Начальніца ЗАГСу: Спадзяемся на грамадзянскую свядомасць жаніхоў і нявестаў!

Пандэмія не паўплывала на колькасць шлюбаў у Беларусі. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Ад сёння айчынныя аддзелы ЗАГС працуюць паводле новых правілаў. Увабралася ў моц пастанова Савету Міністраў № 305 «Аб захадах перадухілення распаўсюду інфекцыі, выкліканай COVID-19», якая, сярод іншага, прадугледжвае абмежаванне прысутнасці гасцей пры рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану да 10-ці чалавек. У размове з «Белсатам» начальніца аддзелу ЗАГС адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Ксенія Падліпская распавяла, наколькі новыя захады паўплывалі на працу ўстановы.

Ксенія Падліпская: «Насамрэч для нас гэта толькі афіцыйнае абмежаванне. Зразумела, што, у сувязі з сітуацыяй, якая зараз у краіне, даўно ўжо просім пары, каб яны абмяжоўвалі колькасць гасцей да 10-ці чалавек. Іншая справа, што раней гэта працавала на ўзроўні «будзьце ласкавыя, калі ласка», а зараз можам спасылацца на нейкі дакумент. Але беларускія вяселлі практычна ўсе адбываюцца ў класічным выкананні. Аднак 30 чалавек улетку – для нас гэта максімум. Таму што памяшканне невялікае, а атмасфера душэўная… А ўчора мы ўжо змясцілі ў Instagram інфармацыю для маладажонаў. І, зразумела, будзем арыентаваць усіх. Таму што пасля траўня, калі ўсе баяцца «маяцца», у нас будзе ўсплёск шлюбаў».

А як людзі рэагуюць на просьбы абмежаваць колькасць гасцей?

«У большасці сваёй людзі пагаджаюцца. Канешне, усе дастаткова напалоханыя сітуацыяй, таму на этапе, калі мы кажам, яны пагаджаюцца. Але ведаеце, калі прыходзіць вяселле ўжо «пад настроем», вось хаця б з практыкі гэтых выходных: маўляў, ой, а нас не дзесяць, а чатырнаццаць – таму што захацелі бабуля, бабуля сястры, дзед, мама жаніха, сястра мамы жаніха і г.д… Таму нават і не ведаю, як мы будзем дзейнічаць. Бо ўва ўсёй гэтай сітуацыі хочацца і захаваць урачысты момант, і не сапсаваць нікому настрою, і каб гэта было свята для ўсіх. Але прасіць, канешне ж, трэба. І як раз разлічваем на гэткую грамадзянскую свядомасць жаніхоў і нявестаў.

Год высакосны, але беларусы ў прыкметы не вераць. Ілюстратыўны здымак Pixaby

На вяселлях людзі апранаюць маскі?

За ўвесь гэты час у нас было толькі адно вяселле, дзе маладыя былі ў масках і пальчатках. Але мы ўжо і на ЗАГС павесілі абвестку: «Просім наведнікаў заходзіць у памяшканне ў масках!», каб трымацца агульнай салідарнасці. Натуральна, у ЗАГСе ёсць і антысептык, і магчымасць апрацаваць рукі. Рэгістратары працуюць не ў масках, таму што, у прынцыпе, памяшканне дазваляе захоўваць дастатковую дыстанцыю. Адным словам, у гэткай сітуацыі мы імкнемся максімальна захаваць і ўрачыстасць, і правесці яе элегантна, каб у маладых гэты дзень застаўся ў памяці назаўсёды не таму, што гэта не звычайны дзень перыяду COVID-19, а найлепшы дзень!

Ці ёсць план па шлюбах на сёлета?

На сёння ў нас 333 шлюбы сёлета ўжо зарэгістраваныя. Цікава што столькі ж было ў аналагічны перыяд летась. Хаця мы разлічвалі на меншыя лічбы, бо гэты год – высакосны. Думаю паўплывала паніка, якая зараз з’явілася ў грамадстве. Многія вырашылі ажаніцца не адкладаючы, бо незразумела, як будзе сітуацыя развівацца далей. Яны папераносілі запланаваныя на лета вяселлі на травень. Хаця і лета застаецца ў нас дастаткова запоўненае.

Валера Руселік Belsat.eu

Hавiны