Начны «Славянскі базар» вачыма віцябляніна: «Хацелася знайсці трэшачок, але нешта пайшло не так»


З 16 па 19 ліпеня праводзіцца XXIX міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Акрамя канцэртнай праграмы ў Летнім амфітэатры існуе і святочнае жыццё ў самім горадзе. Паназіраць за ім і даць сваю ацэнку паспрабаваў мясцовы жыхар і наш карэспандэнт у Віцебску Віктар Старавойтаў.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Сёлета «Славянскі базар» праводзіцца ўжо ў 29 раз. Проста супадзенне, але мы з фестывалем аднагодкі. Скажу адразу: «Славянку» я не люблю. Я – гэта звычайны віцяблянін, які пражыў у горадзе ўсё сваё жыццё. Будзем шчырымі, мая нелюбоў да фэсту шмат у чым заснаваная на пачуццях і ўспамінах – а гэта даволі ненадзейныя рэчы. Але сёлета я вырашыў абстрагавацца і паспрабаваў стаць незалежным назіральнікам. Хаця і гэтая думка прыйшла да мяне не адразу.

За гэтыя ўжо амаль тры дзясяткі год мае адносіны да «Славянкі» даволі плаўна і неяк незаўважна для мяне мяняліся: ад прыемных успамінаў з дзяцінства – да лютай нянавісці ў больш сталым узросце. У нейкі час фэст проста перастаў радаваць і здзіўляць, а я ў адказ пачаў засяроджваць сваю ўвагу выключна на адмоўных момантах. А мінусы заўсёды можна знайсці, чым я паспяхова і займаўся апошнія некалькі год.

Прызнаюся, і ў гэты раз я паставіў сабе мэту прагуляцца па горадзе, паназіраць і знайсці што-небудзь такое… Карацей, хацелася знайсці трэшачок, раскрытыкаваць. Але нешта пайшло не так.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

І ноччу ёсць жыццё

Мае першыя ўспаміны са «Славянкі» звязаныя з дзяцінствам. Фестываль у малым узросце – гэта ў першую чаргу атмасфера: начны горад, многа колераў і святла, натоўп і пахі. Я выбіраю для апісання ноч, бо менавіта ноччу, на маю думку, фестываль па-сапраўднаму раскрываецца.

У дзяцінстве цэнтр гораду ноччу станавіўся пешаходнай зонай. Людзей на вуліцах было столькі, што часцяком на шырокай Замкавай вуліцы было не праціснуцца. Народ сядзеў паўсюль: на лавачках, на бардзюрах, на поручнях і проста на асфальце і траве. Усе нешта елі і пілі – тады гэта яшчэ не забаранялася законам. Відавочна, былі і адмоўныя бакі – усе навакольныя кусты пераўтвараліся на ноч у прыбіральні. Але ніхто не бязгрэшны, так бы мовіць. І ўвогуле, гэта ўспаміны з дзяцінства, а людзі іх ідэалізуюць. Не выключаю, што так раблю і я.

Свой пошук фестывальных «касякоў» я вырашыў правесці па ўмоўным коле: вуліцы Пушкіна, Талстога, Суворава, КДЦ, плошча Свабоды і амфітэатр. Для не мясцовых: усё гэта самы цэнтр Віцебску.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Вогненае шоў і тэхна

Каля помніка Пушкіну – натоўп. Людзі выстраіліся колам і эмацыйна за нечым сочаць. Спрабую праціснуцца і заняць зручнае месца. На пляцоўцы ладзіцца фаер шоў. Месца арганізатары выбралі максімальна цёмнае, полымя выглядае вельмі эфектна – настольки, што на некалькі хвілін я проста выпадаю з рэальнасці і моўчкі сачу за тым, што адбываецца. Успышкі святла адбіваюцца чалавечымі эмоцыямі, народ падтрымлівае фаершчыкаў, людзі свісцяць, уздыхаюць і нешта крычаць.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Як толькі дагараюць апошнія агні, за спінай са сцэны аб’яўляюць чарговае мерапрыемства: мясцовыя дзіджэі будуць граць ажно да другой гадзіны ночы. Моладзь радуецца, дзяўчаты пачынаюць танчыць.

Праз колькі метраў – чарговая лакацыя. Пушкінскі мост аблюбавалі вулічныя акторы. Анёлы, статуі, феі. Народ фатаграфуецца з імі.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

На вуліцы Талстога становіцца святлей. Зʼяўляюцца першыя бары, клубы і кавярні. Адначасова дзеюць некалькі імправізаваных пляцовак: грае жыўцом мясцовы гурт, маладзёны танчаць брэйк, а на ўскрайку вуліцы, абняўшы ліхтар, прыстае да людзей лепрыкон.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Пляцоўка для брэйк-дансу тут, бадай, самае эмацыйнае месца. Хаця пляцоўкай яе называю выключна ўмоўна. Хлопцы проста разаслалі на ходніку вялізны кавалак лінолеуму і пачалі выступаць. Грубая ацэнка аўтара – танцорам ад 15-ці да 18-ці год. Сваімі сіламі ды ў такім узросце хлопцы заводзяць натоўп і пакідаюць пасля сябе толькі найлепшыя ўражанні.

