Сірыя збіла расейскі самалёт з 15 вайскоўцамі. Мінабароны РФ вінаваціць Ізраіль. (Аднаўляецца)

Абноўлена

Іл-20 – савецкі вайсковы самалёт-выведнік. Фота – Kirill Naumenko / Airliners

Увечары 17 верасня над Міжземным морам у 35 кіламетрах ад узбярэжжа Сірыі знік Іл-20, на борце якога знаходзіліся 15 вайскоўцаў. Пазней стала вядома, што яго збілі войскі супрацьпаветранай абароны Сірыі, аднак Расея ўсклала віну на Ізраіль.

Падчас прэс-канферэнцыі Уладзімір Пуцін патлумачыў гібель ІЛ-20 «ланцугом трагічных выпадковых абставінаў». Ён заклікаў не параўноўваць інцыдэнт са збіццём расейскага СУ-24 на мяжы Сірыі і Турцыі тры гады таму. Расейскі прэзідэнт выразіў спачуванні родным загінулых вайскоўцаў:

«Калі гінуць людзі, асабліва пры такіх трагічных абставінах, гэта заўсёды бяда. Бяда для нас усіх, для краіны і для блізкіх нашых загінулых таварышаў».


У расейскім міністэрстве абароны паведамілі, што «адзнака Іл-20 на радарах кіравання авіяцыяй знікла падчас атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сірыйскіх аб’ектах у правінцыі Латакія».

CNN са спасылкай на крыніцы ўва ўрадзе ЗША паведаміла, што самалёт збіла сірыйская супрацьпаветраная артылерыя, адбіваючы ракетны абстрэл з боку Ізраіля. Іншая крыніца пацвердзіла тэлеканалу, што Ізраіль атакаваў тэрыторыю Сірыі ракетнымі ўдарамі.

Іл-20 – гэта савецкі ваенны самалёт радыёэлектроннай выведкі. Такія самалёты выраблялі ў СССР з 1968 па 1976 гг. Іл-20 эксплуатуецца ВПС Расеі ў нашыя дні. Цяпер, сярод іншага, ён абсталяваны сістэмай спадарожнікавай сувязі для перадачы дадзеных у рэжыме рэальнага часу.

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашанкаў заявіў «Інтэрфаксу», што сірыйская СПА збіла Іл-20 праз дзеянні ізраільскіх пілотаў. Паводле яго слоў, чатыры самалёты F-16 ВПС Ізраіля, якія вечарам 17 верасня бамбілі сірыйскі горад Латакія, «стварылі небяспечную сітуацыю для надводных караблёў і паветраных судоў, якія знаходзяцца ў гэтым раёне».

«Прыкрываючыся расейскім самалётам, ізраільскія лётчыкі падставілі яго пад агонь сродкаў СПА Сірыі. У выніку Іл-20, у якога адлюстравальная паверхня на парадак больш эфектыўная, чым F-16, быў збіты ракетай комплексу С-200», – сказаў Канашанкаў.

Мінабароны РФ расцэньвае дзеянні Ізраіля як «безадказныя», «правакацыйныя» і «варожыя». У ваенным ведамстве таксама заявілі, што пакідаюць за сабой «права на адэкватныя дзеянні ў адказ Ізраілю».

Камандаванне авіябазы Хмеймім праводзіць цяпер пошукава-выратавальную аперацыю – і ўжо з’явілася першая інфармацыя пра яе вынікі: у 27 кіламетрах на захад ад Латакіі з вады паднялі фрагменты целаў вайскоўцаў і абломкі самалёта.

Ізраіль усклаў адказнасць на рэжым Асада

Удзень 18 верасня Ізраіль выказаў шкадаванне ў сувязі з гібеллю экіпажа расейскага самалёта Іл-20, збітага сірыйскімі СПА, піша The Jerusalem Post.

«Ізраіль ускладае поўную адказнасць за інцыдэнт на рэжым Асада, чыя армія збіла расейскі самалёт. Ізраіль таксама разглядае Іран і «Хезбалу» як саўдзельнікаў гэтай злашчаснай падзеі», гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ізраільскай арміі.

Вайскоўцы таксама падкрэслілі, што ізраільскія самалёты атакавалі ў Латакіі пункт, на якім Іран перадаваў зброю «Хезбале».

Будзе абнаўленне.

ДД/КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары