Начальніка вайскова-медычнага ўпраўлення Мінабароны пакаралі 9 гадамі турмы за хабарніцтва


Аляксея Яськова суд прызнаў вінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Яго пакаралі 9 гадамі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пазбаўленнем звання палкоўніка медслужбы, штрафам 12 750 рублёў і канфіскацыяй маёмасці, паведамляе TUT.BY

Яськова затрымалі ў чэрвені 2018 года. Паводле версіі следства, за паспяховую здзелку па пастаўцы эндаскапічнага абсталявання ён атрымліваў ад кампаніяў 7% ад агульнай сумы, за ультрагукавое – 5%. Грошы перадаў дырэктар фірмы «Геол-М» Семянюк, у дачыненні да якога таксама распачата крымінальная справа – за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Агульная сума хабараў, як адзначана ў матэрыялах справы, складае 18 тысяч долараў.

Падчас следства Яськоў прызнаваў, што атрымліваў хабар, але на судзе заявіў пра сваю невінаватасць. У апошнім слове ён адзначаў, што абвінавачванне ў дачыненні да яго будуецца на паказаннях Семенюка, у якога, на думку Яськова, былі матывы яго агаварыць.

«Парадаксальная сітуацыя: чалавек, які абгаварыў мяне, які па завышаных цэнах пастаўляў абсталяванне ў Беларусь і ўхіляўся ад выплаты падаткаў, па адным артыкуле вызвалены ад адказнасці, а па другой чакае памілавання, бо кампенсаваў шкоду. Дзякуючы ягонай плённай дзейнасці бюджэт не атрымаў ад 3 да 4 млн долараў. А ягоныя даходы за кошт завышэння цэн на абсталяванне яшчэ вышэй. І гэты чалавек нават не паўстане перад судом. А я, які спрабаваў гэтаму супрацьстаяць, знаходжуся ў СІЗА КДБ. З 2015 года я знаходзіўся ў аператыўнай распрацоўцы.

Вайсковая контрвыведка вядзе галосны і негалосную кантроль за ўсімі вайскоўцамі, асабліва кіраўнікамі, правярае ўсе буйныя пастаўкі. Пераважная колькасць пастаўшчыкоў прайшлі праз калідоры КДБ, многія з іх да гэтага часу ў СІЗА. Ніхто з іх не сказаў, што даваў мне хабар, ніхто не ўзяў грэх на душу, акрамя Семенюка. Досыць знайсці аднаго падлюгу, што дзеля выратавання сваёй шкуры гатовы агаварыць чалавека. Страшна працаваць на кіруючых пасадах, бо на маім месцы можа апынуцца любы кіраўнік», – заявіў абвінавачаны.

Аднак суд палічыў, што віна Яськова даказаная ў поўным аб’ёме, і, як і патрабаваў пракурор, прысудзіў яго да 9 гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас Мінабароны, указаўшы на неабходнасць павысіць кантроль пры правядзенні дзяржзакупак.

КА belsat.eu

Стужка навінаў