Далей па вуліцы выступае Віцебскі гурт «De Puta Madre Banda». Музыкаў таксама абступілі людзі: нехта проста слухае, іншыя – танчаць. Прызнаюся, іх музыка мне даспадобы, але тут навязваць не стану – кожнаму сваё. Адзінае расчараванне – выступленні жыўцом на вуліцы дазволеныя выключна да 23:00.

Фота + Відэа
У Віцебску адкрылі дошку з васільком у гонар Філіпа Кіркорава. Фотафакт
2020.07.16 19:01

Усё выглядае так, быццам гарадскія ўлады проста адпусцілі сітуацыю і дазволілі віцяблянам самім арганізаваць сабе свята. І яны з гэтым цудоўна спраўляюцца.

Вуліца Талстога плаўна пераходзіць у Суворава. Зноў становіцца цямней і адначасова цяплей. Атмасфера ўтульная і нечым нагадвае дамашнюю: людзі сядзяць у кавярнях, абняўшыся, гуляюць пары, дзеці сядзяць на плячах у бацькоў і шырачэзнымі вачыма разглядаюць усё навокал.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Кіно пад адкрытым небам

Пакідаю ваколіцы ратушы, пераходжу вуліцу Леніна і крочу па мосце тысячагоддзя ў бок канцэртнай пляцоўкі Віцебск. Былі часы, калі на «Славянку» тут ставілі асобную сцэну, на якой выступалі мясцовыя рок гурты. Пʼяная моладзь, слэм і новыя знаёмствы. Шчыра кажучы, цяпер гэтага асабліва не хапае. Перад самім будынкам КДЦ сёлета арганізавалі кінапаказы пад адкрытым небам. Экран, крэслы і айчыннае кіно пра вайну. Не ведаю, чым абумоўлены такі выбар фільмаў, але і гэтая пляцоўка знайшла сваю аўдыторыю. Такія фільмы не зусім пасуюць да свята, хоць для сямейнага прагляду таксама варыянт.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Плошча свабоды і парк

Дарога да наступнай кропкі ў маім маршруце цягнецца праз парк. Вузкія сцежкі ў паўцемры, над галавой шумяць дрэвы, унізе павольна цячэ рака. Яшчэ колькі метраў праз невялічкі мост – і я на месцы. Пляцоўка ля фантану ў парку Фрунзе адзначаецца цішынёй і спакоем. Тут можна спыніцца і крыху адпачнуць ад фестывальнага жыцця. Нехта робіць здымкі, іншыя проста гледзяць на ваду. Каб таксама не заснуць, я падымаюся наверх і выходжу наўпрост на плошчу Свабоды.

У ранейшыя часы гэтае месца лічылася цэнтрам гораду і фестывалю. Тут стаяла вялізная сцэна і гучала жывая музыка – бясплатная альтэрнатыва для тых, хто не патрапіў на канцэрты ў амфітэатр. З цягам часу на плошчы пачалі зʼяўляцца падворкі са столікамі, а жывую музыку замянілі выступленні псеўданародных ансамбляў. Цяпер тут не адбываецца нічога. Адноўленая сёлета плошча выглядае сумнай і бязлюднай.

Сэрца афіцыйнай часткі фестывалю

Літаральна праз дарогу знаходзіцца фінішная кропка ў маім маршруце – Летні амфітэатр. Менавіта тут праходзяць галоўныя канцэрты фестывалю, і менавіта тут я ніколі не быў за ўсе свае 29 год. Прычына простая – гэткая музыка не адпавядае майму густу. У момант майго візіту пляцоўка пустая – арганізатары фестывалю рыхтуюцца да чарговага начнога канцэрту.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Эпілог

Пачынаць сваё знаёмства з фестывальным Віцебскам лепш уночы. Рабіць гэта раю ў тыя дні, калі ў горадзе няма высокіх гасцей – думаю, вы зразумелі, на каго я намякаю. У такім выпадку вам не давядзецца прабірацца праз кардоны з міліцыяй, выцягваючы з кішэняў і сумкі ўсё да апошняй рэчы.

Сучасны фестывальны Віцебск уночы мяне прыемна здзівіў. Горад аказаўся максімальна рознабаковым і адначасова ўтульным. Нават самая патрабавальная асоба зможа знайсці куточак для сябе, які прыйдзецца па гусце. Галоўнае – не спыняцца на адным месцы і працягваць шукаць. Па сваёй культурнай праграме горад якасна вырас і, здаецца, жыхары і госці гораду таксама пачалі старацца адпавядаць гэтаму. Сустрэць сапраўды пʼянага чалавека ў натоўпе – лічы, выключэнне. А калі нехта і напʼецца – мае на гэта поўнае права. Жыццё ў чалавечым грамадстве складанае. Работа з 8-ай да 17-ай кожны будні дзень, няспынны рост цэнаў і чарговыя прэзідэнцкія выбары. А людзям проста хоча часам адпачнуць і забыцца пра ўсё гэта. Так было 29 год таму, так ёсць і цяпер.

Усё вышэй сказанае – мая асабістая пазіцыя. А вы, паважаныя чытачы, бывалі на «Славянцы»?

Hавiны
Кошт паднялі, а турыстаў няма. Як уладальнікі кватэраў не змогуць зарабіць на «Славянскім базары»
2020.07.16 18:32

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў