоў.

Пры гэтым не можа быць добрым войска без больш-меньш годнага фінансавання, якое дазваляе добра апрануць і ўзброіць жаўнера, а таксама максімум часу аддаваць баявому рыхтаванню і вучобе, а не дэматываванаму «фарбаванню платоў». Няхай кожны спрытны жаўнер у арміі будзе мець магчымасць ўсебакова фізічна ды інтэлектуальна развівацца: навучыцца добра страляць, біцца ў рукапашную, атрымае права на зброю і на кіраванне аўтамабілем, пройдзе курсы па беларускай мове і гісторыі краіны, камп’ютарнай грамаце і праграмаванні.

Фінскія жаўнеры падчас міжнародных вучэнняў у Латвіі ў 2015 годзе. INTS KALNINS/REUTERS

Адправіўшы студэнтаў на чарговую «бульбу» (у што амаль без варыянтаў пераўтворыцца ідэя «канікулаў у арміі») і даўшы ільготы, якія створаць новыя канфлікты сярод розных групаў моладзі, сучасных праблемаў беларускага войска не развяжаш.

Толькі сістэмнае, паслядоўнае і мэтанакіраванае стварэнне нацыянальна свядомай арміі, адказнай перад грамадствам, прывядзе да таго, што гэтае грамадства пачне з ахвотаю адпраўляць у армію сваіх сыноў і дачок.

Савецкі ідэйны маразм, які збольшага пануе ў беларускіх Узброеных сілах, як прызнаюць самі вайскоўцы, ніяк гэтай ахвоце не спрыяе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары