Начальнік ААЦ пра блакаванне сайтаў: «У нас няма паўнамоцтваў што-небудзь забараняць»


Начальнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка, які раней узначальваў службу бяспекі прэзідэнта, даў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня».

Паўлючэнка сказаў, што ААЦ зʼяўляецца «незалежным рэгулятарам рынку тэлекамунікацый». Паводле яго словаў, задачы цэнтру на бліжэйшы час – «быць на крок наперадзе кіберзлачынцаў і не адставаць ад тэндэнцый у сусветных IT-тэхналогіях».

Андрэй Паўлючэнка, фота sb.by

«Будзем працягваць уносіць пасільную лепту ў працэс стварэння лічбавага ўрада на базе адзінай рэспубліканскай платформы перадачы дадзеных. Зараз намі ствараецца пляцоўка, каб перавесці ўсе дзяржорганы ў зручны фармат зносін паміж людзьмі і дзяржавай. Любы чалавек, зайшоўшы ў свой асабісты кабінет на дзяржаўным рэсурсе, атрымае ўсю вычарпальную інфармацыю па пытанні, якое яго цікавіць, уключаючы розныя даведкі і дакументы.

На думку чыноўніка, гэта дапаможа знізіць карупцыйныя рызыкі, бо карупцыя, «як іржа, разʼядае ўвесь дзяржаўны арганізм».

«Мы, вядома ж, разам з калегамі з іншых праваахоўных органаў знаходзімся ў эпіцэнтры барацьбы з ёй. Канкрэтна ААЦ засяроджаны на супрацьдзеянні карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады. Шырокай грамадскасці не магу распавесці пра нашыя метады, але магу вас запэўніць, што гэтую барацьбу мы вядзем досыць паспяхова », – сказаў ён.

Распавядаючы пра кіберпагрозы, Паўлючэнка адзначыў:

«У апошні час зʼяўляецца адчуванне, што стварэнне хакерскіх каманд выразна каардынуецца нейкім цэнтрам. І не адным. Гэта меркаванне складваецца з ацэнкі метадаў работы гэтых груп, абʼяднаных, верагодна, адзінай задачай – узламаць нашы сістэмы абароны».

Акрамя таго, начальнік ААЦ заявіў, што ў цэнтра няма паўнамоцтваў што-небудзь забараняць.

Hавiны
У Міністэрстве інфармацыі патлумачылі, чаму заблакавалі «Хартыю’97»
2018.01.25 09:58

«Часта пазначалася, што «ААЦ закрыў сайт, заблакаваў рэсурс..».. Гэта абсалютная няпраўда! У нас няма паўнамоцтваў што-небудзь забараняць. Мы забяспечваем стабільную і надзейную працу сетак і базаў дадзеных, зʼяўляючыся, хутчэй, інжынерамі і архітэктарамі нацыянальнага сегмента інтэрнэту. Так, мы маем права накладаць адміністрацыйнае спагнанне на ўладальнікаў крытычна важных абʼектаў інфармацыі за невыкананне патрабаванняў па бяспечнай эксплуатацыі іх інфармацыйнай інфраструктуры».

Перад накладаннем такога спагнання праводзіцца тлумачальная праца, сказаў Паўлючэнка.

У Беларусі блакуюць сайты не толькі з экстрэмісцкім кантэнтам, але і сайты незалежных СМІ. Гэтак здарылася з папулярнай «Хартыяй-97», блакуецца і «Беларускі партызан» на дамене.org. Таксама вядомыя выпадкі, калі ў час масавых акцый пратэсту некаторыя сайты проста «клаліся» пры дапамозе хакераў.

Гарачы каментар
«Беларускі партызан» заблакавалі. Хто наступны?
2017.12.15 21:04

Рашэнні аб блакаванні прымае Мінінфарм, але яны могуць праводзіцца ў пазасудовым парадку і без папярэджання. Пры гэтым невядома, хто канкрэтна з дзяржаўных органаў ажыццяўляе блакаванне.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў